— Ты сур'ёзна?
— Чаму не? Тады «здадзім» усіх адразу: і дзеда з унукам, і «геолагаў» — ніхто нам больш не будзе шкодзіць.
— Паслухай. Папершае, само па сабе гэта брыдка — «здаваць» каго б там ні было... Падругое, ты, Змітрок, чалавек гарадскі, а тут свае законы. Ты падумаў, як пасля жыць і глядзець гэтаму дзеду Макару ў вочы? А ці падумаў ты, як збіраешся расказваць таму ж участковаму: пра «геолагаў», што яны тут шукаюць, пра талеры, бяросту, скарб...
Змітрок вінавата пашкроб патыліцу.
— Дапусцім, участковы нам паверыць,— працягваў Міхал,— і ўсіх іх арыштуюць. Ну і што? У школе нічога не прапала, а больш за імі ніякага злачынства няма! Складуць пратакол і адпусцяць. А мы такіх ворагаў нажывём, што мала не здасца...
— Тады што цяпер рабіць? — спытаў Зміцер.
— Што рабіць? Нічога без Аксаны мы не зробім... А калі яна прыедзе і што там, у Мінску, раздабудзе — невядома,— Міхал раптам шырока ўсміхнуўся: — Таму прапаную — гуляць! Чорт з ім, з гэтым скарбам! Лета стаіць! Будзем гуляць у футбол, лавіць рыбу, сходзім у паход — не на адным скарбе свет клінам сышоўся!
Часціна трэцяя. НЕЧАКАНЫ САЮЗНІК
Раздзел 32. ЗВАНОК
Усё складвалася проста цудоўна.
Паслязаўтра тата ад'язджае ў экспедыцыю. Ён патэлефанаваў у архіўны музей, дамовіўся з загадчыкам. Той запэўніў, што Аксана можа прыйсці ў любы час, ён падрыхтуе для яе ўсе неабходныя паперы і экспанаты.
Але галоўнае, у Паплавы адпўскаюць Кацю! Праўда, ненадоўга. У ліпені яны ўсёй сям'ёю збіраюцца ў Егіпет, у турыстычнае падарожжа, але да ліпеня яшчэ далёка. І Каця гэты час можа пабыць у вёсцы, разам з Аксанаю. Вось здорава!
Добра было нават тое (хоць Аксане сорамна было прызнацца ў гэтым), што Каця нечакана захварэла. У такую цеплыню ёй аблажыла горла, яна сядзела дома, піла розныя лекі і адвар з маліны. Пакуль яна выздаравее, Аксана акурат паспее схадзіць у архіў.
Таму дзяўчынка так легкадумна аднеслася да тэлефоннай размовы з Міхалам, у якой ён папярэДжваў пра «геолагаў». Яшчэ чаго — будзе яна баяцца! «Геолагі» далёка... Талер, аднак, дома больш не трымала, пакінула ў Каці.
Бацька пакрысе рыхтаваўся да экспедыцыі. Ён адпусціў бараду — барадатаму чалавеку менш дакучаюць камары, і каб потым не траціць час на галенне. Заплечнік, што стаяў у пярэдняй, з кожным днём усё больш «распухаў». Адзін выгляд яго — пацёртагапаношанага, вылінялага на сонцы, у чорных плямах прапалінаў, будзіў уяўленні пра лес і чыстае поле, рэчку, палатку, начное вогнішча, узыходы і заходы сонца...
Аксана была ўдзячная бацьку. У гэтыя апошнія дні ён не чытаў ёй натацый — як паводзіць сябе ў Паплавах. І ні разу не спытаўся, як ідуць справы з «пошукам скарбу».
Але Аксана яшчэ не ведала: дзякуючы бацьку, яны, «шукальнікі скарбу», набылі сабе моцнага саюзніка. Неяк, калі яна гуляла ў Каці, бацька набраў нумар тэлефона свайго старога сябра, настаўніка гісторыі Барыса Рыгоравіча.
— Вось добра, што застаў цябе,— сказаў бацька.— Барыс Рыгоравіч, у мяне дзве просьбы: лёгкая і цяжкая.З якой пачынаць?
— Давай з цяжкай,— засмяяўся Барыс Рыгоравіч.
— Дзе ты сабраўся адпачываць улетку?
— На Гаваях! А калі сур'ёзна, з маімі сродкамі давядзецца гэтае лета праседзець у горадзе. У лепшым выпадку выберуся на Мінскае мора ці ў Дразды...
— А помніш, раней ты ці не кожнае лета ездзіў у Паплавы?
— Даўно тое было. Малады быў, лёгкі на зборы.
— А ты вазьмі дый успомні маладосць,— параіў бацька.— Не хочаш пажыць у Паплавах, хоць месяц?
— Неяк не думаў пра гэта...
— А ты падумай. Мясціны там цудоўныя, людзей тамтэйшых ты ведаеш, і яны цябе. Зняў бы паўхаты ў якоянебудзь бабулі, вялікіх грошай на гэта не трэба, у Мінску больш расстраціш. Сям'і ў цябе няма, лецішча таксама. А там лавіў бы рыбу, піў сырадой, прачынаўся з пеўнямі...
— А што — трэба падумаць,— загарэўся Барыс Рыгоравіч.— Ты так распісваеш...
— Я чаму, Барыс Рыгоравіч, «распісваю»: дачка там будзе, у бабулі. Ты ж ведаеш Аксану, яна табе куды хочаш улезе... Але, на маё шчасце, яна раптам зацікавілася гісторыяй з талерамі. Помніш? Пра скарб французскага афіцэра?
— Як не помніць? Сам шукаў колісь. А толькі пустое гэта. Трэба сабраць разам тры манеты і копію бяросты, а гэта немагчыма.
— Ведаю,— сказаў бацька,— але раз яны цікавяцца — на здароўе. Яны — гэта Аксана і яшчэ тры мясцовыя хлопчыкі. Чым у якую шкоду лезці, хай шукаюць, цікавяцца гісторыяй... Дык вось, прашу цябе: едзь, пажыві які месяц у Паплавах, паглядзі Аксану. Паможаш ім, падкажаш... Больш за цябе пра гэтую гісторыю ніхто не ведае.