Выбрать главу

— Сева яго гэтаксама зваў, толькі ў вочы,— сказала Аксана.

— Дажыўся, значыць,— паківаў галавою Барыс Рыгоравіч.— Але так, так — далей!

Аксана ўздыхнула:

— А далей прыехалі Сева з лысым, і Кацін тата абмяняў наш талер на іхні. І мы заблыталіся і не ведаем, што рабіць.

Раздзел 42. ТРЭЦІ ТАЛЕР

— Значыць, іхняя манета цяпер у Кацінага таты? — хутка спытаў Барыс Рыгоравіч.

— Не, у нас.

— Сапраўды?! Можа, вы нават прыхапілі яе з сабою?

— Так, вось яна,— Каця падала настаўніку манету.

Барыс Рыгоравіч падхапіўся з табурэта, пакруціў талер у пальцах, тады падышоў да акна і, схіліўшы набок галаву, уважліва пачаў разглядаць манету.

— Талер сапраўдны, без сумнення! — усхвалявана прамовіў ён.— Гэта той самы талер, які знаходзіўся ў музеі.

— Тады чаму Павук распараджаецца музейным талерам, бы сваім уласным? — спытала Аксана.

— Хутчэй за ўсё ў музеі цяпер ляжыць падробка,— патлумачыў Барыс Рыгоравіч.— Розніцы аніякай: каму прыйдзе ў галаву разбірацца, сапраўдная манета пад шклом на стэндзе ці фальшывая? Ну, мілыя дзяўчынкі,— весела сказаў ён, аддаўшы талер Каці і паціраючы рукі,— віншую вас! Вы хоць самі здагадваецеся, якую важную справу зрабілі? Усе тры манеты знойдзены! Адна ў нас, другая ў гэтага хлопчыка з Паплавоў і трэцяя — у Павука!

— Вось іменна — у Павука, а не ў нас,— сказала Аксана, не падзяляючы радасці Барыса Рыгоравіча.

— Гэта нават не важна. Галоўнае, усе тры манеты існуюць, у прынцыпе, яны знойдзены!

Каця паціснула плячыма:

— Але чаму яны... ну, Сева з лысым, аддалі тату сапраўдны талер?

— Я гэтага таксама не разумею,— падтрымала яе Аксана.

Барыс Рыгоравіч хітравата прыжмурыўся:

— Усё проста. Талер ім цяпер непатрэбен, як непатрэбен у хуткім часе ён будзе і нам. Хіба для калекцыі... Зараз я вам пакажу.

Настаўнік выкалупнуў з паліцы якуюсь тоўстую кнігу, пагартаў яе і выцягнуў з­паміж старонак... акурат такую ж копію бяросты, якую Аксана з рызыкай для сябе здабыла ў кабінеце загадчыка архіўнага музея!

— Глядзіце,— Барыс Рыгоравіч адсунуў кубак з гарбатаю, паклаў копію на столік.— Каця, дай, калі ласка, талер... А ты, Аксана, знайдзі там, каля тэлевізара, аловак. Ага, дзякую... Дык вось, дарагія паненкі, галоўнае тут — не самі талеры, а іх абрысы. У прыватнасці, гэтыя вось шчэрбіны, зробленыя на талеры нажом. Французскі афіцэр, як вядома, быў інжынер­тапограф і такім чынам — робячы нажом зазубіны на баках манет — у пэўным маштабе зашыфраваў незнаёмую яму мясцовасць, выкрэсліў маршрут да «КЛАДУ», гэта значыць скарбу. Талеры прыкладаюцца да бяросты­схемы, і маршрут становіцца вядомым. Вядома, пакуль у нас толькі адна манета,— сказаў Барыс Рыгоравіч, скончыўшы чарцёж,— таму я дзве другія малюю адвольна, на схеме яны могуць размяшчацца крыху ў іншым парадку. Але цяпер, думаю, вам усё зразумела...

— Як жа мы не здагадаліся абвесці талер? — з жалем прамовіла Каця.— Ён жа быў у нас столькі часу!

— Так,— пагадзіўся настаўнік.— Дастаткова было толькі пакласці манету на чысты аркуш паперы і абвесці контур. Аднак не перажывайце дужа — вы не маглі гэтага ведаць. Ды і бяросты ў вас не было, каб здагадацца.

Раздзел 43. НОВЬІЯ ЗАГАДКІ

Аксана раптам запляскала ў ладкі.

— Успомнілаі — ускрыкнула яна.— Барыс Рыгоравіч, успомніла! Скажыце, а калі на насоўцы пляма ад алею? Яна можа выдыхацца, ці выпарыцца?

— Не думаю. Але пры чым тут...

— Я, калі была ў бабулі, капнула на талер алею! Хацела паглядзець, што будзе, а потым выцерла новенькай насоўкаю, і на ёй засталася брудная пляма — контур манеты! А потым,— дзяўчынка пачырванела, аднак даказала да канца,— а потым я схавала насоўку пад матрац.

— Тады гэта проста цудоўна,— сказаў Барыс Рыгоравіч.

— Выходзідь, у нас цяпер усе тры манеты,— сказала Каця.— Застаецца толькі перамаляваць іх контуры на бяросту­схему...

— Калі толькі бабуля не знайшла насоўку і не памыла яе,— заўважыў настаўнік.

Аксана спалохана закрыла сабе далоняю рот, тады прамовіла:

— Не павінна знайсці, я добра схавала.

Барыс Рыгоравіч з Кацяю засмяяліся.

— Не, мілыя дзяўчынкі,— на жаль, нават калі ў нас ёсць усе тры манеты, гэта яшчэ не ўсё,— сказаў настаўнік.— Вядома, цяпер разгадка нашмат бліжэй. Але і загадак пакуль не меншае.