Выбрать главу

— Тады дамовіліся. Сёння ж пагавару з бабуляю. Але ці адпусціць яна, нават калі са мною?

— Адпусціць! Дзякуй, Барыс Рыгоравіч!

— А цяпер пакажыце мне, хлопцы, дзе самая большая рыба бярэцца...

— Перад дажджом яна ўсюды бярэцца,— сказаў Міхал.— Дзе бачыце, там і закідвайце. Але калі ж мы выправімся да кладак, Барыс Рыгоравіч?

— Я прапаную заўтра з раніцы. Нават калі дождж будзе нядоўгі, за ноч зямля высахнуць не паспее, хоць якія сляды застануцца. Тады і паспрабуем адшукаць на вашых пагорках нізкае месца.

Раздзел 59. САКРЭТ ЧЭСЯ

Міхал са Змітрам павялі настаўніка паказаць вір, дзе, калі пашэнціць, можна злавіць ляшча. Чэсь прымарудзіў, застаўся з дзяўчатамі.

— Аксана, можна цябе на колькі слоў?

— Даганяй іх, Каця, я зараз.

Аксана проста гарэла ад цікаўнасці. Столькі навінаў адразу! Столькі хлопцы самі разгадалі! І вось, аказваецца, гэта не ўсё. Яна нават не дужа здзівілася б зараз, калі б пачула ад Чэся, што ён ужо знайшоў скарб.

— Я ведаю, дзе нізкае месца каля кладак,— азірнуўшыся, ціха сказаў Чэсь.— Калі мы ўчора рабілі там разведку, я крыху заблудзіўся ў лесе і натыкнуўся на калодзежык. Даўні, закінуты, зарослы травою — ну, проста ямачка ў зямлі. Я выламаў палку, тыркнуў у дно — і праступіла вада. Уяўляеш, у такую суш там не перасохла!

— І ты нічога не сказаў хлопцам?!

— А раптам я памыляюся? Добра, калі гэта і ёсць тая крынічка, з якой некалі выцякала рачулка. А можа, проста гарэлку гналі, вось і выкапалі. Такіх калодзежыкаў поўна па лесе.

— Трэба абавязкова праверыць заўтра, ці разліваецца той калодзеж у дождж.

— Аксана, толькі давай не казаць пакуль нікому. Заўтра адстанем ад іх, я цябе завяду туды. А потым пазавем астатніх.

— Я згодна. Толькі, Чэсь,— гарэзна зіркнула вачыма дзяўчынка,— чаму ты мне гэта расказаў і нікому больш?

— А ты не здагадваешся?

— Не.

— Таму, што мне падабаецца твая сяброўка Каця,— дасціпна пажартаваў Чэсь і адразу пачырванеў.

Раздзел 60. КЛАДЬІ

Настаўнік Барыс Рыгоравіч і радыё памыліліся: дажджу ў той дзень не было. Але ў абед спахмурнела, зрабілася яшчэ больш душна. Стала ціха­ціха, неба пакрысе пачало зацягвацца шэрымі хмарамі. Увечары, як сцямнела, далёка, недзе пад Барысавам, пачало грымець. Раз­пораз неба асвятлялі яркія прыгожыя зарніцы. А тут, над Паплавамі, ні грому, ні маланак, ні кропелькі дажджу.

Аксана з Кацяю прыпалі да шыбаў веранды.

— А можа так быць, што хмары пранясе і дажджу зусім не будзе? — спытала Каця, уздрыгваючы, калі загаралася чарговая зарніца.

— Будзе ўночы!

Бабуля, якая баялася такой пагоды, прачыніла дзверы на веранду, паклікала дзяўчынак у хату. Але яны не захацелі.

— Як жа вы заўтра пойдзеце куды? А як лівень дасць з раніцы?

— Бабуля, як ты не разумееш: нам і трэба, каб дождж быў! Цяпер жа лета, хіба мы растанем?

Яшчэ ўдзень Барыс Рыгоравіч, як і абяцаў, упрасіў бабулю адпусціць іх. Бабуля здзівілася і ўзрадавалася, што ён ведае яе сына — Аксанінага тату. Пра Аксану Барыс Рыгоравіч сказаў: «Па маім прадмеце, гісторыі, яна самая лепшая вучаніца!» Бабуля зусім растала, адразу паверыла і палюбіла яго за гэтыя словы.

— Вы ж толькі скажыце, ці далёка сабраліся?

— Блізка, на Клады — ведаеце?

— Я ж нетутэйшая, гэта Макар стары будзе ведаць...

— Там блізка поле жытнёвае, дубы сярод яго.

Калі Барыс Рыгоравіч ведаў бы, чым усё скончыцца, ён, вядома, не тлумачыў бы бабулі так падрабязна. Ён бы адмаўчаўся, вядома, або нават схлусіў бы, назваўшы іншае месца.

— А­а, поле ведаю! — згадала бабуля.— Летась нам салому выпісвалі, дык я хадзіла на тое лоле грэбці. А што вы там забыліся?

— Мясціна там гістарычная, прыгожая. Хай паглядзяць гарадскія дзеці...

— А тут, блізка, хіба не тое самае? — наіўна спытала бабуля.

— Трохі не тое,— засмяяўшыся, адказаў настаўнік.

Уночы нарэшце пачаў накропваць дождж. Без маланак і грамоў, ціхі, роўны, які не мацнеў і не сціхаў, але ўпарты, аблажны, як людзі кажуць. Такія дажджы бываюць суткамі, і нават больш, і могуць прынесці шкоды паболей, чым які моцны, але кароткі лівень.

Гадзін у восем раніцы ўсе сабраліся каля будана. Настаўнік, у доўгім плашчы з башлыком, у высокіх гумавых ботах, здзіўлена агледзеў «амуніцыю» сваіх вучаніц і хлопцаў: на кім лёгкая балоневая куртка без капюшона, на кім джынсавая, хто ў кедах, хто ў красоўках... Нібы сабраліся не ў паход, а на прыемны шпацыр.

— Намокнем, сябры мае,— сказаў настаўнік з дакорам.— Восем кіламетраў туды, восем назад...