— Ёсць! — крыкнуў дзед, калі дым рассеяўся, і памахаў хлопцам стрэльбаю.— Давайце сюды!
Хлопцы кінуліся да лодкі.
Сом усплыў жоўтым чэравам уверх. Ён быў яшчэ хывы, акрываўленыя каля галавы плаўнікі і шырокі хвост варушыліся. У скалечаную жабру моцна ўпілася сетка «тэлевізара», які і загубіў вольную рыбіну. У бурай ад крыві вадзе каля сома пстрыкалі дурныя верхаводкі — ласаваліся.
— Прабач, гаспадар рачны,— з нейкай фальшывай весялосцю ў голасе прамовіў дзед Макар. Відаць, яму таксама, як і хлопцам, было не па сабе — што вось прыплыў сюды і пазбавіў жыцця жывую істоту.— Усё адно ты не выжыў бы, не змог бы корму здабыць... Ану, памажыце, хлопцы! — распарадзіўся дзед.
Сома перакулілі ў лодку. Чэсь асцярожна дакрануўся да гладкай скуры, пагладзіў рыбіну па пляскатай галаве, пабітай шротам у частыя дзірачкі, з якіх сачылася кроў. Сом абыякава пазіраў на людзей круглымі блакітнымі вочкамі. Зміцер нагнуўся і пакратаў яго за доўгі абвіслы вус. Сом раптам пазяхнуў і вяла стукнуў хвастом аб дно лодкі. Зміцер спалохана адняў руку.
Усе засмяяліся.
— І як гэта ён умудраўся цягаць такое? — спытаў Міхал, маючы на ўвазе «тэлевізар». Ён смела павярнуў рыбіну на бок і вызваліў разрэзаную напал жабру ад сеткі. «Тэлевізар» быў зусім цэлы, з грузікам знізу і з палкайпаплаўком зверху. Міхал працягнуў яго дзеду Макару.
— Так і цягаў...— дзед са злосцю кінуў «тэлевізар» у нос лодкі.— Ні нырнуць яму не давала, ні ўверх падняцца. Ды і за карчы чапляўся ўвесь час, высільваўся.
— І куды вы яго?—спытаў Чэсь.
— Адвязу ў Паплавы, раздам людзям, хто захоча... Не прападаць жа мясу, раз так здарылася. Хоць ён і стары, нясмачны — а ўсё ж свежая рыба.
Сома падцягнулі на карму, дзед накрыў яго кавалкам брызенту. І толькі цяпер, калі рыбіна схавалася з вачэй, хлопцы адчулі палёгку.
— Гадзін сем ужо,— дзед Макар зірнуў на сонца.— Самы час падмацавацца. У мяне ёсць хлеб з маладой цыбуляю, сала насмажым на агні...
— Сала! — гмыкнуў Чэсь.— У нас поўна рыбы, адныя плоткі.
— Ну? Вось малайцы. Я заўсёды хваліў вас — разумныя хлопцы, сапраўдныя мужчыны, не тое, што мой «куртаты»... Анічога яму не цікава: ні рака, ні рыба, ні ў футбол пагуляць... Вярнуся — адпраўлю назад у горад, да маці!
Раздзел 49. ЮШКА
На беразе, калі падчалілі і прывязалі лодкі, адразу разабраліся, каму што рабіць. Дзед Макар ахвотна ўзяўся за самае нуднае, нецікавае — чысціць плотак. Ён прысеў каля вады, усё пахвальваў хлопцаў і іхні ўлоў, чысціў і адразу абмываў рыбін. Луска так і ляцела зпад вострага сцізорыка. Чэсь са Змітрам прыстроіліся непадалёку — абіралі бульбу. Міхал сунуў у кішэню пакет і адправіўся правяраць шнуры.
— Давай я пайду,— крыкнуў услед Чэсь,— я ж іх ставіў! Ты ці знойдзеш?
— Знайду,— адказаў Міхал, не азіраючыся.
Штосьці не давала яму спакою. Хацелася хоць крыху пабыць у адзіноце, таму ён, на правах галоўнага, і прызначыў сам сябе на праверку донак. Ён паціху ішоў берагам ракі, уважліва ўзіраўся, стараючыся не прапусціць Чэсевых пазнак, і разам з тым узнаўляў у памяці ўсе падзеі сённяшняй раніцы. Прыезд дзеда Макара... Вінаватасць яго перад імі... Навіна, што прыехала Аксана з сяброўкаю... Забойства сома... Нібыта ўсе гэтыя падзеі разам, і ўсе яны называюцца нейкім адным словам, якое круціцца ў галаве і не ўспамінаецца... А слова надзвычай важнае! Хто яго мог прамовіць? Чэсь? Дзед Макар? Што гаварыў дзед? «Французы... золата... пакаяцца хачу... сома гнаў...» Не тое, не тое!..
Палачка першай донкі была ўтыркнута ў пясок акурат на тым месцы, дзе яны ўчора вудзілі плотак. Рыбацкі азарт узяў сваё. Тут было ўжо не да нейкага важнага слова. Міхал хутка выцягнуў палачку, пашморгаў на сябе. Пуста? Не можа быць, такое харошае месца... Няўжо шчупак перакусіў павадок? Міхал пачаў зматваць шнур на дошчачку — і раптам лёска напялася, пачала ірвацца з рук. Ага, ёсць — шчупачок! Малады яшчэ, а хітры, падплыў пад самы бераг, таму і лёска спачатку здавалася абарванаю...
З астатніх донак, якія стаялі непадалёку, Міхал зняў з кожнай па вялікім паласатым акуні. На беразе яны растапырвалі плаўнікі і пагрозліва падымалі калючкі на гарбатых спінах.
Калі Міхал вярнуўся, над вогнішчам ужо вісела вядро, з якога падымалася пара. Дзед дачышчаў апошнюю плотку.
— Ну трэба ж,— здзівіўся ён і Міхалаваму ўлову.— Вось малайцы!
Усе разам пачысцілі і акунёў са шчупаком.
— Зварыцца бульба, з гэтымі вось прыправамі,— дзед Макар усыпаў у варыва солі, перцу, лаўровага лісту,— упусцім туды перш плотак, затым, для кампаніі, акунёў, а апошняга, для самага смаку, шчупачка... Трайная юшка!