Урэшце надакучыла, плюнуў на ўсё, зматаў вуду, аднёс да шалаша бляшанку з жыўцамі, захінуў травою. Вечарэла, больш з'явілася камарэчы. Сонца апусцілася да самых вершалін дрэў зарэчнага лесу. «Пайсці пашукаць хіба хлопцаў?» — занепакоіўся Зміцер.
Але тут пачуліся галасы, крокі, і паказаліся Чэсь з Міхалам. Чэсь аберуч, прыціскаючы да жывата, нёс нейкі мех. Гэта была яго майка са звязанымі рукавамі. Падышоў да шалаша і моўчкі высыпаў на траву з добрае вядро рыбы, адных плотак, тоўстых, шырокіх, ці не па локаць.
— Эх, вы,— Зміцер адступіўся, стараючыся непрыкметна адсунуць нагою далей у траву бляшанку са сваім «уловам»,— не маглі пазваць!
Але Міхал убачыў, нагнуўся, схапіў бляшанку:
— Што тут, жыўцы? Вось малайчына!
Так Змітраку і не давялося апраўдвацца. Усе былі задаволены.
— Хлопцы, вечарэе,— зірнуўшы на лес, у якім да палавіны схавалася сонца, сказаў Міхал,— а работы яшчэ непачаты край. Давайце ў лодку, перапраўляйцеся на другі бок і збірайце дровы. А я пастаўлю шнуры.
— А давай наадварот? — прапанаваў Чэсь.
— Калі ласка. Толькі не забывай, што паставіш шнуры, а іх усяго чатыры, і будзеш чысціць рыбу.
— Ну і што? Я люблю.
Аднак і ўвечары паспытаць юшкі ім не давялося.
Пакуль хлопцы з'ездзілі і вярнуліся зза ракі, пакуль Чэсь цягаўся па беразе, выбіраючы лепшае месца для шнуроў, пакуль, ужо ўсе ўтрох, перанеслі дровы з лодкі да кастрышча — зусім сцямнела. Паспелі яшчэ пачысціць па адной рыбіне, тады Чэсь, выціраючы аб траву слізь і луску з пальцаў, сказаў:
— Ай, надакучыла... Плоткі яшчэ жывыя, давайце складзем іх у сетку ды пусцім у ваду каля берага, хай плаваюць да заўтра,— і ён шырока, на ўвесь рот пазяхнуў.
«А як жа «я люблю чысціць?» — хацеў нагадаць Міхал, але паленаваўся, бо і сам ужо быў добра натомлены. Словам, ніхто не запярэчыў Чэсю. Жывых плотак у сетцы апусцілі ў раку, прывязаўшы канцы сеткі да лазовай галіны, пачышчаных — пераклалі ў вядры крапівою, якая расла тут скрозь і яе лёгка было нарваць нават у цемры. Вячэралі моўчкі, хутка, адной печанай бульбай з соллю. Тады, пазяхаючы, адзін за адным забраліся ў шалаш. Апошні, Міхал, не забыў нават абкружыць жытло вяроўкаю — ад гадзюк.
Раздзел 46. НОЧ
Уночы Чэсю захацелася на двор. Ён адхінуў галіны, што служылі заместа дзвярэй, і вылез з шалаша.
Зябка, цёмна... Толькі высока ў небе слаба свецяцца рэдкія чэрвеньскія зоркі. Вогнішча даўно патухла. Зусім блізка рака, пераліваецца, звініць, плёхае ў бераг...
Чэсь падкінуў на кастрышча сушняку, прылёг і патрошку пачаў раздзьмухваць сівы лёгкі прысак — аж пакуль не заблішчэлі іскрынкі, а потым — заскакалі языкі вясёлых агеньчыкаў. Адразу выступілі з цемры і наблізіліся бліжэй да цяпла і святла вычварныя абрысы кустоў, нібы ім таксама было холадна і адзінока гэтай ноччу.
Абняўшы рукамі калені, Чэсь глядзеў на агонь. Успомнілася Аксана... Дзе яна, што з ёю? Чаму не прыязджае? А маглі б вось цяпер сядзець разам каля начнога вогнішча... Як здорава было б!
І раптам за яго спіною, у старарэчышчы, штосьці моцна і гучна плёхнула, бы хто кінуў у ваду цяжкую паляняку. Уміг парушылася начная цішыня, залопалі крыламі, загергеталі, узлятаючы ў паветра, дзікія качкі, што начавалі ў старарэчышчы ў прыбярэжных чаратах. Ад неспадзеўкі Чэсь аж падскочыў. Закалацілася сэрца, па спіне прабеглі дрыжыкі. Што гэта?! Вось зноў — плёх! Рыба? Не, здаецца, рыба плёхае зусім інакш... Бабёр? Ці гэта... вялізная вадзяная змяя?
Адразу ўзнік перад вачыма эпізоді з тэлеперадачы «У свеце жывёлаў». Маленькае афрыканскае балотца пасярод высахлай саваны, да якога сыходзяцца на вадапой звяры, злятаюцца птушкі, на вадзе плаваюць качкі... Потым, вось як цяпер, качкі закрычалі, узляцелі, але адна залапатала крыламі, б'ючыся ў вадзе, і пачала тануць, а з вады высунулася квадратная пашча анаконды, акурат бы ва ўдава з мультфільма «Маўглі», заварушыліся доўгія сківіцы — коўць, коўць, і качкі як і не было. Нават па тэлевізары страшна глядзець такое.
Чэсь схамянуўся. Герой! Ды якія тут у нас, у Беларусі, анаконды! А яшчэ пра Аксану думаў! А што, калі б яна сапраўды была зараз тут? І ўбачыла, як ён спалохаўся? Абаронца... А калі яна сама спалохалася б і прытулілася б да яго? І адчула, як ён калоціцца?
Чэсь выхапіў з кастрышча галавешку з агнём. Трымаючы яе перад сабою, смела наблізіўся да старыка.
Пасвяціў, пачаў углядацца. Ціха, нідзе нічога не відаць, толькі водбліскі агню на вадзе. Павярнуўся, каб ісці, зноў — плёсь!
Штосьці валтузілася там, пасярод затокі,— і не рыба, не звер, а незразумелае штосьці... Чэсь хуценька вярнуўся да вогнішча. Хлопцаў хіба пабудзіць? Засмяюць, калі акажацца, што гэта звычайны бабёр ці проста вялікі шчупак. Пайсці спаць? Страшнавата... Так і стаіць у вачах той вадзяны пітон, які заглытвае качку... А што, калі гэтая пачвара надумаецца раптам вылезці на бераг? Не, лепш сядзець тут і пільнаваць агонь, дроў хапае, а агню ўсялякая жывёла баіцца...