— Значыць, не паспела бабуля вымыць насоўку? Ну што ж, віншую вас! Я, калі шчыра, нават не чакаў... Проста выдатна, сябры мае! І нічога страшнага, што мы не ведаем пакуль самага галоўнага — прывязкі...
— Ведаем! — не вытрымаў нарэшце Міхал.— Крыжык і слова «СLAD» — гэта і ёсць прывязка,— сказаў ён, знарок марудна расцягваючы словы. — «КЛАД» — звычайныя кладкі, мост цераз Бярэзіну. Старыя людзі і цяпер называюць тое месца Кладамі.
Барыс Рыгоравіч раптам падхапіўся. Сцягнуў з галавы кепку і зноў надзеў. Узяў аркушык паперы з копіяй бяросты, разгарнуў дрыготкімі пальцамі, пачаў углядацца. Потым перавёў вочы на Міхала. І ўсё гэта моўчкі.
— Дык вось чаму вы гаварылі ўвесь час, што ўсё ведаеце! — Аксана запляскала ў ладкі.— Ах, якія малайцы!
— І вы ведаеце, дзе гэтыя кладкі? — перасеўшым голасам спытаў настаўнік.
— Ведаем. Кіламетраў восем — дзесяць адсюль, уверх па рацэ,— сказаў Міхал. У яго быў выгляд пераможцы.
— Гэта пад Ушою... Усё правільна, усё так, там стаялі французы... Але расказвайце далей! — спахапіўся Барыс Рыгоравіч.— Ці захаваліся самі кладкі?
— А што ім зробіцца, ляжаць на дне,— будзённа сказаў Чэсь.— Калі пры беразе паторкаць у ваду вяслом, звіняць, бы жалеза. Яны з дубоў.
— А вы не абследавалі тую мясціну? Ці няма там...
— Старога рэчышча? — падхапіў Міхал, пасміхаючыся.— Не было. Мы аблазілі ўсё кругом — там суха, пагоркі.
— І ўсё адно, усё адно,— паўтарыў Барыс Рыгоравіч.— Як можна было адразу не здагадацца?.. Столькі гадоў біліся... Вось што значыць не давяраць роднай мове...
Раптам ён ступіў наперад, парывіста абняў Міхала, прыгарнуў да сябе:
— Дарагія мае, каб вы толькі ведалі, якое адкрыццё зрабілі!
Адпусціў хлопца, адвярнуўся, нейкую хвіліну пастаяў так. Тады дастаў насоўку і хутка выцер куточкі вачэй. Павярнуўшыся да ўсіх, загаварыў ціха, вінавата, нібы прасіў прабачэння за сваю слабасць:
— Вось навука — і мне, і ўсім. Якая гэта сіла — родная мова, як яна можа аддзячыць за вернасць, за любоў, за веру ў яе. Які цікавейшы выпадак! Гэта ж вельмі можа быць, што мова золатам заплаціць за любоў да сябе, у прамым сэнсе!
Раздзел 57. ВЕРСІЯ НАСТАЎНІКА
— Вы сказалі «можа быць»?— заўважыла Аксана.
— Так, сябры мае,— каб пасля не было расчаравання, давайце падрыхтуемся і да такога варыянту: што скарбу можа не аказацца. Але гэта толькі як варыянт! — усклікнуў настаўнік, убачыўшы, як захваляваліся хлопцы.— Аднак давайце разбярэм і яго, тым больш сама логіка падказвае... Перанясемся ў той далёкі год, у лістапад месяц. Акружаныя ў раёне Барысава, Крупак і Талачына французы нечакана наносяць рускім контрудар і прарываюцца, хоць з трыццаці тысяч іх застаецца ўсяго тысяч дзесяць. «Наш» афіцэр быў паранены і хутчэй за ўсё свядома адстаў ад сваіх, каб здацца ў палон, але заблудзіўся. А тут снег, слота, баліцьзнясільвае рана... Разумееце маю думку?
— Разумеем,— сказаў Чэсь.— Паранены чалавек па снезе не змог бы доўга несці цяжкае золата.
— Абсалютна правільна!
— А калі ён быў не адзін, а з невялікім атрадам? — запярэчыла Аксана.
— Мала верагодна. Дзяліцца з кімсьці не ўваходзіла ў яго планы.
— Тады ўжо я не разумею,— паціснуў плячыма Міхал.— А як ён нёс золата да гэтага? І што — яго таварышы нічога не бачылі, не ведалі?
— Не бачылі і не ведалі, бо хутчэй за ўсё каштоўнасцей пры ім, калі яго параніла, проста не было,— адказаў настаўнік.— Яны былі схаваны раней, у іншым месцы, а пры афіцэры была толькі карта з пазнакаю таго месца. Так рабілі многія французы пры адступленні — хавалі ў самых розных мясцінах нарабаваныя каштоўнасці і пазначалі іх на картах, спадзеючыся хутка вярнуцца сюды зноў. Нават у Барысаве, з усіх бакоў акружаны, Напалеон і думкі не дапускаў, што вайна ім прайграная, і салдаты, вядома, верылі свайму геніяльнаму камандуючаму... Дык вось, заблудзіўшыся, афіцэр адчуў, што слабее ад раны, замярзае; ён спалохаўся і, пакуль пры памяці, вырашыў схаваць і карту з пазнакаю скарба. Ён успомніў, як мясцовыя людзі называюць вузкі мост праз раку... а далейшае вы ведаеце.
— Тады мы знойдзем карту, а па ёй — скарб,— сказала Аксана.— Так нават цікавей.
— Калі тая карта не рассыпалася даўно ў пыл,— уставіў Зміцер.
— Наўрад ці. Наш француз быў чалавек разумны, хітры і сквапны, таму, я ўпэўнены, абярог карту як след, каб яна надоўга захавалася,— сказаў Барыс Рыгоравіч.— Робіцца гэта проста: карта пакрываецца гарачым воскам і змяшчаецца ў якісь посуд — вазу, гляк, гладыш, адтуліны якіх таксама замазваюцца воскам або смалою. Пры такой кансервацыі паперы нічога не пагражае. Я думаю, француз насіў з сабой карту менавіта ў такім выглядзе — падрыхтаванаю для схарону.