Выбрать главу

«Аўтамабілі з маскоўскімі нумарамі ўсё яшчэ і сёння круцяцца кожнае лета каля аршанскіх і барысаўскіх азёр. Усім карціць знайсці скарб з золатам і срэбрам. Пошукі пастаўлены на навуковую аснову. З кожнага возера бяруць пляшку вады і на спектраскопах у Маскве правяраюць наяўнасць атамаў золата і срэбра. Дзе яго больш, там абавязкова павінен быць скарб...»

Далей ішоў раздзел пад загалоўкам «Легенды пра скарбы». Адна з легендаў была ўжо знаёмая Аксане: французскі афіцэр, пахаваны ў Паплавах разам з рускімі салдатамі — пазелянелая медная пласцінка, два талеры іспанскага чакану, кавалак бяросты з крыжыкам унізе і слова «СLAD»...

«І гэтая загадка пакуль не разгадана,— канчаўся раздзел.— Зямля ўмее хаваць свае таямніцы».

Дзяўчынка звярнула ўвагу, што ў артыкуле чамусьці ні слова не сказана: а дзе цяпер гэтыя дзве манеты і копія бяросты?

— Скажыце,— парушыла яна цішыню,— хто аўтар гэтага артыкула?

— Я,— адказаў загадчык.

— Можна вас папрасіць... Пакажыце, калі ласка, мне талеры, пра якія пішаце ў сваім артыкуле. І копію бяросты.

Загадчык не здзівіўся. Ён развёў маленькімі, скалечанымі рукамі:

— З вялікай радасцю паказаў бы — але няма!

— Як няма? — сумелася Аксана.

— Так. На вялікі, велізарны жаль. Усё знікла ў вайну. Што згарэла, што прапала, што немцы вывезлі... Няма!

— Але тата казаў, у вайну знік усяго адзін талер! А другі, і копія бяросты, захоўваюцца ў архіўным музеі...

— Ваш тата памыліўся,— спакойна паведаміў загадчык.— Ваш тата — археолаг, і проста не ведае ўсіх дэталяў. Гэтыя манеты, копіі, экспанаты, звязаныя са скарбамі... Цяжка, скажу вам, зберагчы такія рэчы нават у архіўным музеі. Вы ж самі чыталі: газртныя нататкі — і тыя выразаюць па ўсіх бібліятэках.

Загадчык гаварыў спакойна і глядзеў на дзяўчынку з прыязню. Але Аксана ўжо не сумнявалася — ён хлусіць ёй. Ён проста не хоча нічога паказваць. Яму трэба, каб як найменш людзей ведалі пра гэтыя талеры.

Раздзел 37. СЕВА

Пачуўся стук у дзверы.

— Калі ласка! — сказаў загадчык.

Аксана сядзела на другім баку стала, за шафаю, адкуль не магла бачыць дзвярэй і таго, хто зайшоў у кабінет. Але па твары загадчыка яна зразумела: госць быў непажаданы.

— Я ж прасіў перш званіць, а тады прыходзіцв! — рэзка сказаў загадчык і пакасіўся на Аксану.

— Тэлефон быў заняты,— адказаў наведнік.

Які знаёмы голас! Аксана асцярожна выглянула з­за шафы — і адразу ж падалася назад. Ёй захацелася забіцца ў самы куток. Вось дык сустрэча! Чэрвеньскі «знаёмы», Сева!..

— У мяне тут людзі,— сказаў, нібы папярэджваючы Севу, загадчык. І да Аксаны: — Вы скончылі? Усё выпісалі?

Яму яўна хацелася, каб Аксана зараз сабралася і пайшла.

Але дзяўчынка ў адказ адмоўна хіснула галавою. Яна баялася, што калі загаворыць, Сева пазнае яе па голасе.

Загадчык памуляў вуснамі:

— Ну што ж — працуйце... Тады мы з прыяцелем не будзем перашкаджаць вам. Падайце, калі ласка, мыліцу.

Узяў мыліцу пад паху, выграбся з­за стала. Падцягваючы адну нагу, падаўся да дзвярэй. Пры хадзе ён віхляўся ўсім целам, свабодная рука балансавала... «Каго ж ён мне нагадвае?» — ізноў прамільгнула ў Аксаны.

Дзяўчынка сядзела, як на цвіках. Раптам ёй здалося, што яна чуе галасы. Так і ёсць. Загадчык, выходзячы ў калідор, пакінуў дзверы на шчылінку прыадчыненымі.

Аксана паднялася і асцярожна, на дыбачках падышла бліжэй. Кожную хвіліну яна гатовая была кінуцца назад, за шафу. «Калі зойдуць, убачаць — прыдумаю што­небудзь... Прысяду, скажу.— ручка некуды закацілася, не магу знайсці...»

Загадчык з Севам стаялі адразу каля дзвярэй, таму чуваць было кожнае слова.

— Што здарылася? — гнеўна пытаў загадчык.— Я забараніў вам прыязджаць сюды без крайняга выпадку!

Сева адказаў пасля паўзы, і голас у яго быў нейкі збянтэжаны:

— Акурат такі выпадак... Мы з лысым пагаварылі, і вось... Нам здаецца, ты ад нас штосьці хаваеш.

— Хрысціца трэба, калі здаецца! Яны, бачыце, пагаварылі!

Сева сказаў мірна:

— Не злуйся, Павук... Зразумей і нас. Нікому неахвота быць дурнем. Чаму ты нам не ўсё расказваеш? Мы робім усю чорную работу, сядзім у гэтых Паплавах...

«Павук!» — нарэшце здагадалася Аксана. Худыя вывернутыя рукі загадчыка, яго маленькая галава на тонкай шыі, віхлянне ў бакі пры хадзьбе... Усё гэта сапраўды нагадвала павука з вядомага дыснееўската мультфільма, які яны ўчора глядзелі з Кацяю.