Выбрать главу

— Бач ты, надакучыла яму... Не лазілі — дакажыце. Я паказаў там, на ганку, як вы гэта рабілі?

І Змітрок, і Чэсь памкнуліся былі ўперад, але Міхал спыніў іх:

— Я сам. Бачыце вунь тое акно ў канцы калідора, за шафаю?

— Ну­ну, не забывай, з кім гаворыш,— зрабіў заўвагу ўчастковы.— Ну, бачу.

Міхал падышоў да акна:

— Тады скажыце, навошта нам рызыкаваць, караскацца адзін аднаму на плечы, у цемры, у дождж, калі мы ў любы час і вельмі лёгка маглі б залезці ў калідор вось праз гэтае акно? Яно нізка ад зямлі, шырокае. Глядзіце, тут няма шпінгалета. Дастаткова пальцам піхнуць гэтае акно з вуліцы — і яно расчыніцца насцеж!

— Праўда, яно лёгка адчыняецца,— вінавата пацвердзіла цётка Ніна.— Крлькі разоў прасіла дырэктара: зрабіце вы гэты шпінгалет...

Участковаму, пад насмешлівымі позіркамі бацькоў, ізноў давялося зняць фуражку і выцерці лоб. Змітрок і Чэсь з гонарам глядзелі на Міхала, свайго камандзіра.

— Пачакайце, тады выходзіць...

— Выходзіць, у школу лазілі чужыя, хто не ведаў пра акно,— дакончыў за ўчастковага Змітракоў бацька.

— Можа, ведаеце хто?

— Не ведаю. А можа, вы ведаеце — калі ўрэшце скончыцца гэты «следчы эксперымент»? Нашы дзеці тут ні пры чым, гэта даказана імі самімі.

— Добра,— здаўся ўчастковы.— Хоць тут і хуліганства ў наяўнасці: пабітае шкло. Але раз нічога не ўкралі, пратакол складаць не буду. Вам,— павярнуўся ён да цёткі Ніны,— сёння ж дамовіцца з дырэктарам, уставіць шпінгалеты, закратаваць акенца над уваходам, заадно знайсці грошы на шкло ў дзверы гэтай шафы. Вам,— да хлопцаў,— раблю пакуль вуснае папярэджанне!

Усе ўтрох ускінуліся:

— Чаму?

— За што?

— Дыму без агню не бывае,— загадкава адказаў участковы.— Цяпер давядзецца глядзець за вамі больш пільна. Тое ж самае прапаную рабіць і грамадзянам бацькам.

Раздзел 31. ШТО МЬІ МАЕМ?

Апошнія словы ўчастковага найбольш прыйшліся да душы Чэсевай маці.

— Усё, адгуляўся,— заявіла яна дома сыну.— Цяпер забудзь пра вуліцу, будзеш сядзець у мяне як мыш пад венікам.

— Мама, ты ж усё чула! Я нікуды не лазіў!

— Ну і што, што не лазіў? За табою не прападзе: яшчэ паспееш і залезці. Вунь вядро, насі ваду і палівай грады...

— Якія грады?! Учора толькі дождж быў!

— Тады збірай з бульбы жукоў каларадскіх.

Так Чэсь і не выйшаў у той дзень гуляць. Не было яго і на другі дзень, з раніцы.

Міхал са Змітраком праверылі будан, ці не падцёк у час дажджу. Тады ўзялі вудкі, разуліся. Сядзелі на абрывістым беразе, звесіўшы ногі. Добра, цёпла...

У Міхала даўно прайшла ўся злосць на сяброў. Ён расказаў Змітраку, як з'ездзіў у горад, змаўчаўшы толькі пра гарадскіх хлопчыка з дзяўчынкаю, якія так свабодна, так прыгожа размаўлялі на роднай мове.

— Я адразу зразумеў, чыіх гэта рук работа,— сказаў Міхал.— Калі ўбачыў, што ўчастковы вядзе мяне да школы, так і цюкнула ў галаву — лысы сказаў: «Цяпер толькі школа застаецца». Але вам чаму не сядзелася? — спытаў ён.— Я ж папярэджваў: нічога не рабіце самі!

Змітрок уздыхнуў вінавата:

— Ты яшчэ не ўсё ведаеш... Мы запісалі ў сшытак: «Копія бяросты знаходзіцца ў шафе, што стаіць у школьным калідоры». Курт, вядома, прачытаў — і вось...

— Малайцы! З вамі толькі скарбы шукаць.

— Чаму — сёе­тое і мы раздабылі.

— Напрыклад?

— Копію бяросты.

У Міхала ледзь вудзільна не выпала з рук:

— Ну, маўчун! Дзе, як?!

— У старой настаўніцы, Ірыны Леанідаўны.

— І дзе копія?

— Усё ў Чэся: і талер, і бяроста. Ды мы спрабавалі ўжо — ніяк, нічога не зразумець. Трэба тры манеты.

Міхал, аднак, уміг павесялеў:

— Ну, гэта ўжо нешта... Чэся адпусціць маці да вечара ці сам уцячэ... Тады яшчэ паспрабуем. Ага! — успомніў Міхал.— Помніш, учора ўчастковы сказаў: «Дакажыце, што не вы лазілі?» Чаму ты памкнуўся даказваць разам з намі? Мы з Чэсем ясна —мы ведалі пра акно на калідоры. А ты?

— А я след бачыў.

— Які след? Чый?

— Ну, калі абціраў ногі. Каб Чэсю на плечы залезці. Там пры ганку анучка, яна ссунулася крыху, а пад ёю — след вялізнага бота.

— І што? Там столькі людзей тапталася...

— Боты ўлетку ў вас толькі адзін чалавек носіць,— важна сказаў Змітрок.— Да таго ж, над ганкам — стрэшка, значыць, след застаўся з ночы...

— Дзед Макар! — усклікнуў Міхал і адразу чамусьці напусціўся на Змітра: — І што з цябе ўсё абцугамі трэба выцягваць! А калі б я не спытаў, ты прамаўчаў бы і пра след, і пра бяросту?

— Не ведаю,— паціснуў плячыма Змітрок.— Зрэшты, яшчэ не позна — можа, пайсці і расказаць пра след участковаму.