— Вось вам і давядзецца гэтым заняцца,— сказаў Барыс Рыгоравіч.— Трэба, як рабіў некалі я, пахадзіць па вакольных вёсках, распытаць старых людзей: ці не помняць яны каля Бярэзіны маленькіх рачулак, якія цяпер зніклі... Трэба яшчэ і яшчэ перагледзець усе тапаграфічныя карты, і не толькі ваколіц Бярозы, а і ўсіх большменш значных паселішчаў на старым смаленскім шляху, кудою адступалі французы.
— Вось каб вы з намі паехалі, Барыс Рыгоравіч! — прапанавала Аксана.— У бабулі вялікая хата, усім месца хапіла б... Вы столькі ўсяго ведаеце, можаце падказаць... А то што мы самі зможам?
— Аксана,— пасміхнуўся Барыс Рыгоравіч,— мушу табе прызнацца: я збіраўся ехаць у Паплавы нават без тваёй просьбы. Нядаўна мне тэлефанаваў твой тата, папрасіў, каб памог вам, чым змагу. Ды я і так даўно не быў у тых мясцінах, хачу пажыць на прыродзе, схадзіць на рыбалку, у грыбы... А спыніцца мне ёсць дзе.
— Вось здорава!
— Вы можаце паехаць заўтра разам з намі на машыне,— сказала Каця.
— Не, дзяўчынкі, мне яшчэ трэба пару дзён пабыць у горадзе. Да таго ж, калі шчыра, хачу праехацца аўтобусам, я люблю дарогу, новых людзей, люблю выйсці на прыпынку, патупаць каля аўтобуса...
Праводзячы павесялелых дзяўчынак, Барыс Рыгоравіч даваў апошнія ўказанні:
— Копія бяросты ў вас ёсць, беражыце гэты талер, у Паплавах, Аксана, расшуквай сваю насоўку і перамалёўвай контур плямы... І чакайце мяне. Да сустрэчы ў Паплавах!
Часціна чацвёртая. СКАРБ
Раздзел 44. ПАХОД
Пасля гісторыі з участковым хлопцы неяк астылі да пошукаў скарбу. Дый сапраўды: як і дзе яго шукаць, той скарб?.. Аксаны ўсё няма. А лета праходзіць. Так, чаго добрага, і нагуляцца не паспееш...
Найперш хлопцы як след праканапацілі старую і нічыйную лодку. Нагрэлі ў бляшанцы піку — чорнага будаўнічага гудрону — і абмазалі ім днішча. У лодку нанасілі сена, зверху паклалі пару старых ватовак, кавалак брызенту. Вуды без вудзільнаў, шнуры, ежу, прыправу для юшкі ўпакавалі ў Міхалаў вялікі заплечнік. Чэсь не забыў нават мазі ад камароў.
— Не сварылася маці? — спытаў Міхал, тужэй зацягваючы шворку на заплечніку.
— Не, наадварот! — адмахнуўся Чэсь.— Сказала, даўно трэба было чым людскім заняцца, чым тут, па сяле, швэндацца ды шкоды шукаць.
Адплываць вырашана было заўтра з раніцы.
Міхал крыху прыпазніўся. Калі ён подбегам, пацепваючы плячыма ад ранішняй свежасці, наблізіўся да ракі, Чэсь са Змітраком ужо былі на месцы. Над вадой вісеў белы туман. Ледзьве можна было разгледзець лодку і хлопца ў ёй.
Міхал залез у лодку, адштурхнуўся вяслом ад цупкага, мокрага ад расы берага. Карма паволі ссунулася ў ваду, лодка загайдалася. Паехалі!..
— Дай я першы павяслую,— мосцячыся на лавачцы пасярэдзіне, прапанаваў Чэсь.— Хоць сагрэюся.
Плёхнулі апушчаныя ў ваду вёслы, зарыпелі ўключыны. Чэсь, азіраючыся, павёў лодку паўз самы бераг, уверх па цячэнні. Такі быў іхні план: пакуль свежыя сілы, плыць у вярхоўе ракі, туды, дзе ў Бярэзіну ўпадае Уша. Вядома, грэбці супраць цячэння запарышся, затое назад будзе лёгка. Нават вёслы не спатрэбяцца — сядзі сабе на карме ды кіруй.
Які гэта цуд — сустракаць новы летні дзень у лодцы на рацэ! Толькітолькі вузкай палоскаю пачынае ружавець усход. Рытмічна плёхаюць вёслы, ціха гамоніць вада, разбіваючыся аб нос хуткай лодкі. У тумане праплываюць зарослыя аерам, чаротам, захінутыя густым кустоўем берагі. Нясмела яшчэ шчабечуць раннія птушкі. Зрэдку каля берагу ці пасярэдзіне знянацку плёхне вялікая рыбіна. Нават камарыны звон не раздражняе, а, здаецца, толькі дапаўняе гэтую гармонію летняй раніцы...
Ва ўсіх трох настрой быў лірычны. Чэсь без утомы працаваў вёсламі і ўсміхаўся нейкім сваім думкам. Змітрок, седзячы на карме, нізка схіліўся, апусціў у ваду руку. Міхал не зводзіў вачэй з ружовай палоскі на ўсходзе, адкуль восьвось павінны былі пырснуць першыя залатыя промні. Толькі калі зусім блізка бухала рыбіна, ён уздрыгваў. Дужа вялікая была спакуеа спыніцца зараз — хоць бы вунь там, каля падковы высокага аеру, дзе карчы схіліліся над самай вадою, разматаць вуды...
Але хлопцы яшчэ раней дамовіліся не спыняцца. Хай, будзе яшчэ часу і парыбачыць. Вось дабяруцца да знаёмага «паўвострава», размесцяцца, уладкуюцца...
— Давай падмяню,— спахапіўшыся, прапанаваў Міхал.
— Я не стаміўся,— Чэсь, аднак, адразу ж саступіў сябру месца.— Што задумаўся? — штурхнуў ён Змітрака.
Той выцягнуў з вады руку, абцёр аб брызент.
— Ды ўсё думаю пра крыжык і слова «КЛАД»,— прызнаўся ён.— Чамусьці, здаецца, у гэтым слове — уся загадка... Нібы слова, якое забыў: круціцца на языку, і ніяк не ўспомніш...