Лавіруючы між гэтых пачкаў, Аксана мінула калідор, па лесвіцы паднялася наверх, і тут, на першых жа дзвярах, убачыла шыльду — «Загадчык».
Аксана пастукала, адчыніла дзверы.
У невялікім кабінеце стаяла шафа, стол, тры крэслы. За сталом сядзеў маленькі, сівенькі чалавек і штосьці пісаў, нязграбна, як робяць дзеці, водзячы ручкаю.
Убачыўшы Аксану, чалавек паварушыўся, нібы хацеў прыпадняцца з ветлівасці. Але затым чамусьці перадумаў.
— А, вы, наверное, Оксана? — хутка сказаў ён і склаў свае тонкія бяскроўныя вусны ў нейкае падабенства ўсмешкі.— Да, мне звонили. Знаю, знаю и вашего отца, прекрасного археолога, и вашего учителя истории, Бориса Григорьевича...
Аксана, з малых гадоў прывучаная (дома з бацькам і з яго сябрамі яна размаўляла пабеларуску, а ў школе і на вуліцы трэба было «перабудоўвацца»), не здзівілася. Яна лёгка магла пераходзіць з аднае мовы на другую.
— Я ведаю нават Кацю Аляшкевіч, вашую сяброўку,— нечакана дадаў загадчык.
— Кацю?! Адкуль?
— А я нядаўна выступаў у вашай школе. Праўда, у старэйшых класах. І ў настаўніцкай выпадкова ўбачыў разгорнуты журнал вашага пятага «А». Мяне адразу зацікавіла гэтае прозвішча, Аляшкевіч. Некалі да вайны ў архіве працаваў гісторык з такім прозвішчам. Пасля яго рэпрэсавалі... Гэта быў вядомы нумізмат. А я, прызнацца, таксама люблю збіраць розныя манеткі... Я спытаў у вашага завуча, Андрэя Адамавіча, і мы разам высветлілі, што сапраўды — Аляшкевіч — гэта дзед вашай сяброўкі Каці.
Загадчык гаварыў і ўвесь час не спускаў з Аксаны вачэй. Было відаць, ён чакаў, калі дзяўчынка сама загаворыць пра Кацю, пра калекцыю манет... А адкрыта спытаць аб гэтым не адважваўся.
Аксана, якой гэты загадчык з яго балбатлівасцю і ўсяведаннем чамусьці адразу не спадабаўся, маўчала. «Каго ж ён нагадвае мне?» — думала яна і ніяк не магла ўспомніць.
— Паехаў бацька? — спытаў загадчык.
— Так, ўчора.
— І дзе вы цяпер?
— Адна жыву... Не — у Каці,— вырашыла не хлусіць на гэты раз Аксана.
— Ну што ж,— сказаў загадчык.— Вас, як я зразумеў, цікавіць гісторыя напалеонаўскіх скарбаў? А чаму цікавіць, калі не сакрэт?
— На лета нам далі заданне: апісаць гісторыю якогась помніка. Я выбрала помнік у Паплавах. Там жыве мая бабуля.
— Ага. Ведаю і вашыя Паплавы, і той помнік,— задумліва прамовіў загадчык. Тады, нязграбна вывернуўшы худую руку, неяк не ўзяў, а падчапіў са стала папку, падаў Аксане: — Тут вы знойдзеце ўсё пра ваш помнік, і нават больш. Вось толькі з сабою даць не магу. Сядайце, калі ласка, сюды, за шафу,— паказаў ён на другі край свайго шырокага стала,— працуйце. Сшытак, ручка ёсць?
— Ёсць.
Аксана абмінула стол і тут, за шафаю, убачыла прыхінутую да сцяны мыліцу. «Сябра Барыса Рыгоравіча — інвалід з дзяцінства, яму цяжка хадзіць»,— успомніла Аксана бацькавы словы.
Яна дастала з пакета сшытак, ручку. З заміраннем сэрца разгарнула папку.
Загадчык схіліўся над сваімі паперамі.
— Калі што будзе незразумела — пытайце,— сказаў ён, не падымаючы галавы.
Раздзел 36. АРТЫКУЛ
У папцы ляжалі ксеракопія нейкага часопіснага артыкула і, асобна сашчэпленыя, тры лісткі, на якіх коратка апісвалася гісторыя горада Бярозы і яго ваколіц.
Аксана ледзь не ўскрыкнула ад расчаравання. А дзе ж копія бяросты, дзе калі не самі талеры, дык хоць бы малюнкі іх?!
Але нельга было выдаваць сябе. Яна ж робіць «заданне на лета». А для задання матэрыялу тут, сапраўды, больш чым дастаткова.
Дзяўчынка пачала чытаць артыкул і захапілася. Нават выпісала пачатак, каб паказаць потым сябрам:
«Мінула амаль 180 гадоў, як скончылася інтэрвенцыя французаў у Расію. Гэтая тэма ў гістарычнай літаратуры лічыцца найбольш распрацаванай. Тым не менш пра скарбы, вывезеныя французамі з Масквы, не перастаюць спрачацца і сёння. У перыядычным друку легенда пра «скарб Напалеона» атрымала «права грамадзянства» нароўні з агульнапрызнанымі: ордэна Тампліераў (у Францыі), інкаў (у Паўднёвай Амерыцы), англійскіх піратаў (у Карыбскім моры), нацыстаў Гімлера (у Штырыйскіх Альпах) і іншымі. Склалася думка, што скарбы ёсць, яны вялізныя і шукаць іх трэба ў межах Беларусі. Хапае і энтузіястаў. На працягу некалькіх гадоў арганізаваныя брыгады і адзіночкі вялі пошук у Сямлёўскім возеры (бліз Вязьмы), у возеры каля гарадскога пасёлка Крупкі, на рацэ Бярэзіна і нават у Літве. Раён пошуку пашыраецца да няпэўнасці, але энтузіязм не згасае. Шукаюць зімой і летам. З'явіліся элементы авантурызму. Газетныя нататкі пра «скарб Напалеона» выразаны амаль ва ўсіх бібліятэках Мінска (уключаючы і бібліятэку імя Леніна). Ствараюцца новыя брыгады, з'яўляюцца новыя версіі, расце нездаровы ажыятаж. Але ніхто як след не ведае, на што можна разлічваць пры ўдачы і дзе яе шукаць...»