— Пачакайце! — Міхал наморшчыў лоб. — Яшчэ раз, дзед Макар,— у якім месцы вы яго ўбачылі?
— Каля кладак старых — ну, кладаў панашаму. Вы праміналі тое месца, калі сюды плылі...
— Цэлую раніцу! — усклікнуў Міхал.— Цэлую раніцу не мог успомніць! Ну, вядома, кладак! Вядома, кладаў!
Ён, такі сур'ёзны заўсёды, раптам утыркнуўся галавою ў траву і, нібы жук, пабег па крузе. Дзед з хлопцамі нічога не разумелі, пазіралі на яго са здзіўленнем.
— Ах, і дурні ж мы! — падымаючыся, задыханы, з бліскучымі ад радасці вачыма сказаў Міхал.— Дзякую, дзед! — схапіў дзеда Макара за руку і пачаў трэсці яе.
— Што з табою, Міша? — аж злякаўся дзед.
— Са мною? Усё добра! Усё проста цудоўна... Дык вы кажаце, там кладкі былі? Вы іх бачылі? Дзе яны цяпер? — закідаў ён дзеда пытаннямі.
— Ляжаць у рацэ на дне. Вось будзеце назад плыць, патыркайце вяслом каля берагу.
— А з чаго яны, гэтыя кладкі?
— З дубоў. Дубы як жалеза парабіліся.
— І даўно яны ляжаць?
— Ээ, хто ж табе скажа? Я сам, калі ў вашых гадах быў, пачуў, што старыя людзі так завуць тое месца, а зверху кладак ужо ніякіх не было. Гэта, відаць, даўнымдаўно Бярэзіна ў тым месцы вузейшая была, вось яе і перакрылі, каб перабірацца... Паклалі дубы — таму і кладкі.
— Скажыце, дзед Макар, а там паблізу ручая ці рачулкі няма?
— Не, там суха, пагорак. А мо і была калі даўнымдаўно рачулка... Цяпер, колькі сябе помню, там укруг усё суха — пясчаныя пагоркі, сосны, а далей, за лесам — поле, жыта расце...
Раздзел 51. АБ КАРЫСЦІ РОДНАЙ МОВЫ
Дзед Макар пачаў развітвацца.
— А вы ці надоўга тут? — спытаў ён.— Што бацькам сказаць, калі ўбачу?
— Скажыце, каб не турбаваліся,— адказаў Міхал, усміхаючыся на ўвесь рот.— Сёння ў абед або пад вечар мы таксама будзем у Паплавах.
Не паспела схавацца за паваротам ракі лодка з дзедам Макарам, як Міхал, радасны, загадаў Чэсю:
— Ты казаў, што прыхапіў з сабою талер і копію бяросты,— давай, нясі хутчэй сюды!
— Міхал,— той глядзеў на сябра з насцярогаю,— ды растлумач, што з табою?
— Нясі хутчэй, зараз даведаешся. Зараз і з табою тое ж будзе.
Чэсь кінуўся да шалаша. Прынёс.
— Найперш адкажыце,— урачыста пачаў Міхал,— як будзе «клад» пабеларуску?
Хлопцы задумаліся. Змітрок паглядзеў уверх, нават злёгку пастукаў сябе па галаве, паказваючы, што ведаў, але забыўся. Чэсь хутчэй успомніў:
— Скарб.
— А тут як напісана?
Схіліліся над копіяй бяросты.
— Ну і што? — усё ніяк не мог даўмецца Чэсь.— Тут напісана «СLAD» — «КЛАД». Ты хочаш сказаць, што французскі афіцэр павінен быў напісаць пабеларуску, «СКАРБ»? — пасміхнуўся ён.
— Дарэмна смяешся — акурат гэта я і хачу сказаць. Гэтае слова трэба перакладаць не з рускай і не з французскай моў, а з беларускай. Клад — ніякі не скарб, а ўсяго толькі кладкі. Француз пачуў, як мясцовыя жыхары называлі тое месца, так і выдрапаў яго на бяросце, толькі лацінскімі літарамі. Разумееце? Тут гульня слоў, зза гэтага так доўга і золата не могуць знайсці, бо нікому ў галаву не прыходзіць: як гэта так, каб амаль дзвесце гадоў назад еўрапеец, француз, мог скарыстаць мясцовую гаворку і менавіта беларускім словам зашыфраваць свой план на бяросце!
Зміцер моўчкі паціснуў Міхалу руку, тады сказаў проста:
— Малайчына ты,— але нават па голасе яго адчувалася, што яго павагі да Міхала яшчэ паболела.
Затое Чэсь, здаецца, і не здзівіўся, і не ўзрадаваўся.
— Гэта яшчэ трэба даказаць,— прабурчэў ён, узіраючыся ў копію бяросты. На самай справе яму было проста зайздросна. Як жа ён сам, вясковы хлопец, беларус,— і не здагадаўся раней за Міхала! Тады, магчыма, і Аксана зусім інакш да яго ставілася б...
Міхал усё яшчэ быў як п'яны ад свайго адкрыцця. Чэсевыя словы ён пакінуў без адказу.
— Помніце, я ездзіў у горад, званіць Аксане? Дык вось, падыходжу я да хлопчыка з дзяўчынкаю, недзе нашых гадоў, пытаю, дзе краязнаўчы музей? Паруску, вядома, пытаю. А яны мне адказваюць чыста пабеларуску! Уяўляеце, гарадскія!
— Я ведаю такіх,— пацвердзіў Зміцер.— Гэта з беларускай гімназіі.
— Я ўсё збіраўся прапанаваць вам зрабіць тое самае — пачаць гаварыць толькі на роднай мове. І сам пачаў вучыцца... вось размаўляю з вамі, а ў галаве перакладаю, як гэта можна сказаць чыста пабеларуску...
— Добра,— перапыніў Чэсь.— Калі табе паверыць, і клад — гэта папраўдзе клады, дык тады яшчэ больш усё заблытваецца. Раней мы думалі, што дзе крыжык, там і золата. А цяпер? Атрымліваецца, клад — гэта не скарб?