— Пакуль мы не знайшлі ніякага золата,— заўважыла Каця.
— Абсалютна правільна,— сказаў Барыс Рыгоравіч, які зайшоў у пакой і ўсё чуў.
У руках настаўнік трымаў паднос, на якім дыміліся кубкі з гарбатаю, стаяў сподачак з варэннем, ляжала горка шакаладных цукерак.
Але найбольш уразіла дзяўчынак, што Барыс Рыгоравіч паспеў пераапрануцца. Ён быў у сваім шэрым касцюме, знаёмым ім яшчэ па школе, нават гальштук не забыўся павязаць. Вось дзіўны чалавек! А яны думалі:. ён жартаваў, калі называў іх паненкамі і прасіў прабачэння за свой выгляд.
Барыс Рыгоравіч паставіў паднос на столік, зноў выйшаў і вярнуўся са старэнькім куханным табурэтам — для сябе.
— Усё, частуйцеся! — весела прапанаваў настаўнік, падсеўшы да століка.
Каця адразу ўзялася за варэнне.
— Гэта праўда, Барыс Рыгоравіч, што скарб належыць здаваць дзяржаве? — спытала Аксана і пацягнулася да шакаладных цукерак.
— Па закону — так,— пацвердзіў настаўнік.
— Усё зразумелаі — усклікнула Аксана.— Значыць, калі б...
— Ну і цудоўна, раз вы ўсё зразумелі,— не даў ёй дагаварыць настаўнік.— А ў цэлым мне больш імпануе рэпліка Каці — спачатку трэба штосьці знайсці... І так, мілыя паненкі, калі я вас правільна зразумеў, вы марыце знайсці скарб напалеонаўскага афіцэра?
— Так. Зараз я вам усё раскажу,— заспяшалася Аксана.
— Не, пачакай. Справа сур'ёзная, таму і падыходзіць да яе трэба пасур'ёзнаму. Давай спярша абумовім сякіятакія пункты. Вы, шукальнікі скарбу,— гэта хто?
Аксана пачала загінаць пальцы:
— Я, Каця, Чэсь, Зміцер, Міхал...
— Пяць чалавек. Дык вось, перш чым расказваць мне, падумайце. Расказаўшы мне, вы ж прымаеце ў долю шостага.
— Ну і што? — здзівілася Аксана.— Але ж мы без вас нічога не зробім.
Барыс Рыгоравіч схіліў галаву ў пачцівым паклоне.
— Дзякую. Толькі добры я быў бы настаўнік, калі б увайшоў у хаўрус са сваімі вучнямі! — засмяяўся ён, не вытрымаўшы да канца гэтай ролі.— Таму даю вусную клятву: буду гіамагаць вам усім, чым змагу, але ад сваёй долі адмаўляюся катэгарычна. А цяпер — расказвайце. Я вас уважліва выслухаю, і тады памяркуем разам, як быць.
Аксана, штораз асцярожна сёрбаючы гарачую гарбату, пачала:
— Помніце, Барыс Рыгоравіч, калі я зайшла да вас на ўрок і папрасіла адпусціць Кацю?
— А як жа,— насмешліва пацвердзіў настаўнік.— Ты яшчэ тады развіталася назаўсёды... Усё, маўчу, маўчу, больш перабіваць не буду.
— Дык вось, тады Каця падаравала мне талер, з якога ўсё і пачалося...
І Аксана падрабязна распавяла: як яны з татам ехалі ў аўтобусе, як яна падумала, што згубіла манету, як, убачыўшы талер, у Чэрвені кінуліся за ёю Сева з лысым, а потым ехалі на «Аўдзі» за аўтобусам да самых Паплавоў, як яна пабілася з Чэсем — зза талера, а ў Чэся аказаўся свой, знойдзены на сотках каля помніка...
Дасюль Барыс Рыгоравіч слухаў дзяўчынку, ківаючы, і ледзь прыкметна ўсміхаўся. Але ў гэтым месцы расказа ён раптам усміхацца перастаў:
— Так, так, далей!
— Далей тата расказаў нам легенду пра таго французскага афіцэра, а потым мы стварылі «штаб», у будане, і кожны атрымаў заданне. Мне было даручана схадзіць у архіўны музей...
Калі Аксана дабралася да сваёй сустрэчы з загадчыкам, распавяла пра падслуханую гутарку загадчыка з Севам, Барыс Рыгоравіч зноў не стрымаўся:
— Дык вось з кім ён цяпер водзіць кампанію!.. Я заўсёды здагадваўся, што дабром ён не скончыць.
— А вы даўно з ім знаёмыя, Барыс Рыгоравіч? — упершыню за час бяседы спытала Каця.
— Ці даўно? Так, з другога курса універсітэта,— настаўнік пабарабаніў пальцамі па стале.— Мы тады хоць і былі ўдвая старэйшыя за вас, але таксама захапіліся гэтай гісторыяй, з талерамі...
— А зза чаго вы перасталі сябраваць?
— Я зразумеў, што патрэбен яму толькі як рабочая сіла. Ён не давяраў мне. Але калі быць да канца шчырым, найбольш мне не падабалася ў ім, што ён проста варожа ставіўся да роднай мовы, лічыў яе дыялектам рускай. Нават на ўроках беларускай літаратуры прынцыпова адказваў толькі паруску. Дарэчы, вучыўся ён увогуле кепска. Але выкладчыкі шкадавалі яго — усё ж калека. Гэта, вядома, грэх, але мы, студэнты, ды і некаторыя выкладчыкі за вочы дражнілі яго Павуком.