Выбрать главу

Так і прасядзеў да світання, балазе летняя ноч кароткая. Неўзабаве на ўсходзе пасвятлела. Неба ў тым баку проста на вачах пачало налівацца ранішняй чырванню. Прачнуліся, яшчэ нясмела зашчабяталі птушкі. А тое, у затоцы, жыло — плёхала, плавала, уздыхала... І ўсё на адным і тым месцы, нібы прывязанае.

«Хай добра развіднее, тады разбуджу хлопцаў»,— думаў Чэсь, прыслухоўваючыся.

З шалаша паказалася Міхалава галава, а потым і ўвесь ён, заспаны, пазяхаючы, вылез і падышоў да кастра. Пацёр далоні.

— Вось малайчына, здагадаўся агонь распаліць,— сказаў хрыпатым пасля сну голасам і пракашляўся.

— Каб не гэты агонь, дык нас, можа, ужо ў жывых не было б,— Чэсь коратка расказаў сябру пра начныя страхі.

— Гэта здаецца толькі,— Міхал прытупваў каля агню, паварочваўся да яго то адным, то другім бокам.— Халаднавата з раніцы! А ўночы заўсёды гукі здаюцца больш рэзкімі. Я неяк...

— Здаецца? — перабіў Чэсь.— Тады памаўчы з хвілінку, сам пачуеш. Ну? — прашаптаў ён, калі праз секунд колькі ў затоцы зноў плёхнула.

— Сапраўды...

І раптам да іх слыху данёсся скрып уключынаў. Хтосьці плыў у лодцы з вярхоўя. Хлопцы пераглянуліся, тады падбеглі да ракі, да таго куста, дзе была прывязана іхняя лодка.

— Рыбакі? — запытальна зірнуў на сябра Чэсь.

— А хто ж яшчэ. Не хацелася б, каб яны тут спыняліся,— Міхал прысеў на кукішкі і пачаў узірацца ў густы туман, што клубамі віўся над ранішняй ракою.— Такое выдатнае месца адкрылі! А яны, вядома ж, прагоняць нас...

— Навошта ім нас праганяць? — засумняваўся Чэсь.— Рака ж вялікая.

— Убачаць вогнішча — абавязкова падчаляць. Ды і дым ужо, мабыць, унюхалі.

Міхал не памыліўся. Лодка была зусім блізка. Па скрыпу ўключынаў хлопцы вызначылі, што яна зараз перасякае раку, кіруючыся акурат на іхняе вогнішча.

Калі да берага засталося метры чатыры, лодка вынырнула з туману, потым торкнулася носам у сыры прыбярэжны жвір. Чалавек, што кіраваў лодкай, седзячы спіною да хлопцаў, падняў вёслы, устаў сам, павярнуўся тварам...

Яшчэ раней, чым пазнаць яго вачыма, хлопцы ўцягнулі насамі знаёмы, асабліва востры раніцаю пах патухлага тытуню. Знаёмы кашаль... Дзед Макар! І тут знайшоў, высачыў іх!..

Дзед, папраўляючы на плячах ватоўку, чвякнуўшы вадою з­пад падэшваў сваіх нязменных кірзавых ботаў, выйшаў на бераг і тут заўважыў хлопчыкаў. Перш насцярожыўся, тады ступіў бліжэй, прыгледзеўся:

— А, піянерыя! — пазнаўшы, прамовіў узрадавана.— А я думаю, хто гэта тут, на маім месцы, у такую рань агонь паліць. Ану, хлопцы, памажыце лодку вышэй усцягнуць,— папрасіў ён.

Хлопцы нават не зварухнуліся.

Раздзел 47. ДЗЕД МАКАР

Дзед Макар сам падцягнуў лодку вышэй. Ці ён сапраўды не пакрыўдзіўся, ці толькі зрабіў выгляд, але твар у яго быў зусім не сярдзіты. Наадварот, як падалося хлопцам, на яго твары была нават вінаватасць.

— А вы што ж, усё золата шукаеце? — нечакана спытаў дзед.— Ці проста ў паход выбраліся? На рыбалачку, на прыроду?

Адказу ізноў не дачакаўся.

— Так­так... Пайсці пагрэцца хіба,— сказаў дзед самому сабе і патэпаў да вогнішча, пакідаючы на расе сляды цяжкіх ботаў.

Хлопцы пасунуліся за ім. Прынесла госця... Нічога, акрамя новых непрыемнасцей, ад гэтага чалавека яны не чакалі.

Дзед Макар прысеў каля кастрышча, падкінуў голля, падзьмухаў. Вогнішча адразу ажыло. Дзед выцягнуў з агню тонкую галінку, чырвоную на канцы, і прыкурыў недапалак.

— Шалаш нават зрабілі,— паказаў ён галінкаю на куст.

— А што, нельга было? — не вытрымаў маўчання Чэсь.— Мы не ў вашым агародзе. Ні гэтую рэчку, ні яе берагі вы пакуль што не купілі!

— У нас канікулы, і мы можам рабіць усё, што нам хочацца,— дзёрзка сказаў і Міхал.

— Што вы, што вы! — замахаў на іх рукамі стары.— Я ж нічога, я так сабе кажу! Гуляйце на здароўе — лавіце рыбку, купайцеся, шукайце тое ж золата... Абы шкоды не рабілі.

Хлопцы здзіўлена пераглянуліся. Што ўсё гэта значыць? Нібы апраўдваецца... Не, дужа падазрона ўсё гэта.

Міхал сказаў:

— Дзякуем, што дазваляеце. Толькі пры чым тут золата?

— Можа, вы самі яго шукаеце? — з'едліва ўставіў Чэсь.

Дзед Макар засмяяўся, выпусціўшы з рота клуб дыму: