Выбрать главу

— Дык у мяне з сабою ёсць і талер, і копія бяросты,— пачаў быў Чэсь, але Міхал прыкрыкнуў на іх:

— Хлопцы! Мы дамовіліся: ніякіх скарбаў! Едзем проста гуляць, купацца, адпачываць, вудзіць рыбу.

Раздзел 45. ПАЎВОСТРАЎ

Да выбранага месца дабраліся надзіва хутка. Памагло, відаць, яшчэ і тое, што не было ветру, рака была ціхая, плынь — павольная. Але сонца даўно паднялбся, рассеяўся туман, зніклі камары, перастала гуляць рыба.

Міхал адкасаў рукаво велікаватай яму бацькавай гімнасцёркі і зірнуў на гадзіннік.

— Адзінаццаць усяго! — сам здзівіўся.— Ну, паказалі мы рэкорд...

— Нічога дзіўнага,— сказаў Чэсь, налягаючы на вёслы (яму зноў надышла чарга грэбці).— Мы расцем, дужэем, вось і пачалі даплываць хутчэй. Глядзіш, да канца лета і ў Барысаў будзем даплываць за пару гадзін!

Лодка з размаху, шкрабнуўшы па пяску, уссунулася носам на нізкі бераг. Хлопцы, размінаючы зацеклыя ногі, узяліся за работу.

Бярэзіна ў гэтым месцы падзяляецца на два рукавы. Першае — гэта «жывое» асноўнае рэчышча, і другое — старык, вялікая глухая затока. Паміж імі — каса­пагорак метраў дваццаць у шырыню і з кіламетр у даўжыню. Вядома, не востраў (астравоў на Бярэзіне амаль няма), аднак менавіта гэтая мясціна заўсёды прываблівала хлопцаў. Рамантыка! Хоць на нейкі час можна ўявіць сябе рабінзонамі, або проста старымі вопытнымі рыбакамі, якія робяць усё спаважна, няспешна, якія ведаюць, што недзе ў Паплавах іх чакаюць галодныя сем'і, таму хоць разбіся, а без рыбы дамоў не вяртайся...

Адзін бераг паўвострава — з боку старарэчышча — быў высокі, цупкі, зарослы муражком. А там, дзе высадзіліся хлопцы, з боку Бярэзіны — бераг пакаты, з чыстым жоўтым пясочкам — сапраўдны пляж.

Хлопцы выцягнулі на бераг лодку, разгрузіліся. Міхал дастаў з заплечніка вялікі нож­цясак. Агледзеўся. Непадалёку, акурат на самым высокім месцы паўвострава раскінуўся вялікі, падобны на шар, куст вербалозу. Міхал пакіраваўся да яго.

Змітрок з Чэсем таксама дасталі з кішэняў свае складанчыкі і памкнуліся былі памагаць сябру.

— Асцярожна,— спыніў іх Міхал,— у такіх карчах можа быць гадзюка!

Ён ссек доўгі дубец, абышоў з ім вакол карча, варушачы сухое лісце. Тады смела ўламаўся ўсярэдзіну. З­пад цесака пасыпаліся, бы салдаты непрыяцельскага войска, ссечаныя галіны... Хутка шалаш быў гатовы. З бакоў, як сцены,— зялёныя галіны; наверх Змітрок з Чэсем усцягнулі брызент. На вострыя сучкі нагрэблі тоўсты пласт лісця, перанеслі з лодкі сена, заслалі зверху ватоўкамі.

— Хутка і добра,— сказаў Міхал, адышоўшы далей і любуючыся на жытло.— І суха, і не відаць нічога... А на ноч абкружым куст вяроўкаю, ніводная гадзюка праз вяроўку не палезе.

Цяпер заставалася толькі нарыхтаваць дроў — і абедаць, бо ўсе ўжо прагаладаліся.

Углыб паўвостраў быў скрозь зарослы шывельгай і вербалозам, сярод якіх траплялася шмат сухастою. Неўзабаве хлопцы прынеслі па добрай ахапцы сухога хмыззя.

— Пакуль хопіць,— сказаў Міхал, ладзячы агеньчык.— А на ноч з'ездзім на той бок Бярэзіны, назбіраем добрых, тоўстых дроў.

Сушняк хутка ўхапіўся агнём, весела затрашчаў. Разлёгшыся непадалёку, хлопцы ўзяліся абедаць. На разасланай газеце перад імі ляжалі прыпасы: сала, хлеб, вараныя яйкі, катлеты, кавалак каўбасы, некалькі корчыкаў маладой цыбулі, радыскі... Падрыхтавалі і бульбы — каб напячы потым у прысаку.

Нейкі час усе моўчкі прагна елі.

— Шкада, юшкі няма,— уздыхнуў Змітрок, смачна заядаючы хлеб з салам зялёнай перынаю цыбулі.

— Паспытаем яшчэ і юшкі,— супакоіў яго Чэсь.— Цяпер, удзень, нічога брацца не будзе. Я вось іншаму здзіўляюся — чаму на прыродзе ўсё заўсёды такое смачнае?

— Знайшоў чаму здзіўляцца,— гмыкнуў Міхал, налягаючы на катлеты.— Паветра свежае, вось і здаецца, што зусім іншы смак. Я яшчэ люблю есці, калі фільм гляджу, або кніжку чытаю, у якіх людзі ядуць. Тады прыбяру ў жывот усё, што пад рукамі, і не заўважу...

— Не, гэта не так проста,— сказаў раптам Змітрок.— Я чытаў, што на прыродзе ў чалавеку абуджаюцца даўнія інстынкты, абвастраецца пачуццё небяспекі. Ён міжволі пачынае есці хутка, баючыся, каб не адабралі. Таму і здаецца ўсё смачным, бо не зважаеш на розную драбязу, як, скажам, на гэты пясок, што прыліп да хлеба.

Міхал з Чэсем здзіўлена на яго зірнулі.

— Філосаф,— пазяхнуўшы, прамовіў Міхал.— Усё, хлопцы, не ведаю, як вы, а мне бульбы расхацелася...— Ён перакуліўся на спіну, раскінуў рукі.— Так і ляжаў бы, здаецца, да самага вечара!

— А я пайду купацца,— заявіў Чэсь, таксама лягаючы на спіну,— а потым абследаваць востраў. Грэх прапускаць такую пагодку: раз ужо вырваліся сюды, дык варта пажыць уволю...