— Ах ты, гад,— Чэсева маці шмарганула сына за вуха.— А я была паверыла! Ты ж быў увесь вечар дома — калі ж ты паспеў?
— Не лазіў я нікуды,— панура сказаў Чэсь, паціраючы вуха.— Пра школу пытаўся ў цёткі Ніны, а не лазіў.
— Я свайму сыну веру,— сказаў Змітракоў бацька,— і гатовы паклясціся, што ён ні ўвечары, ні ўночы не адлучаўся ні на хвіліну. Увогуле: мой сын — і нейкая шыбка, нейкі крадзеж... Такое ў прынцыпе немагчыма!
— І я гатова за свайго паклясціся,— прамовіла Міхалава маці.
— Бацькі не могуць быць сведкамі,— строга заўважыў участковы.— Зараз я вам сёетое пакажу, і вы самі пераканаецеся... Замок на дзвярах цэлы?— Участковы падняўся на школьны ганак і пакратаў замок.— Цэлы. Вокны цэлыя? Цэлыя. Пытанне: калі б дарослы чалавек захацеў пранікнуць у школу? Вядома, ён найперш паспрабаваў зрабіць гэта праз дзверы і вокны.
— Логіка! — гмыкнуў Чэсеў бацька.— Дзеці таксама маглі б спрабаваць праз вокны і дзверы.
— Вы дарэмна, грамадзянін, весяліцеся. Яшчэ невядома, што там у школе ўкралі. Дык вось, малому ўзламаць такі замок проста не пад сілу, гэта першае. Другое — вокны высокія, шырокія, шыбіны вялікія. Не кожны дарослы такую шыбіну выцягне і ўтрымае ў руках, не пакалечыўшыся. А яшчэ назад паставіць трэба... Далей — глядзіце: я мужчына высокі, а і то ледзьледзь дацягваюся да краю,— участковы прыўзняўся на дыбкі і сапраўды толькі крануўся кончыкамі пальцаў рамы таго акенца, праз якое, як ён стараўся даказаць, лазілі ў школу.— Я ўжо не кажу, што дарослы ў такое вузкае акно проста фізічна не здолее прасунуцца.
— А як, павашаму, дацягнуліся да яго дзеці? — іранічна спытаў Змітракоў бацька.— Лесвіцу прынеслі? Ці падскоквалі так высока?
— Не лесвіцу. Робіцца гэта так,— сказаў участковы.— Ану вы, утрох, ідзіце сюды.
Міхал, Чэсь і Змітрок падышлі.
— Так, ты, Міхал, самы большы,— нагніся. Упірайся рукамі ў вушак. Чэсь, выцеры добра ногі, насуха... вось так. Залазь на балясіну, станавіся яму на спіну. Ты,— да Змітра,— выцер ногі? Бачыш, сам здагадаўся... Зноўтакі давай на балясіну, на спіну Чэсю... Вось так... Ну?
Верхні, Змітрок, апынуўся акурат на ўзроўні акенца.
— Злазьце,— скамандаваў участковы.
Ён ссадзіў Змітра, Чэсь саскочыў сам, Міхал разагнуўся. Участковы, выціраючы далоні, задаволена, пераможцам пазіраў на ўсіх.
— Гэтая егіпецкая піраміда яшчэ ні пра што не кажа! — заявіў Змітракоў бацька.— Мы нават не ведаем, у чым правіннасць нашых дзяцей? Нават у школу яшчэ не зайшлі, а розныя эксперыменты тут ладзім...
— Цішэй, не трэба гарачыцца. Ніна, адмыкай. Толькі асцярожна, я зайду першы — там павінны застацца сляды.
Цётка Ніна зняла замок, прапусціла ў калідорчык участковага.
— Цёмна, дзе тут выключальнік... А, вось.
Уключылася святло. З глыбіні калідора патыхнула нежылым духам. Збоку ад дзвярэй, пад вакенцам, стаялі лескі, заляпаныя мелам, на падлозе ляжалі газеты.
— Гэта я бяліла столь,— пачала апраўдвацца цётка Ніна,— не паспела прыбраць...
Участковы агледзеўся.
— Сапраўды, у гэтым брудзе слон мог бы прайсці, і той слядоў не пакінуў бы... Карацей, ясна,— участковы зірнуў на хлопцаў.— Той, хто лез, павіс на руках і саскочыў на падлогу, а калі выбіраўся назад, падцягнуў пад вакенца лескі. Ніна, правер, ці цэлыя замкі ў кабінетах.
Прыбіральшчыца пайшла па калідоры, шморгаючы за ручкі дзвярэй класных пакояў. Усе дзверы былі замкнутыя. Участковы ішоў следам. У канцы калідора, дзе стаяла шафа, цётка Ніна ахнула:
— Вось, сюды!
Шкло ў адной з палавінак дзвярэй шафы«музея» было выбіта, відаць, ударам нагі.
— Так! — участковы хуценька падбег да шафы, пад чаравікамі захрабусцелі аскепкі.— Зараз будзем складаць пратакол! Ніна, што тут было, у гэтай шафе? І што прапала?
Цётка Ніна зазірнула праз дзірку:
— Ды, здаецца, нічога... Уся макулатура на месцы.
— Якая макулатура?
— Такая. Паглядзіце самі. Тут розная непатрэбшчына ляжыць. Газеты адсюль бяру, падлогу засцілаць... Вядро, швабру сюды стаўлю, анучы хаваю...
Цяпер надышла чарга збянтэжыцца ўчастковаму. Ён зняў фуражку, выцер далоняю лоб і скроні:
— Нічога не разумею.
— Крадзеж стагоддзя! — насмешліва сказаў Змітракоў бацька.
Чэсь з Міхалам, якія стаялі ззаду ўсіх, пераглянуліся. Ледзь варушачы вуснамі, Чэсь прашаптаў: «Папкі няма!» Міхал прыклаў да вуснаў палец.
— Усё, цяпер вы адпускаеце нашых дзяцей? — спытала Міхалава маці.
— Пакуль не. Міхал, растлумач, чаму ўсё ж вы сюды лазілі? Што шукалі?
— Мне ўсё гэта надакучыла! — раптам гучна заявіў Міхал.— Яшчэ раз вам паўтараем, пры сваіх бацьках і пры цётцы Ніне: мы нікуды не лазілі!