— Трайная зусім інакш варыцца,— запярэчыў Чэсь.— Я бачыў, і еў.
— Парознаму можна, можна і так, як мы... Колькі я пераспытаў гэтых юшак — смак адзін. А міскі ў вас ёсць?
— Няма.
— Нічога, з вядра будзем. Так яно смачней, калі з вядра...
Дзед Макар выразаў чатыры роўныя дубчыкі, злупіў з іх паскі кары, якою прывязаў да дубчыкаў лыжкі.
Паспела юшка. Чэсь са Змітрам на палцы аднеслі вядро да ракі, паставілі на мокры пясок, далі крыху астудзіцца і прынеслі назад. Усе абселі вядро, ад якога ішла такая духмяная пара, што забудзеш пра ўсё на свеце... Дзедавыя «чарпакі» атрымаліся хоць куды. Праўда, доўгія, і пакуль данясеш лыжку да рота, трэба аберуч перабіраць дубчык,— але хлопцы, згаладалыя, сёрбаючы гэткае смакоцце, на розную драбязу не звярталі ўвагі.
Спачатку елі ў поўным маўчанні. Чулася толькі сёрбанне, шморганне насоў ды стук лыжак аб вядро. Затым пачалі выбіраць з юшкі лепшыя, як здавалася, самыя смачныя кавалкі. Урэшце дзед Макар, які ўвогуле еў мала, пачаў адвязваць сваю лыжку ад дубчыка.
— Вось дзякую, хлопцы...— ён ікнуў.— Добра мне з вамі! А таму «куртатаму» нічога не трэба,— і зноў успомніў унука.
Дастаў «астрыну», прыкурыў ад галавешкі. Вырваў пук травы і выцер з бота кавалачак рыбы. Змітрок чамусьці таксама перастаў сёрбаць, паглядзеў перш на дзеда, тады — на боты, бы ніколі раней не бачыў. Раптам хітраватая ўсмешка прабегла па яго твары.
— Дзед Макар,— сказаў ён,— дык вы ўжо не лічыце нас злодзеямі?
— Што вы, хлопцы! Больш ніколі — верце — не падумаю на вас.
Міхал прасачыў Змітракоў позірк, усё зразумеў і таксама ўключыўся ў гульню:
— А вось участковы думае на нас.
— Я яму нічога не казаў,— здзівіўся дзед.
— Ён думае, што мы ў школу лазілі.
— Аа, гэтае... Ну, калі і лазілі — на тое вы хлопцы... Я сам, помню, у вашых гадах...
— Мы нікуды не лазілі,— перабіў Міхал. Пераглянуўся з сябрамі — казаць ці не? — Але той, хто лазіў, цяпер сярод нас,— сказаў ён.
Раздзел 50. СЛОВА
Дзед Макар падавіўся дымам.
— Вы што, хлопцы,— пра мяне? — спытаў праз кашаль.— Я... у школу? Лазіў? Стары я ўжо для школы, забыў, як буквы пісаць,— няўдала пажартаваў ён.
— Мы бачылі след вашага бота,— гледзячы ўбок, прамовіў Чэсь.— Пад анучкаю на ганку... Тады ўночы дождж ішоў, а ганак — пад стрэшкаю, вось след з ночы і застаўся.
— Але нашто мне гэта трэба было?! Мала хто там мог хадзіць!
— Боты такога памеру толькі ў вас. Ды і ведаем мы ваш след...
— Не, хлопцы, пачакайце,— дзед Макар зрабіўся сур'ёзны,— За ўсё жыццё я чужога цвіка не падабраў. Давайце разбірацца. Так, сапраўды, дождж быў — прыгадваю... Геолагі тады яшчэ ў мяне начавалі, на сене... Ах, вунь яно што! Цяпер зразумеў, успомніў! Яны гэта, геолагі, толькі яны! Мне ўночы на двор захацелася, стаў шукаць — а ботаў няма. Босы выйшаў, а калі вяртаўся, помню, памыў ногі ў тазе, дажджавой вадою...
— Дык вы што, не чулі, як нехта зайшоў у хату і ўзяў боты? — спытаў Міхал.
— Я і так сплю моцна, а тады натаміўся за дзень...
— Ды Курт гэта! — усклікнуў Чэсь.— Без яго ніяк, бо замок на школе цэлы, а акенца вузкае, толькі малому пралезці. Ён жа і боты вынес.
Дзед Макар вінавата заморгаў вачыма:
— Праўда — я чуў праз сон, як ён выходзіў... Айяй, яшчэ і малога ўцягнулі! Хай які б ён ні быў, але ж не злодзей...
— Ага, не злодзей,— не вытрымаў Міхал.— А хто ў нас нож і спінінг з будана ўкраў? Вярніце, кажа, «тэлевізар», тады і я аддам...
— Айяяй,— заківаў галавою дзед,— вось дык расказалі вы мне... Але не думайце, хлопцы,— я разбяруся! І з геолагамі — што яны за такія геолагі, і з Вовам. Калі ён узяў — рэменя ўсыплю, аддасць!
— Аддасць, як жа,— уставіў Зміцер.
— Калі недзе дзеў — тады заплачу вам, не думайце! Спінінг свой аддам, новенькі, а за нож заплачу.
Міхал успомніў той новенькі дзедаў спінінг. Ён бачыў яго ў хлеўчыку, дзе прасядзеў амаль цэлую ноч, падслухоўваючы «геолагаў». Дзед Макар і не здагадваецца... Усё ж і яны не святыя.
— Не трэба нічога, дзед Макар,— сказаў Міхал.— Нож зламаны быў — лязо кепска выходзіла, і ў спінінгу катушка заядала... Навошта вы будзеце плаціць? Лепш раскажыце, як вы сома высачылі,— папрасіў ён, каб перавесці гаворку на іншае.
Але дзед не пачуў, ён усё не мог адысці ад такіх навінаў — прыгорбіўся, неяк яшчэ больш пастарэў. Міхалу давялося паўтарыць.
— А, сома? — рассеяна, неахвотна адказаў дзед.— Знянацку высачыў... Плыў вунь там, вышэй, каля кладаў, чую — боўць, боўць. Я глянуў — а ён, сом, зачапіўся «тэлевізарам» за траву і шморгаецца. Сетка ў жабру ўпілася, не пускае. Я бліжэй — а ён як ляснуў хвастом і знік пад вадою разам з «тэлевізарам». Але я ўжо бачу, што нікуды ён ад мяне не дзенецца, і паплыў за ім...