— Ніякі не скарб,— упэўнена адказаў Міхал.— Шукаць яго трэба ў любым іншым месцы, толькі не там, дзе крыжык. Няўжо вы не зразумелі? Крыжык — гэта не канец, а пачатак. Помніце, Аксанін тата расказваў, што на тапаграфічных картах абавязкова павінна быць прывязка — арыенцір? Крыжык і слова «КЛАД» — кладкі — і ёсць толькі прывязка. А ўсе шукалі не з таго боку, не з пачатку, а з канца.
— Хітры француз! — пакруціў галавою Змітрок.— Надзейную прывязку выбраў! Калі б, скажам, арыенцірам было якое дрэва, дык яго спілаваць могуць, калі камень — маглі б прыбраць і звесці кудынебудзь... А гэтыя дубы праляжалі ў вадзе, на адным месцы, столькі гадоў, і нічога не сталася ім — яшчэ мацней, відаць, зрабіліся.
— Дубы з ракі таксама маглі б выцягнуць,— запярэчыў Чэсь.— Гэта проста шчаслівы выпадак, што яны захаваліся. Але добра, нават калі павашаму, я ўсё адно не разумею — чаму тут радавацца? Ну, ведаем мы прывязку, далей што?
— Прыкладзем да копіі бяросты талеры, абвядзем контуры і ўбачым маршрут, па якім рухаўся француз,— адказаў Міхал.— Дзе скончыцца контур апошняга талера, там і скарб.
— А ў нас ёсць гэтыя талеры? Ты ўпэўнены, што Аксана раздабыла трэці? Мы нават не ведаем, ці прывезла яна свой!
— Калі не прывезла, нічога страшнага,— сказаў Змітрок.— Маршрут можна ўгадаць зусім без талераў. Француз дзе пахаваны? У нас, у Паплавах. Ад кладак да Паплавоў кіламетраў восем — дзесяць, вось на гэтым адрэзку дзесьці золата і прыхавана.
— Я таксама думаю,— кіўнуў Міхал.
— Ды француз мог ісці ад гэтых кладак на ўсе чатыры бакі! — не здаваўся Чэсь, які ніяк не мог прымірыцца, што ў яго перахопліваюць ініцыятыву разгадкі.— Ён мог схаваць скарб за дваццаць кіламетраў да Паплавоў, у любым месцы — хоць бы вось тут, на нашым паўвостраве, ці вунь у лесе на тым беразе. А потым зашыфраваў гэтае месца на бяросце, павярнуўся на сто весемдзесят градусаў і пайшоў у Паплавы, дзе яго і падабралі, знясіленага!
— Таксама можа быць,— згадзіўся Міхал. Відаць, ён не так верыў у версію Чэся, як хацеў і яму даць права на сваю думку.— Дык тады хто што прапануе? Вернемся ў Паплавы і паглядзім, што раздабыла Аксана, раскажам ёй пра ўсё? Ці даплывем да кладаў і пашукаем самі?
— Самі, вядома! — адразу сказаў Чэсь.
Зміцер адмоўчаўся, паказваючы, што яму ўсё роўна, абы быць разам з сябрамі.
Зборы былі нядоўгія. Сцягнулі з шалаша брызент, кінулі ў лодку ватоўкі, сена, прыкапалі зямлёю галавешкі, не забыліся на вядро з астылай юшкаю — разагрэюць у абед...
«Бывай, цудоўная мясціна! І дзякуй табе за ўсё!» — звярнуўся ў думках Міхал да іхняй выспачкі, калі ўсе сядзелі ў лодцы. Чэсь адштурхнуўся вяслом ад берага.
Раздзел 52. КРЫЎДА
Тым часам Аксана з Кацяю, у адных купальніках, сядзелі на высокім, зарослым травою пагорку каля будана, загаралі і кідалі ў раку каменьчыкі, якіх тут, у траве, было скрозь. Летні вецярок час ад часу набягаў з лугу цёплымі хвалямі, прыносіў з сабою пах кветак, ледзь чутна шапатаў лістотаю прыбярэжных вербаў, моршчыў ваду пасярэдзіне ракі. Смаліла сонца, лёгка прабіваючыся праз белыя кучаравыя воблачкі, што чарадою плылі па небе.
— Не шкадуеш, што прыехала? — спытала Аксана.
— Тут так здорава, я і не чакала!..
— Вядома, здорава — тут табе не Егіпет.
У самой Аксаны настрой быў цудоўны. Яна зрабіла ўсё, што абяцала, нават больш. У яе былі выпіскі з артыкулаў, якія даказвалі, што скарб несумненна існуе, была копія бяросты, быў талер «чэрвеньскіх знаёмых». Учора, як толькі Кацін бацька прывёз іх у Паплавы, яна адразу кінулася ў веранду, да канапы. Скамечаная насоўка ляжала пад матрацам. Пляма ад алею не высахла. Дзяўчынкі паклалі насоўку на паперу і старанна, па міліметры іголкамі перакалолі пляму па контуры. Тады абвялі дзірачкі алоўкам — і атрымаўся дакладны абрыс манеты.
Галоўнае ж, што дзякуючы Барысу Рыгоравічу яны цяпер ведаюць, што з гэтымі талерамі і з бяростаю рабіць. Трэба толькі ўзяць у Чэся трэцюю манету і...
Аксана ўскочыла, прыслухалася.
— Здаецца, плыве хтосьці — можа, нашыя хлопцы?
Сапраўды, зза паварота ракі паказалася лодка.
— Не, гэта дзед Макар,— расчаравана прамовіла Аксана, зноў сядаючы.
Лодка параўнялася з пагоркам, на якім загаралі дзяўчынкі. Дзед Макар убачыў іх, сказаў весела, голасна:
— Аа, чакаеце? А я ведаю, дзе вашыя хлапчукі!
— Ведаеце? — ускінулася Аксана.— Дзе ж яны? Калі вернуцца?
— Го, яны далёка забраліся, аж за клады! Цэлы лагер сабе зрабілі на востраве, рыбы поўна навудзілі, юшку вараць... Увечары, казалі, вернуцца!