— Так, гэты рамонт надоўга,— пацвердзіў лысы.
Сэрца ў Міхала забарабаніла, як і тады, у хлеўчыку. А што, калі яны зараз надумаюцца таксама пайсці ў абход? Куды яму ўцякаць? Ззаду высокі плот, злева глухая сцяна, уперадзе — вуліца, адразу ўбачаць, дагоняць... «Няшчасныя выпадкі кожны год бываюць!» — успомніў ён словы лысага і пахаладзеў.
Але ў «геолагаў», відаць, не было часу.
— Паехалі! — сказаў лысы.— Цяпер толькі школа застаецца.
— Школа. А не атрымаецца — патрасём Павука!
Ляснулі дзверцы машыны, загурчэў матор. Паехалі.
Міхал выцер з ілба халодны пот. «Што ж мне так шэнціць на сустрэчы з імі? Хоць што: адну справу робім, адно і тое шукаем, па адных мясцінах ходзім...»
Калі Міхал рэйсавым аўтобусам вярнуўся ў Паплавы, пайшоў дробны дождж. Усё неба было зацягнутае хмарамі, шэрае, без прасвету. Міхал забег да бабулі Ганны, перадаў, што Аксана хутка прыедзе. Самому не цярпелася хутчэй сустрэцца з хлопцамі, расказаць апошнія навіны. Але дождж узмацніўся, тады паліў як з вядра. Калюжыны пеніліся бурбалкамі, якія не лопаліся,— пэўная прычына, што непагадзь надоўга.
Так Міхал нікуды і не пайшоў. Прасядзеў увесь вечар дома, чытаў, глядзеў тэлевізар. А назаўтра раніцаю, гадзін у восем, яго разбудзіў чужы мужчынскі голас на кухні і стук цяжкіх ботаў аб палавіцы. Бацька на працы — хто гэта можа быць? Міхал ускочыў, хуценька апрануўся. Толькі паспеў зашнураваць красоўкі, як дзверы адчыніліся, увайшоў участковя ў форме, а следам — устрывожаная спалоханая маці.
— А, не спіш? — сказаў участковы, грузны сівы дзядзька. Прысеў на табурэт, уставіўся ў Міхала: — Дзе быў сёння ўночы?
— Спаў. А што?
«Дзед Макар данёс пра «тэлевізар»!» — мільганула думка.
— Спаў ён, праўда! — заступілася маці. — Я магу пацвердзіць!
— А сябры твае?
— Якія сябры?
— Не прыкідвайся — я задаю пытанні! — павысіў голас участковы.— Чэсь і гэты гарадскі, Зміцер. Што яны ўночы рабілі?
Міхал, які перш не на жарт спалохаўся, асмялеў. Ды якое ён мае права? Маці стаіць, а ён рассеўся тут. Голас яшчэ павышае...
— Ідзіце спытайцеся ў іх,— смела падняў ён вочы.— А я іх не бачыў з пазаўчарашняга дня. Я ў горад ездзіў, любы можа пацвердзіць.
Участковы падняўся:
— Хадзем са мною.
—Што ж гэта робіцца?!— замітусілася маці.— Куды вы яго? Я не пушчу!
— Не бойцеся, сядзіце дома. А яго забяру,— цвёрда сказаў участковы.— Мне патрэбна правесці адзін эксперымент.
Маці накінула куртачку, выскачыла следам за імі.
Раздзел 30. ЭКСПЕРЫМЕНТ СЛЕДЧАГА
Уночы дождж скончыўся. Цяпер пахла ранішняй свежасцю. Платы, трава, дрэвы — усё было мокрае. Пясок прыставаў да падэшваў. Але Міхалу было не да гэтага. Куды яго вядуць, бы злачынцу? І маці, бедная, ззаду... Добра, хоць вуліца пустая.
Затое каля школы ўжо стаялі чалавек колькі. Міхал яшчэ здалёк пазнаў Чэся, Змітрака, Чэсеву маці, прыбіральшчыцу цётку Ніну...
— У школу лазіў уночы? — ціха спытаў участковы.
Вось яно што! Цяпер Міхалу ўсё было ясна. «Але пакуль ні слова, маўчы!» — загадаў ён сабе.
— Думайце што хочаце.
Перад участковым усе расступіліся. Прыціх гоман. Міхалава маці павіталася, ёй адказалі, апрача Чэся са Змітрам. Тыя баяліся адарваць ад долу вочы.
Участковы агледзеўся:
— Эх, натапталі!.. Прасіў жа і блізка да сцяны не падыходзіць. Цяпер слядоў не знойдзеш.
— А ніякіх слядоў і не было,— сказаў Змітракоў бацька, якога Міхал адразу і не заўважыў. Такі ж, як і сын, чысценькі, акуратны. У касцюме з гальштукам, у акулярах, з бародкаю, стаіць сабе збоку, бы яго нічога і не тычыцца.— Якія сляды могуць быць пасля такога дажджу?
Участковы скоса на яго зірнуў.
— Я вас тут усіх сабраў,— сказаў участковы,— каб паведаміць наступнае. Сёння ўраніцы прыбіральшчыца, вось гэтая цётка Ніна, што сярод нас знаходзіцца, заявіла мне, што ўночы хтосьці лазіў у школу. Вунь праз тое акенца, над дзвярыма,— участковы паказаў на акенца на вышыні метры два з паловаю ад ганка.— Шыбку, адразу відаць, выцягвалі. Пакуль невядома, што ўкралі ў школе. Вось зараз гэта і высветлім.
— У пасёлку поўна дзяцей,— і зноў умяшаўся Змітраў бацька.— Чаму вы падазраяце нашых?
— Вы, грамадзяніи, як я пагляджу, дужа нецярплівы. Усяму свой час. Ніна,— звярнуўся ўчастковы да прыбіральшчыцы,— раскажы, што было ўчора?
— А што ўчора? Іду, нясу вядро з вадою. А яны стаяць каля школы, вось гэтыя, Чэсь і ... не ведаю, як завуць, і кажуць: «Адчыніце нам школу».
— А вы?
— Насварылася на іх. То, кажу, сілком не загоніш, а то ўлетку школа вам трэба...
Міхала аж трэсла ад злосці. Казаў жа, прасіў — не лезьце самі нікуды!..