Выбрать главу

— А яны ведаюць, што мы прыехалі?

— Ведаюць, я ім сказаў.

Лодка пачала аддаляцца, дзед кіраваў яе ўніз, да масткоў, дзе была пасялковая «прыстань».

— Калі хочаце, ідзіце за мною! — крыкнуў дзед напаследак.— Пакажу, якога сома ўпаляваў!

— Хадзем, Аксана? Я ніколі сома не бачыла.

— Што на яго глядзець? Рыба як рыба...

Аксана не хавала крыўды. А яна думала, іх чакаюць тут. Нахвалілася Каці, як іх будуць тут сустракаць.

— Што ж — няхай, абыдземся без іх. Калі іх не цікавіць гэта, самі знойдзем скарб. Сёння прыедзе Барыс Рыгоравіч, і пачнем шукаць. У нас амаль усё ёсць, а ў іх няма нічога, акрамя Чэсевага талера. Зараз пазагараем, пакупаемся, маліны пойдзем есці...

Але ўсё адно дзяўчынкам чамусьці зрабілася сумна.

Раздзел 53. ПАПЯРЭДЖАННЕ

На «прыстані» дзед Макар абкруціў ствол вярбы ланцугом ад лодкі, прымкнуў вісячым замком, абмыў боты, ускінуў на плячо цяжкія мокрыя вёслы. Хата хоць і была не вельмі далёка, але дарога адсюль забірала ўгару, дый натаміўся — цяжкавата ісці. А дома трэба браць тачку, зробленую са старой дзіцячай калясачкі, і адразу вяртацца назад, па сома.

Дзед паазіраўся навокал — ці не бегае дзе ўнук? Як трэба, дык яго ніколі не будзе. І злосць на ўнука, што была ўлеглася ад работы вёсламі, ажыла зноў. У каго ўдаўся такі?.. Мала ўсяго — яшчэ і красці навучыўся... Ну, паспытае ён сёння папругі!.. А ўчастковаму трэба сказаць, каб не чапаў хлопцаў.

Ідучы агародамі да хаты, дзед Макар сваім вострым зрокам яшчэ здалёк разгледзеў, што каля варот стаіць матацыкл з каляскаю. Участковага матацыкл!.. Вось так, праўду кажуць: пра каго доўга думаеш, таго неўзабаве і сустрэнеш.

Участковы стаяў у двары, перад ім — Курт, якога ўчастковы трымаў за плячо. У другой руцэ ў яго была нейкая сіняя папка, пакарабачаная ад вільгаці і сонца. Участковы размахваў ёю і дапытваўся:

— Дык ты не бачыў? А хто бачыў?

Курт маўчаў, толькі шморгаў носам.

— Што тут такое? — устрывожана спытаў дзед, подбегам уваходзячы ў двор; прыставіў да сцяны вёслы.

Участковы азірнуўся, адпусціў Курта:

— А, рыбак паявіўся. Ты б лепш унука глядзеў, а не па рацэ дзень і ноч шастаў!

— Ды што такое? — не на жарт спалохаўся дзед.

— А вось што. Гэтую папку бачыш?

— Ну, бачу.

— Яна валялася ў канаве, вось тут, акурат каля вашай хаты!

— Ну дык што? — аніяк не разумеў дзед.— Тут многа чаго валяецца...

— Гэтая папка месяц назад прапала са школьнай шафы­музея. Бачыш надпіс — «Нашы славутыя землякі»? Як яна апынулася каля вашай хаты? Не ведаеш? А я ведаю. Твой унук лазіў тады ў школу. І ён быў не адзін, а з кімсьці дарослым.

Дзед Макар выцер з ілба пот. Ён баяўся падняць на ўчастковага вочы.

— Можа, не ён? За руку ж не злавілі...

— Я не лазіў,— падбадзёраны дзедавай падтрымкаю, азваўся Курт.

— Тады адкуль гэтая папка ўзялася каля вашай хаты?

— Падкінулі,— буркнуў Курт.

— Не дуры мне галавы! — павысіў голас участковы.— Лепш ідзі, пагуляй пакуль. Мне з тваім дзедам трэба пагаварыць.

— Ідзі, Вова, з­пад страхі тачку здымі... Паглядзі, ці калёсы яшчэ не адваліліся.

Курт пайшоў, завярнуў за вугал хаты, спыніўся і прыпаў да вушака, каб пачуць што­небудзь. Але ўчастковы з дзедам пакіраваліся з двара, да матацыкла.

— Няўжо такая важная папка? — дзед Макар тыцнуў пальцам у брудны аблезлы картон.

— Якая важная, макулатура... Але спатрэбілася ж некаму на нешта,— участковы прысеў бокам на сядзенне матацыкла.— Мяне, дзед, не столькі папка цікавіць, колькі твае госці з Мінску. Кватаранты твае. Даўно ўжо да іх прыглядаюся. Што яны тут шукаюць? Чаго яны тут лазяць паўсюль?

— Халера іх ведае. Можа, золата шукаюць,— пажартаваў дзед.— Вось прыедуць, сам спытай.

Аднак учаетковаму, відаць, дзедавыя словы не здаліся жартам.

— Золата, кажаш? — ён перакінуў з­за спіны сабе на калена тонкую сумку, разгарнуў яе, дастаў паперу і ручку.— А як іх прозвішчы, кватарантаў тваіх?

— А ты пратакол сабраўся складаць? — у сваю чаргу спытаў дзед Макар.

— Які пратакол, проста запішу, для сябе.

— Тады ў нас не будзе ніякай размовы.

— Як так?

— Так. Я сам разбяруся — і з унукам, і з кватарантамі, без пратаколаў... Адно скажу — за руку не злавіў, не злодзей.

— Ну, глядзі, дзед! — участковы зашморгнуў сумку, закінуў праз сядзенне нагу, узяўся за ручку «газа».— Калі што — крыўдуй на сябе. Папярэджваю! Не падабаецца мне гэтая ваша гоп­кампанія.

Раздзел 54. СУСТРЭЧА