Аксана вярнулася, трымаючы штось у сціснутым кулаку.
— І далей?
— Далей — яны пайшлі. А маці яшчэ больш заплакала. І сказала тату: «Зараз жа аддай усё, што яны просяць! Мы ледзьледзь узбіліся на грошы — і трэба траціць усё зза нейкай паганай манеткі?! Я сама адвыкла жыць бедна і не хачу, каб Каця была беднаю». Тады тата сказаў: «Супакойся, я зраблю, як ты хочаш. Ні ты, ні мая дачка беднымі не будзеце». І маці супакоілася, выцерла слёзы і пацалавала тату.
— А дзе цяпер яна?
— Паехала ў цырульню рабіць педыкюр,— адказала Каця і чамусьці ўздыхнула.— Можа, мы таксама пойдзем гуляць?
— Не,— сказала Аксана.— Ігар Валянцінавіч толькі што тэлефанаваў ім. Хутка яны павінны прыехаць, прывезці свой талер. Твайму бацьку ён не патрэбен, папросім, каб аддаў нам. Тады паглядзім.
— Добра. А чаму ты выходзіла ў пярэднюю? — спытала Каця.
Аксана расціснула кулак. На далоні ляжала паперка з шасцю лічбамі — нумар тэлефона, які пакінуў бацька пры развітанні.
— Мы заблыталіся,— сказала Аксана.— Мы ні ў чым самі не разбярэмся.
Раздзел 39. БАРЫС РЫГОРАВІЧ
Як і меркавала Аксана, «госці» прыехалі хутка.
Дзяўчынкі таксама выглянулі на калідор. Сева з лысым распраналіся, стаялі ў пярэдняй. Убачыўшы Аксану, Сева з іранічнай галантнасцю, бы старой знаёмай, пакланіўся ёй.
— Пакажыце спачатку свой талер,— сказаў Ігар Валянцінавіч.— Я павінен праверыць, ці сапраўдны.
— Не сумнявайся,— лысы скоса зірнуў на дзяўчынак.
Тады працягнуў Ігару Валянцінавічу штосьці, загорнутае ў паперку.
Ігар Валянцінавіч выйшаў. Сева падміргнуў Аксане:
— Што, не захацела тады, у Чэрвені, атрымаць дваццаць даляраў? На жаль, цяпер позна. Шкадуеш?
Аксана прамаўчала. Вярнуўся Ігар Валянцінавіч, сказаў коратка:
— Сапраўдны. Што ж, трымайце,— і перадаў свой талер лысаму.
Лысы падкінуў манету і злавіў яе.
— Цяпер, спадзяюся, усё? — спытаў Ігар Валянцінавіч.
— О'кей, не хвалюйся,— адказаў лысы,— рабі свой бізнес. Мы любім згаворлівых людзей і не чапаем іх.
Абодва, не развітаўшыся, зніклі.
Ігар Валянцінавіч стаяў і глядзеў на зачыненыя дзверы.
— Падыдзі,— прашаптала Аксана сяброўцы.
Каця смела наблізілася да таты, пацягнула за рукаво:
— Табе патрэбен гэты талер, тата?
Ігар Валянцінавіч няўцямна зірнуў на дачку. Відаць, ён думаў ужо не пра «гасцей», не пра талер, а пра свой бізнес.
— Што? — перапытаў ён.— Не — навошта мне талер?.. На, вазьмі. Толькі трымай пры сабе. Ці мала што — раптам ім спатрэбіцца яшчэ і гэты?
— Не спатрэбіцца,— сказала Аксана.
Ігар Валянцінавіч паківаў ёй пальцам:
— Аксана, я цябе папярэдзіў! Не сунься ў гэтую гісторыю!
— Добра, Ігар Валянцінавіч,— пакорліва згадзілася дзяўчынка.— А можна, мы патэлефануем?
— Вядома, можна. Толькі нядоўга, мне яшчэ трэба абзваніць некаторых важных людзей...
Аксана, гледзячы ў паперку, заціснуўшы трубку між шчакою і плячом, набрала нумар.
— Гэта Аксана,— сказала яна, дачакаўшыся «алё».
Якое ж было яе здзіўленне і нават расчараванне, калі яна пазнала ў трубцы голас... настаўніка гісторыі Барыса Рыгоравіча! Адразу знікла ўся таемнасць гэтых шасці лічбаў, на якія Аксана так спадзявалася яшчэ хвілін колькі назад. Ёй нават захацелася пакласці трубку.
— Я цябе слухаю, Аксана! Што здарылася? — дапытваўся між тым настаўнік.— Ты ў Мінску?
Аксана прыкрыла далоняю трубку і запытальна зірнула на Кацю, якая стаяла побач. Але што магла параіць ёй наіўная Каця?..
— Нічога не здарылася, Барыс Рыгоравіч,— ціха сказала Аксана.— Хоць, зрэшты, здарылася... У нас непрыемнасці. Мы заблыталіся.
— Што такое?
— Я не магу сказаць па тэлефоне.
— Адкуль ты звоніш?
— Ад Каці Аляшкевіч.
— Дзе гэта?
— Сухарава.
— Дык гэта ж зусім блізка! А я жыву на «Захадзе», вы можаце зараз пад'ехаць або падысці. Тут ад вас два прыпынкі аўтобусам, ці пешкі праз лес. Каця павінна ведаць.
— А якая ў вас кватэра?
— Я пачакаю каля пад'езда, бо вы не зможаце патрапіць у дом — там замок з кодам...
Раздзел 40. КВАТЭРА НА «ЗАХАДЗЕ»
Каця добра ведала свой раён. Праз лес, які клінам урэзваўся ў гарадскія пабудовы, дзяўчынкі хутка дабраліся да шырокай, даўжэзнай вуліцы Лабанка. Адсюль пачынаўся мікрараён «Захад3».
Стаяў ясны дзень. Зусім распагодзілася. Пахла блізкім лесам і мокрай травою. Неба было чыстае і сіняе, сонца старанна высушвала з асфальту рэшткі дажджу.
— А там, за лесам, ёсць возерка,— паказала Каця.— Можа, сходзім?