— Міхал, перадай бабулі, што прыеду хутка, адразу, як Каця выздаравее!
— Пры чым тут зноў Каця? Ты хіба доктар?
— Міхал, як ты можаш? Мы разам з ёю прыедзем.
Галоўнае, не было часу ні пакрыўдзіцца, ні абдумаць усё гэта.
— Ты была ў архіве?
— Пакуль не. Толькі не злуй, усё будзе добра. Тата заўтра едзе ў экспедыцыю, ён напісаў запіску ў архіў, мяне пусцяць туды. А вы як гуляеце?
— Аксана! — закрычаў Міхал.— Што ты гаворыш, якія гулянні?! Я знарок тэлефаную, каб папярэдзіць цябе: беражыся! Абяцай, што не будзеш трымаць пры сабе манету!
— Добра, не хвалюйся. Тата заўтра едзе, і я буду хыць у Каці, пакуль яна выздаравее. Тады яе бацька прывязе нас машынаю ў Паплавы.
Толькі недаўменне было на душы пасля гэтай размовы. Ізноў нейкая Каця!.. І Аксана — весяліцца, нібы дзіця, нібы не разумее нічога...
Разам з тым Міхал не мог не прызнаць, якая значная роля Аксаны ва ўсёй гэтай гісторыі. Дзяўчынка павінна зрабіць больш, чым яны ўсе разам узятыя: неяк раздабыць і прывезці сюды два талеры і копію бяросты.
Міхал выйшаў з паштамта. Так і не распагодзілася. Пахмурна, над горадам нізкія хмары, нават, здаецца, патроху пачынае накропваць дожджык. Трэба хутчэй вырашаць усе справы і вяртацца дамоў. Міхал з'арыентаваўся, у якім баку вуліца, на якой размяшчаецца краязнаўчы музей. Змітрок казаў, недалёка ад паштамта. Горад невялікі, тут амаль усе «важныя» будынкі лепяцца каля цэнтральнай плошчы. Не, лепш не траціць дарэмна часу, трэба спытацца ў кагосьці.
Побач, на лаўцы ля аўтобуснага прыпынку, сядзелі нейкія мужчыны. Гучна размаўлялі, курылі... Да такіх лепш не падыходзіць. На другім баку плошчы быў блакітны кіёск «Марожанае». Лепш спытаць у кіяскёркі.
Міхал перасёк круглую брукаваную плошчу, і калі наблізіўся да кіёска, убачыў каля яго хлопчыка і дзяўчынку прыкладна сваіх гадоў. Яны куплялі марожанае. Дзяўчынка была крыху падобная на Аксану, толькі чарнявая, у сіняй сукеначцы, з белым касніком на галаве. Высокі хлопчык — у паношаным трыко, абвіслым на каленях, у стаптаных кедах на босую ногу. Ён непрыязна праз плячо зіркнуў на Міхала.
Гэта былі мясцовыя, гарадскія дзеці (пахатняму апранутыя — значыць, жывуць непадалёку), таму Міхал і звярнуўся да іх «пагарадскому» — паруску:
— Скажите, как пройти к краеведческому музею?
Хлопчык аблізаў квадрат марожанага, яшчэ раз непрыязна агледзеў Міхала.
— Вярніся назад да паштамта, завярні за вугал,— сказаў ён,— убачыш шпіль. Там твой музей. Толькі цяпер ён на рамонце.
У Міхала аж адвісла сківіца. Ва ўсе вочы ён глядзеў на хлопчыка. Гарадскія, чыста пабеларуску — ніяк не ўкладвалася ў галаве...
— Табе паўтарыць? — адставіўшы руку з марожаным, бо з яго капала, спытаў хлапчук.
Дзяўчынка засмяялася:
— Яму, відаць, перакладчык патрэбен! Вернись на ту сторону, за углом увидишь шпиль — пику такую. Там музей.
Аблізваючы марожанае, яны пайшлі, як ні ў чым не бывала, па вуліцы. Нават не азірнуліся на Міхала. А таму карцела пабегчы за імі следам, пазнаёміцца, распытаць... Хто яны, дзе вучацца?..
Але абдумаўся: навошта? Хай так і застаюцца незнаёмымі. Што ў гэтым, урэшце, дзіўнага? Раз людзі жывуць у Беларусі, значыць, і размаўляюць пабеларуску. А хіба ён, Міхал, або Чэсь у школе на ўроках не адказваюць на чыста беларускай мове? Адказваюць. І ніхто з гэтага не дзівіцца. Вось толькі на вўліцы, паза сценамі школы... «Рэбята, зачэм драцца?..» «Чэсь, хадзі сюда, раскажу адну вешч»... Жахліва! Аксана мінская, а і то размаўляе чысцей за іх, лічы, вясковых.
«Прыедзе Аксана, трэба будзе дамовіцца размаўляць так, як гэтыя гарадскія дзеці — на чыстай роднай мове» — падумаў Міхал.
Ён нават не падазраваў, што пазней менавіта гэты эпізод стане галоўным для разгадкі гісторыі з талерамі.
Раздзел 29. УЧАСТКОВЫ
Краязнаўчы музей, аднапавярховы будынак з чырвонай цэглы, быў увесь абплецены рыштаваннямі. На дзвярах шыльда: «Рамонт» і вялікі замок. Ні на рыштаваннях, ні вакол не было ніводнага чалавека. Міхал, здзіўлены, пайшоў у абход будынка. Пад нагамі хрупала пабітая цэгла, аскепкі шкла, зацвярдзелыя цэмент і вапна. І тут нікога. Зараснікі крапівы і татарніку, побач — сляды чалавечых нечыстотаў. Міхал гідліва паморшчыўся.
Выйшаў зза вугла, з другога боку музея... і раптам аслупянеў, а тады хутчэй назад, за вугал. Каля ганка стаяла цёмнасіняя машына «геолагаў». Лысы з Севам прагульваліся побач, задраўшы галовы, разглядалі рыштаванні.
— З такімі музеямі,— начуў Міхал голас Севы,— няма чаго здзіўляцца, што дзвесце гадоў золата знайсці не могуць!