— Я таксама з табою,— сказаў Зміцер.
І ніхто з трох не крануўся з месца.
Так, у паўдрымоце, распрануўшыся, праляжалі мо гадзіны дзве. Тады раптоўна, бы па камандзе, усе разам ускочылі і кінуліся да цёплай рачной вады. Купаліся, плавалі на перагонкі, гулялі ў «шчупака»; Міхал, які ныраў лепш за ўсіх, падняў з самага дна нейкую карчажыну, падцягнуў у вадзе да берага, пачаў абмацваць яе, шнырыць пальцамі ў карычневым слізкім імху... Потым разагнуўся і ўрачыста паказаў хлопцам паржавелую блешню з абарваным кавалкам лёскі.
— Выкінь ты яе,— абыякава сказаў Чэсь, выбіраючыся на бераг.
Але Міхал моўчкі пачаў шморгаць блешняю аб пясок, спрабуючы адчысціць яе, аж пакуль не абламаў вялікі, з'едзены іржою кручок. Хлопец размахнуўся і са злосці шпурлянуў блешню далёка ў раку.
Гэты гукшпоканне нібы ацверазіў сяброў, ураз нагадаў ім, што самае цікавае — рыбалка — яшчэ наперадзе. Сонца ўжо спусцілася амаль да самага лесу. Наставаў вечар, таму мацнейшымі зрабіліся пахі. Увогуле, рака, асабліва цёплымі летнімі вечарамі, мае той своеасаблівы, свежы, радаснанепаўторны водар, з якім не параўнаецца ні лясное паветра, ні горнае, ні марское...
Чэсь з Міхалам абуліся, пайшлі зноў у глыб паўвострава, адшукалі некалькі раўнейшых, даўжэйшых вербалозін на вудзільны. Змітрок тым часам успорваў трэскаю дзёран, выбіраючы чарвякоў. Нарэшце прыладзілі вудкі, сабраліся, прычым кожны захацеў рыбачыць сам па сабе. Зміцер выбраў месца тут жа, непадалёку ад шалаша, на высокім беразе старарэчышча, прысеў, адразу ж закінуў вудку ў нерухомую, зарослую гарлачыкамі і трыліснікам ваду. Міхалу выпала самае нецікавае, але і неабходнае,— злавіць хоць колькі жыўцоў. Таму ён таксама далёка не адыходзіў. Адзін Чэсь усё не мог нідзе прымасціцца. Перш пастаяў каля Міхала, тады пасядзеў побач са Змітраком. Урэшце пакіраваўся пясчаным берагам касы некуды далёка, уніз па цячэнні. Там былі перакаты і віры, Бярэзіна там шырэла і крыху запавольвала плынь.
У Змітрака зялёны, бы жалудовая шапка, паплавок як стаяў сярод трылісніку, так без аніякай паклёўкі і патануў.
— Ёсць! — ціха выгукнуў Зміцер і, трымаючы за лёску, паказаў Міхалу невялікага, з далонь акунька.
Міхал аднак не адчуў да сябравай «удачы» зайздрасці. Ён ведаў, як звычайна клюе рыба ў старыках, дзе стаячая вада: толькі вось такія дурныя акунькі, што адразу заглынаюць нажыўку, і будуць брацца, дый то не часта.
Міхалу не шэнціла. Клявалі адны верхаводкі — рыба, якая зусім не падыходзіць для жыўцоў: і велікаватыя, і, галоўнае, выцягнутыя з вады, не жывуць доўга, ператвараюцца ў кісель...
Міхал зматаў вуду і пайшоў да Чэся, спадзеючыся там, на перакатах, дзе чыстае пясчанае дно, нацягаць хоць печкуроў.
Першае, што кінулася яму ў вочы, калі ён выйшаў зза павароткі, было сагнутае ў дугу Чэсева вудзільна... Міг — і вудзільна са свістам разагнулася, выкінуўшы на бераг шырокую тоўстую плотку. Рыбіна забілася на пяску. Яна хаўкала і варушыла прыгожымі залацістачырвонымі плаўнікамі.
— Ух ты,— прысвіснуў Міхал, падбягаючы да сябра.— Якія тут ловяцца!
— Цішэй,— Чэсь прыклаў да вуснаў палец,— плоткі пужлівыя... Ужо тры такія,— пахваліўся ён.
Зняўшы з кручка рыбіну, Чэсь пусціў яе ў невялікую ямку, выкапаную трэскай. Начапіў свежага чарвяка, закінуў вуду і застыў у чаканні.
Міхал нагнуўся над ямкаю. Сапраўды, у неглыбокай каламутнай вадзе стаялі адна каля адной і ляніва варушыліся тры доўгія чорныя спіны.
— Як ты іх ловіш? — шэптам спытаў Міхал, адразу забыўшы на печкуроў.— Якое дно?
— Ды ніякае... У правес...
«У правес» — гэта значыць, паплавок падцягваецца да самага кончыка вудзільна, а грузік, наадварот, апускаецца да кручка. Добра лавіць так, калі на рацэ моцнае цячэнне, якое намывае водмелі, а пасля адразу — яма або вір. Тады вада апускае лёску на дно, а паплавок на кончыку вудзільна пад невялікім вуглом прагінае гэтую лёску — як бы «правісае» яе. Нацягнулася лёска, «выпраміўся вугал» — усё, падсякай і выцягвай, рыба на кручку...
Тым часам у Змітрака, што сядзеў на беразе старарэчышча, раптам пачало так кляваць, што ён ледзь паспяваў змяняць нажыўку. Толькі крануўшыся вады, паплавок пачынаў калывацца, вытанцоўваць і даваў нырца. Усё было б цудоўна... калі б хоць раз злавілася штосьці людскае!.. А то — акунькі і плотачкі з палец. Здымаючы з кручка чарговую «кільку», Змітрок крадком азіраўся і ў душы быў рады, што сябры адышліся далёка і нічога не бачаць. Самых жвавых плотачак пускаў у кансервавую бляшанку з вадою — «скажу, знарок хацеў жыўцоў налавіць!»