— Падумаю, падумаю,— паўтарыў Барыс Рыгоравіч.— А якая другая, лёгкая просьба?
— Ты некалі сябраваў з загадчыкам архіўнага музея. Ці не можна папрасіць яго памагчы Аксане? Яна хоча там паглядзець розныя дакументы, копіі... Я, праўда, нядаўна сам званіў яму, але перастрахавацца ніколі не лішне...
Барыс Рыторавіч раптам перабіў суха:
— Гэтая «лёгкая» просьба, на жаль, цяжэйщая за першую. Мы не сябруем ужо гадоў пятнаццаць. У мяне не можа быць нічога агульнага з чалавекам, які працуе загадчыкам у архіўным музеі і разам з тым не любіць беларускай гісторыі, не прызнае самабытнасці яе, дазваляе сабе насмешкі з беларускай мовы, называючы яе «скверным диалектом»!
— Вось як? — разгубіўся бацька.— Я не ведаў, прабач.
— А ў Паплавы — паеду! — сказаў Барыс Рыгоравіч.— І буду памагаць Аксане з яе сябрамі, чым змагу. Абяцаю.
Надышоў дзень развітвацца з бацькам. Да дома пад'ехаў старэнькі пашарпаны «рафік», у якім сядзелі вясёлыя, барадатыя, як і бацька, людзі, з такімі ж вялізнымі, выцвілымі на сонцы заплечнікамі. Аксана з бацькам яшчэ раз праверыла, ці адключаны халадзільнік, тэлевізар, ці не гарыць дзе святло, не капае з кранаў вада...
Па дарозе Аксану адвезлі да Каці. Цяпер яна пажыве тут, пакуль сяброўка паправіцца.
— Вось табе тэлефон,— сказаў бацька на развітанне і працягнуў Аксане лісток з нататніка.— Калі штосьці здарыцца — пазвані гэтаму чалавеку.
— А хто гэта?
— Сакрэт,— усміхнуўся бацька.— Ты проста набярэш нумар і скажаш: Аксана.
Раздзел 33. У КАЦІ
— Табе не расказваў тата, як да яго патрапіў талер?
— Не,— адказала Каця.— Я і не пыталася... Ён апошнімі днямі позна прыязджае дамоў. У іх у фірме нейкія непрыемнасці.
Каця, прыгожанькая і смешная, падобная на ляльку, з абвязаным тоўстай хусткаю горлам ляжыць на канапе пад пледам. Побач — столік з лекамі і табурэт, на якім свеціцца экранам маленькі пераносны камп'ютэр.
Дзяўчынкі да болю ў вачах нагуляліся ў розныя камп'ютэрныя гульні. Надакучыла глядзець мультфільмы па відэамагнітафоне.
— Давай выключым усё,— прапанавала Аксана,— і запалім лямпу.
Так і зрабілі. За акном — шэрань змяркання. Пахмурна, дажджліва. А ў пакоі — утульна свеціцца лямпаначнік. Калі паварушыцца, па кутках і на столі таксама варушацца цені. Дзяўчынкі адны. Толькі раз за вечар у пакой зазірнула Каціна матуля, зусім маладая, як старшакласніца. Яна была з завітымі мокрымі валасамі і трымала перад сабою растапыраныя пальцы — сушыла лак на пазногцях.
— А, гуляеце? — толькі і спытала яна.— Ну, гуляйце...
Яна выйшла, а тады ўспомніла штось, вярнулася зноў:
— Як ты сябе адчуваеш, Кацярына?
— Я зусім здаровая, мама!
— Тэмпературу памерай.
— Толькі што выцягнула градуснік: трыццаць шэсць і восем.
— Вось бачыш, яшчэ высокая. Трэба ляжаць...
Матуля выйшла, асцярожна локцем прычыніўшы дзверы. Каця чамусьці ўздыхнула. Аксана прысела да яе на канапу.
Дзяўчынкі прытуліліся адна да адной і абедзве маўчалі. Аксана згадала тату: дзе ён цяпер? Мусіць, яшчэ ў дарозе. Імчыцца недзе па цёмнай шашы «рафік», стукаюць у шкло кроплі дажджу... Потым яна падумала пра Кацю. Каця багатая, прыгожая. У яе ўсё ёсць. Бацькі нічога не шкадуюць для яе. Але ўсё адно яна часта бывае такая задумлівая, сумная. І дзіўна: Аксана ніколі не зайздросціла яе багаццю, ніколі нават у думках не хацела памяняцца з ёю месцамі.
Аксана ўспомніла вечар у Паплавах, калі бацька расказваў гісторыю параненага французскага афіцэра, палілі куродым, а Чэсь такімі дзіўнымі вачыма глядзеў на яе... А на другі дзень пачаставаў чмяліным мёдам. Не, усё гэта цікавей, неяк цяплей, жывей за самыя прыгожыя камп'ютэрныя гульні.
— Заўтра я вылечуся,— сказала Каця, нібы ўгадаўшы яе думкі,— і тата ўрэшце адвязе нас да тваёй бабулі. Хутчэй бы!
— Не! — спалохалася Аксана.— Заўтра ты, калі ласка, яшчэ не вылечвайся! Я ж нічога не паспела, так і не схадзіла ў архіў... Пахварэеш яшчэ дзянёк?
— Добра,— пакорліва згадзілася Каця.
У пярэдняй пачуліся галасы. Неўзабаве ў пакой заглянуў Кацін тата. Сёння ён вярнуўся рана і быў вясёлы: відаць, справы ў фірме пайшлі на лад. Высокі, маладжавы не па гадах, з бародкаю. Бародку ён адпускаў не для зручнасцей паходнага жыцця, як Аксанін бацька, а для прыгажосці.
— Не спіце яшчэ? — весела паціраючы рукі, сказаў ён.— А чаму гэта толькі лямпа ў вас? А «відзік» чаму не глядзіце? А ў камп'ютэр чаму не гуляеце?
І, не чакаючы адказу, прысеў на канапу. Паклаў дачцэ на лоб далонь: