Крэсла пад бацькам зноў жаласліва зарыпела.
— Як правіла дзеці з няпоўных сем'яў пакутуюць або ад недахопу ўвагі да іх, або ад залішняй увагі, калі іх занадта шкадуюць і песцяць,— разважаў далей Андрэй Адамавіч, не заўважаючы, што твар бацькаў мяняецца, з вінаватаветлівага робіцца ўсё больш панурым.— Іншымі словамі, такія дзеці бываюць разбэшчанымі.
— І да якога з гэтых двух варыянтаў вы адносіце Аксану?
— Вось гэта мы зараз і высветлім. Вы, калі не памыляюся, археолаг?
— Не памыляецеся. Археолаг, кандыдат гістарычных навук.
— Ці не маглі б вы коратка апісаць расклад вашага працоўнага дня?
— Ну, раніцай прачынаюся, раблю зарадку, прымаю душ, гатую сняданак, буджу Аксану, збіраю яе ў школу, еду ў Акадэмію... Вам цікава гэта? — спытаў раптам бацька.
— Вядома! Далей, калі ласка.
— У Акадэміі я працую ў лабараторыі, з экспанатамі, або ў архіве, на кафедры... У пяцьшэсць гадзін вечара вяртаюся, Аксана ўжо дома, або гуляе, ці ў сяброукі.
— Так, або гуляе, ці ў сяброўкі... А як вы праводзіце выхадныя?
— Увосень ездзім за горад у грыбы, зімою — на лыжах, ходзім гуляць у парк Чалюскінцаў, у Батанічны сад, ездзім да маёй маці — Аксанінай бабулі — у Бярэзінскі раён...
— Да якой і сёння сабраліся?
— Так.
— Скажыце, а дзе цяпер ваша былая жонка?
— Тут, у Мінску. У яе цяпер свая сям'я і свае дзеці.
— Аксана наведвае яе?
— Я не забараняю дачцэ рабіць гэта,— панура адказаў бацька.
— Зразумела, але ці часта Аксана бывае там?
— Рэдка. Ёй не падабаецца там.
Самому бацьку таксама ўсё менш і менш падабалася гэтая «педагогіка», якая нагадвала нейкі допыт. Але ён мусіў цярпець і адказваць на пытанні. Вінаватая Аксана? Вінаватая. Мае права завуч школы разабрацца ў сямейных праблемах сваёй вучаніцы, каб потым лепш яе выхоўваць? Мае і нават абавязаны.
— А як вы праводзіце лета? — дапытваўся Андрэй Адамавіч.
— Лета...— бацька сумеўся.— З летам такая сітуацыя: бачыце, мне абавязкова патрэбна хоць раз на год выязджаць са студэнтамі ў экспедыцыі і проста на раскопкі... Так што дачка кожнае лета жыве ў бабулі.
— Ага. Тады вось што мы маем,— завуч падняў аловак тупым канцом уверх,— улетку, калі найлепш наладжваюцца кантакты паміж бацькамі і дзецьмі, дзяўчынка праводзіць канікулы сама па сабе. З другога боку,— аловак перакруціўся тупым канцом уніз,— бабуля дорыць дзяўчынцы жаночую ласку, спагаду, тое, што не можа даць маці.
Цярпенне ў бацькі канчаткова лопнула.
— Андрэй Адамавіч,— рашуча аб'явіў ён, падняўшыся.— Я паважаю вашу педагагічную практыку і абяцаю прыняць яе да ведама. А пакуль хай усё застаецца, як і раней. Хай мая дачка будзе такой, якая ёсць, і буду выхоўваць я яе так, як палічу патрэбным. Дарэчы, настаўніца замежнай мовы не сказала вам, чаму Аксана магла напісаць ёй такое?
— Не,— завуч утаропіўся ў бацьку, нібы ўпершыню бачыў, і ад здзіўлення нават адклаў убок аловак, які не выпускаў з пальцаў падчас усяе гутаркі.
— Вельмі кепска. Некаторыя настаўнікі маюць патрэбу ў выхаванні не менш за вучняў... Дык я пайду?
У гэты момант на калідоры празвінеў званок з урока. Бацька, кіўнуўшы завучу на развітанне, выйшаў. З другога паверха акурат спускаўся гісторык Барыс Рыгоравіч з журналам і ўказкай пад пахаю. Бацька спыніўся пачакаць яго. З прачыненых дзвярэй кабінета выйшаў і завуч.
— А! — усклікнуў Барыс Рыгоравіч, убачыўшы бацьку.— Міхась, як жа вы так знянацку пакідаеце нас? Што здарылася?
— Нічога,— здзівіўся бацька.— Вось вырашылі выбрацца на выхадныя ў вёску, адведаць старую.
— Як на выхадныя? Толькі што Аксана прыйшла на ўрок і развіталася, сказала, што вы назаўсёды з'язджаеце з Мінску, яна кідае школу...
Завуч, які ўсё чуў, глядзеў на збянтэжанага, пачырванелага бацьку і дакорліва ківаў галавою. «Не хацелі слухаць мяне — дык вось атрымлівайце»,— гаварыў увесь яго выгляд.
Раздзел 4. ТАЛЕР
Да самага аўтавакзала бацька не прамовіў ні слова. Маўчала вінавата і Аксана. Звычайна ёй сыходзіла з рук дужа многае, але цяпер яна разумела, што неўпрыкмет, загуляўшыся, пераступіла нейкую мяжу, якая аддзяляе гульню ад дарослага жыцця з яго правіламі. Яна парушыла гэтыя правілы, ступіўшы са сваёй тэрыторыі, са свайго дзіцячага, зразумелага, вясёлага, поўнага выдумак і фантазій свету ў свет дарослых, дзе ўсё так рэалістычна, суха, нецікава...
Калі ж, пачакаўшы трохі на гаманкім, людным у гэтыя перадвыхадныя дні пероне, яны з бацькам уселіся ў мяккія, зручныя, у самым перадзе крэслы «Ікаруса», Аксана міжволі забыла пра сваю віну і прыліпла тварам да акна. Наперадзе была дарога.