Выбрать главу

— Не даюць працаваць,— паскардзіўся ён Аксане,— гэта студэнт­завочнік, збірае матэрыял для аўтарэферата. Ну, а ў вас што? Усё выпісалі?

— Не яшчэ.

— Я рады, што мой артыкул так вас зацікавіў,— сказаў загадчык. Аднак у голасе яго вялікай радасці не адчувалася.

Аксана пасядзела крыху. Калі, паводле яе разлікаў, Сева ўжо выйшаў з музея, паднялася:

— Вялікі вам дзякуй.

— Прыходзьце яшчэ. Упэўнены, што пры такой стараннасці вы атрымаеце пяцёрку з плюсам,— іранічна сказаў Павук, праводзячы Аксану вачыма.

Раздзел 38. СТРАТА МАНЕТЫ

Самае крыўднае, што нельга было пазваніць, каб папярэдзіць Кацю або Ігара Валянцінавіча: не было абанентнае карткі.

Калі праз гадзіну Аксана тралейбусам дабралася з Верхняга горада ў Сухараўку, яна ўбачыла, як ад пад'езда Кацінага дома ад'язджае знаёмая цёмна­сіняя «Аўдзі». Спазнілася! Відаць, Каця аддала талер, які хавала за кнігамі на паліцы...

Адчыніў Аксане сам Ігар Валянцінавіч. Ён быў устрывожаны.

— Аксана, у цябе талер?

Значыць, Каця нічога не сказала! Не пабаялася нават рэкеціраў! Цяпер у Аксаны з'явілася надзея, што ўдасца пераканаць і Ігара Валянцінавіча.

— Талер у Каці... Але, Ігар Валянцінавіч, я ўсё ведаю, да вас толькі што прыязджалі гэтыя... Не аддавайце ім, калі ласка, талер!

Ігар Валянцінавіч узяў яе за плячо, зазірнуў у вочы, сказаў рашуча, строга:

— Аксана. Я паважаю твайго бацьку і да цябе стаўлюся, як да дачкі. Таму мушу зрабіць табе сур'ёзную заўвагу. Перастань сама ўблытвацца ў дарослыя справы і ўблытваць Кацю. Ты ўсё зразумела?

Дзяўчынка моўчкі кіўнула. Толькі цяпер да яе дайшло, што яна ў чужой сям'і, якімі б блізкімі сяброўкамі яны з Кацяю не былі.

У пярэднюю выбегла Каця, вясёлая, ужо без хусткі на горле. Убачыўшы засмучаную Аксану, зірнуўшы на строгі бацькаў твар, яна ўсё зразумела і таксама павесіла нос.

— Вось што, дзяўчынкі,— сказаў Ігар Валянцінавіч.— Буду гаварыць з вамі, як з дарослымі. Я добра ведаю гэтых людзей. Калі ім штосьці спатрэбіцца, яны здабудуць гэта з­пад зямлі, любымі сродкамі... І таму я не проста прашу, а загадваю: выкіньце з галавы нават думкі пра гэтыя скарбы! Пакуль вы гулялі самі па сабе, я не ўмешваўся. Але раз вашымі гульнямі зацікавіліся гэтыя людзі — усё, гульня скончана. Раз ім так закарцела раздабыць гэтую манету, значыць, тут запахла сур'ёзным. А вам знойдзецца занятак і акрамя талера. Гуляйце вунь у камп'ютэр, схадзіце на двор, з'ездзіце ў цырк, у Батанічны сад... А можаце збірацца ў вёску. Заўтра я вас, канечне, туды адвязу. А цяпер — аддадзіце мне талер, Каця? — звярнуўся ён да дачкі.

Зайшлі ў пакой. Каця адсунула кнігі на паліцы, знайшла талер, моўчкі падала бацьку.

Ігар Валянцінавіч затрымаўся.

— Вы, відаць, лічыце, што я раблю кепска,— сказаў ён.— Разумею: талер — памяць пра Кацінага дзеда... Але іншага выйсця няма. Да таго ж я не прадаю яго, а толькі мяняю. Яны даюць мне ўзамен акурат такі ж талер.

Дзяўчынкі маўчалі. Ігар Валянцінавіч пастаяў крыху і выйшаў. Аксана абняла сяброўку:

— Каця, не перажывай так! Павер, я не магла цябе папярэдзіць! Я ведала, што яны прыедуць, але спазнілася...

І Аксана падрабязна расказала пра сваё наведванне архіўнага музея, пра Павука, Севу, копію бяросты ў кнізе...

— Галоўнае, тут справа нават не ў талерах,— закончыла яна.— Пасля таго як манета пабудзе ў гэтага Павука ў руках, яна робіцца больш непатрэбная ім.

— Гэта памяць,— ціха сказала Каця.

Аднак расповед Аксаны крыху суцешыў яе.

— Ты таксама не перажывай, што не змагла папярэдзіць нас, Аксана. Усё адно тата аддаў бы ім. Але якія яны нахабныя, асабліва лысы! Яны нічога не баяцца. Гаварылі з татам пры мне і пры маме. Спачатку тата не хацеў і слухаць. Тады яны назвалі нейкія прозвішчы. Тата прыцішэў. А мама аж заплакала. Лысы сплюнуў проста на падлогу і кажа: «Падумай пра свой бізнес, хлопец! Заўтра ты можаш прачнуцца жабраком». А Сева штурхнуў яго пад бок, кажа лагодна: «Не варта пужаць людзей, хай сабе робяць бізнес. Ёсць іншыя варыянты. Калі ты, Ігар Валянцінавіч, не хочаш прадаваць талер, мы гатовы абмяняцца на такі ж самы. Гарантуем, што сапраўдны. Карацей, падумай да заўтра. А калі надумаеш раней — вось табе тэлефончык...»

— Тэлефончык? — Аксана раптам успомніла штосьці.— Пачакай, я на хвілінку...

Яна выбегла ў пярэднюю, дзе вісела яе джынсавая куртка. З дзвярэй залы пачуўся голас Ігара Валянцінавіча: «Я згодзен на абмен, прыязджайце!..» — і гук пакладзенай на апарат слухаўкі.