Хлопцы прыплылі ў Паплавы позна ўвечары.
Перад гэтым яны лёгка знайшлі затопленыя дубы — «клады», высадзіліся на бераг, прыхавалі ў кустах лодку і разышліся ў розныя бакі, спадзеючыся адшукаць старое рэчышча ці хоць бы старую дарогу. Пошукі аказаліся марнымі. Мясціна, як і казаў дзед Макар, сухая, пагорыстая. Дарогі, праўда, былі, але не старыя, а нядаўнія: працярэбленая прасека, сцежкі, якімі ганялі на вадапой скаціну... Зміцер шукаў каля ракі, Чэсь забраўся далёка ў лес, Міхал пайщоў па прамой — перпендыкулярна рацэ, і неўзабаве, праз які кіламетр, апынуўся на шырокім полі — таксама высока, жыта расце і сямтам дубы сярод жыта.
Але няўдача зусім не сапсавала настрою. На другі дзень з раніцы тройца сяброў ужо таўклася каля хаты Аксанінай бабулі.
— А схадзі пазаві,— прапанаваў Міхалу нецярплівы Чэсь.
— Няёмка, там Каця гэтая, чужая...
Міхал заклаў у рот пальцы і звонка свіснуў.
— А каб на вас — напужалі! — пачуўся голас бабулі з агарода.— Спяць яны яшчэ!
Але ў верандзе пачулі. На ганак выйшла босая, заспаная Аксана:
— Што рассвісталіся? Мы вас два дні чакаем, а вы дзесяць хвілін не можаце? Ідзіце на раку, да будана, мы зараз памыемся, паснедаем і прыйдзем,— і схавалася ў верандзе.
— Што гэта з ёю? — здзівіўся Міхал.
— Яна ж не ведае, што мы не проста гулялі,— радасна сказаў Чэсь.— Я б таксама злаваў на яе месцы... Пайшлі, хлопцы!
Усю дарогу ён балбатаў без супынку. Першы кінуўся да пахіленай вярбы, ускарабкаўся па ствале, нырнуў у вецце.
— Нічога сабе! — пачуўся з будана яго голас.— Вось дык навіны! Залазьце хутчэй сюды.
Міхал, за ім Зміцер забраліся ў будан. Чэсь трымаў у руках... нож і спінінг.
— Курт прынёс! Стрымаў, значыць, дзед слова.
Здзіўленыя, вясёлыя хлопцы, перабіваючы адзін аднаго, пачалі фантазіраваць, як усё магло адбывацца: дзед Макар «размаўляў» з унукам, «усыпаў яму папругі»... Нікому не было шкада Курта. Чэсь штораз рассоўваў вецце і пазіраў на дарогу, якая вяла з пасёлка да ракі.
— Ідуць! — аб'явіў ён урэшце і прычасаў далонню непакорныя бялявыя віхры.
Хлопцы хутка спусціліся долу.
— Раскажам пра клады? — спытаў Змітрок.
— Не, перш іх паслухаем — што яны зрабілі,— адказаў Міхал.
Аксана пачала здалёк:
— Мы думалі, яны чакаюць нас, дзяжураць каля аўтобуснага прыпынку, а яны сабе ў паходы ходзяць!.. Знаёмцеся, гэта Каця,— сказала яна, калі падышлі, і злёгку падпіхнула сяброўку ўперад.
Хлопцы назвалі свае імёны. Прыгожанькая, як лялька, сарамлівая Каця ў сваёй кароткай сіняй сукенцы, што так пасавала ёй, адразу спадабалася ім; нікому і ў галаву не прыйшло тое, аб чым думалі перад гэтай сустрэчай і гаварылі ўслых — «нейкая Каця... лішні канкурэнт!»
Аксана раптам залілася смехам:
— Якую карціну мы толькі што бачылі! Дзед Макар нясе сумку вялікую і вядзе Курта за руку — ідуць на аўтобусны прыпынак. Курт трэ вочы кулаком... Ну, мы з Кацяю следам — цікава, як яны будуць развітвацца?
— І што? — смеючыся, спытаў Чэсь.— Даў яму дзед аплявуху на развітанне?
— Не, наадварот, абняў, пасадзіў у аўтобус...
— Нарабіў гэты Курт нам клопатаў,— уздыхнуў Міхал.— Як толькі ты паехала...
І Міхал, спачатку не зусім ахвотна, а потым захапіўшыся, расказаў усё па парадку: як Курт выцікаваў іхні будан, як прачытаў дзённік, украў нож і спінінг, як ён, Міхал, забраўся ў хлеўчык і падслухаў «геолагаў», як затым ездзіў у горад, хадзіў у музей, каля якога зноў сутыкнуўся з Севам і з лысым, як у тую ноч са школьнай шафы выкралі папку «Славутыя землякі» і ўчастковы праводзіў «следчы эксперымент»...
Чэсь умешваўся, перабіваў, дапаўняў. Урэшце дабіўся свайго — Міхал пакрыўдзіўся і змоўк, Чэсь пачаў гаварыць адзін. Асабліва рассмяшыў дзяўчынак эпізод, калі хлопцы хадзілі да старой настаўніцы, і Зміцер спытаў: «А што гэта за Ірына Леанідаўна, якую вы ўвесь час згадваеце?» Коратка распавёў Чэсь і пра іхнюю вандроўку, пра скалечанага сома, якога застрэліў дзед Макар,— пра «клады», вядома, не сказаў ні слова. Не ён жа, Чэсь, першы здагадаўся, а Міхал...
— Вось і атрымалася: сказаў дзед, «адпраўлю Курта ў горад, ад бацькоў» — так і зрабіў,— закончыў Чэсь.
— Дык і ў вас, аказваецца, падзей поўна было!
— А што ў цябе, Аксана? — спытаў Міхал.— Цяпер ты расказвай.
— Зараз,— адказала дзяўчынка і азірнулася на дарогу.— Пачакаем Барыса Рыгоравіча, ён восьвось павінен падысці, тады раскажу.
— Што?! — у адзін голас ускрыкнулі хлопцы.
Раздзел 55. ПРАЦЯГ ПАПЯРЭДНЯГА
— Пачакаем Барыса Рыгоравіча,— спакойна паўтарыла Аксана,— нашага настаўніка гісторыі.