— Але ж вы казалі, гэта толькі версія,— нагадаў Міхал.— Можа, француз закапаў у нашых мясцінах не карту, а каштоўнасці.
— Вядома, вядома,— адразу згадзіўся настаўнік,— і такое можа быць. Аднак давайце ж паглядзім, што ў нас атрымліваецца.
Ён, на ўсіхняе здзіўленне, дастаў з нагруднай кішэні пінжака ручку, прысеў на кукішкі. Прыклаў талеры і картонны кружок да копіі бяросты, «патасаваў» іх, як даміно, пакуль шчэрбіны на манетах шчыльна не зайшлі адна ў адну.
— Ёсць! — усклікнуў настаўнік.
Ён абвёў унутраныя контуры талераў. Атрымалася звілістая лінія, якая пралягла ад крыжыка ўверх і крыху ўправа. Там, дзе яна канчалася, Барыс Рыгоравіч паставіў кропку і падкрэсліў яе двойчы.
— Вось недзе тут і трэба шукаць. На жаль, маштаб дужа малы, але сёетое ўгадаць можна нават цяпер. Думаю, даўжыня гэтай лініі ад крыжыка да кропкі не больш паўтарадвух кіламетраў. Ну як, хлопцы, вы мясцовыя: куды прыблізна яна можа вывесці?
— На поле, да дубоў,— сказаў Зміцер.
— Не, на полі я быў,— не пагадзіўся Міхал.— Яна забірае ўправа — значыць, шукаць трэба ў лесе.
— Толькі не ў лесе! — рашуча заявіў Чэсь.— Раз маштаб маленькі, дык яна, гэтая лінія, можа цягнуцца і ўздоўж Бярэзіны.
Настаўнік засмяяўся:
— Зразумела — кожны называе не тое месца, якое сам абследаваў!
— Дык што гадаць,— сказала Аксана. — Цяпер, калі мы ўсёўсё ведаем, застаецца толькі абшукаць тое наваколле ў радыусе двух кіламетраў.
Раздзел 58. ХІТРАСЦЬ АКСАНЫ
Хлопцы і Каця падтрымалі Аксану. А Барыс Рыгоравіч моўчкі чамусьці задраў галаву і паглядзеў на неба. Яно было чыстае, бялёсае, без адзінай хмурыначкі. Разам з тым нават цяпер, з раніцы, у паветры адчувалася духата. Прыпарвала. З надрэчнага лугу даносіліся пахі траў і кветак, якія сёння, здавалася, пахлі мацней, неяк больш густа. Звонка трашчалі, аж заліваліся конікі, а птушкі, наадварот, ціўкалі прыцішана, бы неахвотна.
— Будзе лівень,— сказаў настаўнік і выцер насоўкаю лоб.— Пад вечар, ці мо нават у абед.
— Па радыё перадавалі,— пацвердзіў Міхал, не здагадваючыся, на якую думку наводзіць іх настаўнік.
— У Мінску я жыву ў новым мікрараёне,— працягваў нібыта без аніякай сувязі з пагодаю Барыс Рыгоравіч.— Вось Каця з Аксанаю былі ў мяне, ведаюць. Некалі на тым месцы быў лясок, цякла рачулка... Лясок высеклі, рачулку знішчылі, у зямлю наклалі труб, залілі ўсё асфальтам, бетонам — як жа, «гаспадары» прыроды! «Прырода не храм, а майстэрня»! Але што цікава: варта пайсці ліўню ці проста добраму дажджу, як каля нашага пад'езда зпад пліт тратуара пачынае праступаць, высочвацца вада. Прычым высочваецца не паўсюль, а ў пэўных месцах, звіліста. Відаць, недзе ў зямлі ўсё ж уцалела крынічка і цяпер пульсуе, імкнучыся паўтарыць шлях свайго раўчука. А можа, крынічкі няма, а дажджавая вада сама шукае ранейшае рэчышча... Зразумелі цяпер?
— Што тут разумець? — сказаў кемлівы Чэсь.— Дачакаемся дажджу, убачым рэчышча, уздоўж якога ішоў француз,— вось і ўсё.
— Ну, гэта была б удача! — усміхнуўся настаўнік.— Адно, як вы кажаце, там пагоркі, і я не ўпэўнены, ці затрымліваецца там вада нават у самы моцны дождж.
— Адзін бераг там нізкі, балацяністы,— сказаў Міхал, — а другі, у бок поля, — пясчаны, круты.
— Цудоўна. У час дажджу ручайкі будуць збягаць па тым крутым беразе ў раку, вось і глядзіце.
— Барыс Рыгоравіч,— Аксана зірнула на настаўніка з падазронасцю,— вы так кажаце, нібыта зусім не збіраецеся быць з намі?
— Я даў слова, што замінаць вам не буду. Вы ўсё разгадалі самі, мая дапамога амаль не спатрэбілася... Вам жа цікава будзе самім дайсці да канца гэтай гісторыі.
Хлопцы пераглянуліся. Яны былі згодныя з настаўнікам, такі варыянт цалкам іх задавальняў. І разумны ж, сапраўды, гэты Барыс Рыгоравіч,— проста ўгадвае іхнія думкі!
— Тады і мы з Кацяю не зможам пайсці,— уздыхнула Аксана.— Бабуля не пусціць...
Дзяўчынка разлічыла правільна. Цяпер ужо забунтаваў Чэсь:
— Як так? Чаму не пусціць? Хіба гэта так далёка?
— Чаму, чаму,— перадражніла Аксана.— Сам здагадайся... Яна і так сварыцца, што я ў адной кампаніі з вамі, але ж гэта ў Паплавах, ва ўсіх на вачах. А ў лес, ды з хлопцамі... Можна, вядома, пайсці без дазволу, але тады нам усім горш будзе.
— Не, без дазволу не трэба,— прамармытаў Барыс Рыгоравіч.— Сапраўды, як гэта я не падумаў...
— Вось каб вы, настаўнік, былі з намі,— гнула сваё Аксана.
— Ну, што ж — раз такія справы... Як, хлопцы, бераце мяне?
— Вядома, Барыс Рыгоравіч! — адказаў за ўсіх адразу павесялелы Чэсь.