— Школу? — прыбіральшчыца спынілася.— Навошта вам? Таксама прыдумалі... Ідзіце, ідзіце адсюль, гуляйце! То вас сілком у школу не эагоніш, а то сярод лета прыдумалі...
Яшчэ пабадзяліся па вуліцах. Спусціліся да ракі.
— Калі ведаеш, што гэты Курт сюды лазіць,— сказаў Чэсь, паказваючы на схаваны ў голлі будан,— дык самому неахвота ў яго залазіць.
І сапраўды, у будане было цемнавата, сыра, неяк няўтульна.
Чэсь быў сярддзіты сёння. Яго нібы ўвесь час падмывала даказаць і сабе, і Змітраку, што яны роўныя з Міхалам, у іх такія ж правы на пощукі скарбу, як і ў яго. Падумаеш, забраўся ў хлеўчык, падслухаў «геолагаў»! Проста пашэнціла.
Чэсь разгарнуў сшытак, узяў аловак, задумаўся.
— А Міхал сказаў...
— Ды што ты з гэтым Міхалам! Я сам сабе Міхал! — і напісаў: «раздабыць копію бяросты, якая знаходзіцца ў шафе, што стаіць у кутку школьнага калідора».
Каб Чэсь ведаў, якую шкоду гэты запіс прынясе ўсёй кампаніі, ён, вядома, цяпер не пасміхаўся б так задаволена:
— Хай пашукае!
Усё, больш не было чаго рабіць. Часу многа — а толку?
— Хадзем паабедаем, а там відаць будзе,— сказаў Чэсь.
Толькі Зміцер увайшоў у свой двор, як ззаду пачуўся свіст. Ляціць Чэсь:
— Настаўніца прыехала! Не будзем траціць час, пазней паабедаем — бо раптам яна зноў кудысь знікне?
Раздаел 27. НАСТАЎНІЦА
Худзенькая, ростам не вышэй за хлопцаў, настаўніца была зусім не падобная на вясковую пенсіянерку. У сінім спартыўным касцюме, у кедах, на галаве — прычосказавіўка. Толькі змаршчыністая шыя, вузлаватыя спрацаваныя пальцы, ды яшчэ бялёсыя, бы стомленыя жыццём вочы, што запытальнастрога ўставіліся на хлопцаў, выдавалі, колькі гэтай жанчыне на самай справе гадоў.
У меншай хаце, дзе стаялі ў парозе хлопцы, было чыста, светла і пахла чамусьці бальніцаю. Завешаная фіранкамі печ, пабеленыя сцены, вышараваная падлога. З мэблі — толькі тумбачка, стол каля шырокага акна і тры табурэткі. Над сталом — два чорнабелыя партрэты, Леніна і Машэрава.
Не эапрашаючы хлопцаў, настаўніца прысела сама, падперла галаву кулачкамі.
— Я слухаю вас, — сказала строгім і разам з тым прыемным, як умеюць толькі настаўнікі, голасам.
Чэсю раптам здалося, што яго выклікалі да дошкі, а ён зусім не ведае ўрока. Страсянуў галавою, каб прагнаць гэтую ілюзію, набраўся рашучасці:
— Нам сказалі... вы можаце памагчы па гісторыі...
Настаўніца здзівілася, аж пляснула ў ладкі:
— Я?! Па гісторыі? Вось сапраўды гісторыя... Дзесяць гадоў нікому не трэба была — а тут... А ў школе вам не могуць памагчы па гісторыі?
— Там толькі шафа,— чамусьці вінавата адкаэаў Чэсь.— А ў шафе — тонкая папка.
— Значыць, дажыліся. «Перабудаваліся». Цяпер і Ірына Леанідаўна спатрэбілася. Вядома, пры Ірыне Леанідаўне была не шафа з папачкаю, а такі краязнаўчы куток, што нават з Мінску людзі прыязджалі, хвалілі... Вядома, вам цяпер трэба да Ірыны Леанідаўны!
— А дзе жыве гэтая Ірына Леанідаўна?— ляпнуў раптам Змітрок.
Чэсь аж закашляўся. Настаўніца звузіла вочы:
— Не зразумела.
Змітрок наіўна паўтарыў:
— Ну, гэтая Ірына Леанідаўна, пра якую вы ўвесь час згадваеце, дзе яна жыве?
— Ірына Леанідаўна — гэта я,— ледзяным голасам адказала настаўніца.
Так усё сапсаваць! У Чэся свярбелі кулакі. Цяпер яму хацелася толькі аднаго: хутчэй выйсці на вуліцу і спагнаць на Змітраку злосць.
А той, як ні ў чым не бывала, ветліва паправіўся:
— Прабачце, Ірына Леанідаўна. Я не мясцовы і не ведаю тутэйшых настаўнікаў.
Хлопцы сабраліся выходзіць.
— Пачакайце,— змякчэла настаўніца.— Вы нават не сказалі, што вы хацелі.
— Копію бяросты, знойдзеную пры раскопцы,— сказаў Чэсь. І, спахапіўшыся, дадаў: — Не назаўсёды, толькі паглядзець!
— Так я і ведала! — усклікнула настаўніца.— Гісторыяй у нас пачынаюць цікавіцца толькі тады, калі з гэтага можна мець нейкую выгоду, калі грашыма запахне. І што за часы такія насталі? Амаль сорак гадоў я вучыла дзяцей, а цяпер, можа, вы, маладыя людзі, растлумачыце мне: што адбываецца ў свеце?
«Маладыя людзі» не ведалі. Яны моўчкі стаялі ў парозе. Ірына Леанідаўна паднялася, расчыніла дзверы ў другую, большую палавіну хаты:
— Прашу вас.
Хлопцы зайшлі і ахнулі. Яны нібыта патрапілі ў музей.
Уздоўж усёй глухой сцяны цягнуліся палічкі, застаўленыя і заваленыя самым розным дабром. На адной паліцы — посуд з пацямнелай гліны, горшчыкі, місы, гладышы, цэлыя і пабітыя, і нават проста чарапкі... На другой — каменьчыкі, меншыя і большыя, гладкакруглыя і вышчарбленыя, шэрыя, белыя, жоўтыя, блакітныя, з зіхоткімі ніткамі на разломах... На трэцяй паліцы — ссохлыя пучкі розных кветак, траў, лісця... Цяпер хлопцы зразумелі, адкуль у хаце гэты пах бальніцы.