Выбрать главу

На ўвесь прасценак, ад акна да акна, красавалася карта Беларусі. Усе шэсць абласцей былі размаляваны кожная ў свой колер.

Настаўніца падышла да паліцы з кнігамі, выцягнула з­паміж кніг нейкі тоўсты сшытак. Пагартала яго, тады раптам схапіла за «карэньчык» і патрэсла. Са сшытка вылецеў ліст паперы і, марудна кружачыся, пачаў апускацца на падлогу. Настаўніца спрытна падхапіла яго яшчэ ў паветры.

— Вось ваша копія бяросты. Вазьміце. І не думайце кепскага пра Ірыну Леанідаўну...

Няўжо ўсё так будзённа?! Чэсь асцярожна, нібы ліст мог рассыпацца, узяў яго і адразу ўпіўся ў яго вачыма:

— Што вы, як можна,— прамармытаў ён, не хаваючы радасці.— Дык мы пайшлі... пайшлі, Змітрок!

Ён адступаў да дзвярэй і цягнуў за сабою сябра. Але Змітрок нечакана праявіў самастойнасць:

— Пачакай, адпусці мяне. Вялікі дзякуй вам, Ірына Леанідаўна,— ветліва сказаў ён.— Вы нас так выручылі!

— Нічога, мне не шкада. Вы добра ведаеце гэтую гісторыю з талерамі і з бяростаю?

— Ведаем, ведаем... Пайшлі, Зміцер!

— Тады вы павінны ведаць і тое,— спакойра працягвала настаўніца, бы не заўважаючы Чэсевага нецярпення,— што, каб адшукаць гэты самы «КЛАД», патрэбны ўсе тры манеты. Без іх копія бяросты — звычайная паперка, не больш...

— Мы ведаем, Ірына Леанідаўна! Пайшлі, Зміцер!

— Ды пачакай ты. Скажыце, Ірына Леанідаўна, як да вас патрапіла гэтая копія?

— Гэта вас не тычыцца,— у голасе настаўніцы раптоўна зноў з'явіліся халодныя ноткі.

— Прабачце,— падаўся назад Змітрок.

— А зрэшты...— Ірына Леанідаўна прыкрыла на міг далоняю вочы, нібы ўспамінаючы штось вельмі даўняе.— Зрэшты, вялікай тайны тут няма. Да мяне чамусьці рэдка хто заходзіць, і раз вы прыйшлі і цікавіцеся гэтым... Да вайны ў мяне быў блізкі сябар. Мы разам вучыліся ў педагагічным тэхнікуме. Пасля перапісваліся... Я працавала тут, настаўніцаю, а ён — у Мінскім архіўным музеі. Ад яго я і пачула гісторыю з талерамі, ад яго атрымала копію бяросты і апісанне, як выглядаюць дзве манеты...

Чэсь са Змітрам у адзін голас усклікнулі:

— Дзе?! Дзе гэтае апісанне?

— Усё загінула ў час вайны,— адказала Ірына Леанідаўна.— Школа гарэла... дый увогуле — вайна! — тут не да краязнаўства. Толькі гэтая копія і засталася.

— Аднак у вас тут цэлы музей,— заўважыў Чэсь, паказваючы на паліцы.

— Усё гэта збіралася пасля вайны. Быў час, была маладая, кожнае лета з мужам выпраўляліся ў вандроўку, абхадзілі ўсю Беларусь. Няма такога раёна, дзе б мы не пабылі. Вось, да прыкладу... — Ірына Леанідаўна ўзяла з паліцы звычайны шэры камень,— вось славуты мікашэвіцкі граніт. Хто б мог падумаць, што ў нас цэлыя залежы гэтага граніту? А цяпер паў­Еўропы яго купляе, усё Мінскае метро ім выкладзена...

— Прабачце,— перабіў Змітрок,— вы сказалі — з мужам? Гэта той самы... ваш сябар?

— Не, не той,— коратка адказала Ірына Леанідаўна.

— Ваш сябар... загінуў?

— Горш.

Хлопцы пераглянуліся.

— Пры немцах ён не эвакуіраваўся,— патлумачыла настаўніца.— Не паспеў. У яго была ўжо сям'я, ён вымушаны быў яе карміць. Працаваў у Мінску. Пасля вайны яго арыштавалі як ворага народа і, здаецца, прысудзілі да вышэйшай меры... І я спалохалася, бо была блізка знаёмая з ім. Я знішчыла ўсе пісьмы ад яго, фотакарткі, на якіх мы былі разам... А пры Хрушчове яго рэабілітавалі. Ён быў, аказваецца, ні ў чым не вінаваты. Вось тады мне зрабілася сорамна і балюча, як ніколі ў жыцці; я зразумела, што пабольш бы такіх «ворагаў», дык народу і сяброў не трэба...

Старая настаўніца правяла хлопцаў на двор.

— А можна яшчэ адно пытанне? — сказаў Чэсь.— Чаму вы не здадзіце свае экспанаты ў школу? Хай бы ўсе глядзелі.

— Каб у хуткім часе ад гэтых экспанатаў засталася адна шафа з запыленай папкаю? Тут больш надзейна. Я нічога ні ад кога не хаваю. Вось вы захацелі, прыйшлі — і атрымалі, што вам трэба было. І кожны так можа.

Раздзел 28. У ГОРАДЗЕ

У гэты самы час Міхал на гарадскім паштамце размаўляў па тэлефоне з Аксанаю. Кабінка была ізаляваная. Міхал не баяўся, гаварыў гучна. Адно стараўся не расцягваць, каб хапіла грошай, гаварыў амаль «тэлеграфным стылем»:

— Аксана, прывітанне, гэта не геолагі, а твае «чэрвеньскія знаёмыя», яны ведаюць твой адрас, беражыся сама і глядзі талер! Бабуля цябе не дачакаецца, калі прыедзеш? Калі, кажу, прыедзеш?

Адказ уразіў яго. Бестурботны, вясёлы голас: