— Ээ, якое золата? Каб яно тут было, яго даўно выкапалі б. Я вось, здаецца, ведаю ў гэтых мясцінах кожнае дрэва, кожную сцежку, кожны вір на рацэ, а хоць бы раз якую манетку знайшоў. Дый нашто яно мне, тое золата, калі б і знайшоў? Хіба што зубы паставіў бы,— і ён, адцягнуўшы пальцам губу, сапраўды паказаў хлопцам пачарнелыя, з'едзеныя тытунём і карыесам зубы.
— Чаму ж вы тады заладзілі: золата, золата? — груба спытаў Міхал.
Дзед ізноў не пакрыўдзіўся:
— Ды ўспомніў проста. Учора ўнучка Ганніна прыехала, а цяпер вас вось убачыў,— і згадалася, як яе бацька расказваў пра французаў, пра золата... Помніце тады, каля куродыма? Яшчэ на мяне, старога чалавека, лічы, дзеда, насварыўся тады. А за што?
— Аксана прыехала?! — радасна ўскрыкнуў Чэсь.— Калі?
— Учора пад вечар. Ды не адна, а з сяброўкаю. Машынай легкавою іх прывезлі. А я ў Ганны старой сядзеў. Рыбы прынёс...
— І што? Як яна?
— Рыба? — спытаў дзед Макар.
— Якая рыба — Аксана!
— Аа. Спытала, дзе вы. А я кажу, што на рыбу паехалі. Я бачыў, кажу, як яны раненька ў лодцы пагрэблі.
— Вы ўсё ўбачыце,— прабурчэў Міхал,— што трэба і што не трэба...
Цяпер ён пазіраў сярдзіта ўжо на абодвух: і на Чэся, і на дзеда Макара. Але Чэсь нічога не заўважаў. Ад радасці за навіну ўсе яго крыўды на дзеда, было відаць, зніклі без следу.
Раздзел 48. «ЗЛОДЗЕЙ»
З шалаша вылез Змітрок. Прыставіў да ілба далонь брыльком, паглядзеў на сонца, якое ўвачавідкі падымалася, рассейваючы ружовы туман. Ужо можна было распазнаць не толькі бліжнія кусты, а і асобныя дрэвы ў лесе на тым беразе ракі.
— Давай сюды, у нас госці! — пазваў Чэсь.— Зараз юшку будзем варыць.
Міхал гмыкнуў. Зміцер падышоў, блізарука прыжмурыўся. Пазнаўшы дзеда Макара, застыў.
— Гэта... госці?
Міхал адказаў на поўным сур'ёзе:
— Татары неяк пакрыўдзіліся на прымаўку: «Няпрошаны госць горш за татарына» і паслалі пісьмо начальству... Начальства прысылае адказ: «Мы згодныя, прымаўка крыўдная. Цяпер яна будзе гучаць так — няпрошаны госць лепш за татарына».
Дзед Макар зарагатаў, аж закашляўся.
— Ну, навошта ты? — сказаў Чэсь.— Не слухайце яго, дзед Макар.
— Ды я, хлопцы, паеду зараз... Пагрэўся — вось і дзякую. Оох,— крэкчучы, дзед абапёрся рукою на калена, устаў.
— Вы нас таму і шукалі, каб сказаць, што Аксана прыехала? — не сунімаўся Міхал.
— Я вас зусім не шукаў... Убачыў агонь, вось і падплыў. І яшчэ...
Дзед пакашляў збянтэжана, падняў на хлопцаў вочы і сказаў рашуча, сур'ёзна, бы перад ім былі дарослыя:
— Раз ужо мы ўсе разам тут — пакаяцца хачу, прабачэння папрасіць у вас. За «тэлевізар» той... Невінаватыя вы.
Калі б з гэтага яснага ранішняга неба грымнуў гром і лінуў дождж, і то, мабыць, для хлопцаў гэта было б меншай нечаканасцю.
— Я знайшоў «злодзея» — сом гэта...
— Сом?!
— Вялізны. Во,— дзед Макар развёў рукі ў бакі,— як калода. Заблытаўся жабрамі ў сетцы, абарваў вяроўку і сплыў разам з «тэлевізарам». Я бачыў яго, ён хутка плыць не можа — то нырне, то зноў усплывае. Ганю яго ад самых Кладаў. Ніяк ад «тэлевізара» адчапіцца не можа, моцна ўблытаўся...
Чэсь раптам, ляснуў сабе па ілбе — ці то камара забіў, ці ўспомніў штосьці.
— Цяпер зразумела,— хутка сказаў ён.— Вунь ён, ваш «злодзей»,— паказаў ён на затоку.— Цэлую ноч плёхаў.
— Па праўдзе?
— Я яшчэ падумаў — можа, бабёр ці шчупак на качак палюе...
Пра анаконду Чэсь змоўчаў.
Дзед Макар хуценька патрусіў да берага, хлопцы — за ім.
Туман над вадою зусім растаў. Спакойная, зарослая каля берагоў трыліснікам і раскаю вада затокі была роўная, бы люстэрка.
— Сплыў,— Чэсь вінавата зірнуў на дзеда.
— Цішэй, я яго бачу.
Аднак хлопцы, як ні ўзіраліся, нічога не заўважылі.
— Вууунь,— паказаў дзед крывым доўгім пальцам,— каля таго берага, дзе лазовы корч... Пастойце тут. Можа, яшчэ ваша дапамога спатрэбіцца.
Дзед Макар асцярожна спусціў на ваду лодку, сеў перадам і адным вяслом спрытна і хутка выруліў у затоку. Бясшумна прымінаючы раску, лодка набліжалася да таго берага. Хлопцы, стаіўшы дыханне, назіралі.
Раптам каля лазовага куста, на які нядаўна паказваў дзед, вада крутанулася вірам. Мільганула ў тым месцы штосьці белае, вялікае — і зноў ціха.
— Ух ты! — выгукнуў Чэсь.— Сом!..
Дзед Макар, асцярожна паклаўшы вясло, ссунуўся на карму, пачаў штосьці шукаць пад лаўкаю. Калі разагнуўся, у руках яго была стрэльба. Стоячы на коленцах, дзед прыпаў шчакою да прыклада, доўга цэліўся... Ляснуў стрэл, з рулі вылецеў дым, па лесе пракаціўся пошчак. З крыкам, з лопаннем узляцелі над затокаю .дзікія качкі. Вада ў тым месцы, дзе паказваўся сом, успенілася ад шроту.