— Якія кіламетры — менш чым за паўгадзіны па рацэ дабярэмся,— адказаў Міхал.— У нас у лодцы ўсё, што трэба.
— Вось як!
Спусціліся ўніз, да ракі, дзе ў чаратах стаяла лодка. Стала ясна, што ўчора хлопцы дарма часу не гублялі. Чэсь выцягнуў з кустоў чатыры доўгія лазовыя пастарчакі, падсунуў канцы пад спецыяльна прыбітую да борта лодкі дошку, выгнуў, прымацаваў другія канцы пад такою ж дошкаю з другога борта. Зміцер накінуў зверху плёнку, нацягнуў яе на каркас — атрымалася сапраўдная кібітка.
— З вамі не прападзеш, сапраўды,— настаўнік асцярожна, адною нагою ступіў у лодку.— А не перакуліцца?
— Не перакуліцца, у ёй капу сена перавезці можна,— адказаў Міхал.— Толькі сядзець трэба ціха, не калывацца.
Расселіся. Хлопцы пачалі спрачацца, каму першаму быць на вёслах. Выпала Міхалу. А дождж тым часам і не думаў сціхаць. Сонна, аднастайна шумела пад кроплямі вада ракі; таксама аднастайна стракатала поліэтыленавая «кібітка»... Усе маўчалі, усіх апанаваў нейкі ўрачысты, лагодны супакой. Неўзабаве хлопцы памяняліся, і калі чарга зноў выпала Міхалу, ён падгроб да берага, павёў лодку цішэй, узіраючыся ў дно. Затым падняў вёслы і гукнуў:
— Усё, прыехалі!
— Так хутка? — здзівіўся настаўнік, вылез зпад плёнкі.
Міхал пашнырыў вяслом у вадзе. Пачуўся стук у штосьці моцнае і цвёрдае.
— Каб не была вада такая каламутная,— сказаў Чэсь, які перавесіўся праз борт і таксама ўзіраўся,— маглі б убачыць кладкі.
Міхал развярнуў лодку, пагроб да другога, вышэйшага берага.
Раздзел 61. ПЕНЬ НА МЯЖЫ
Дождж шчодра паіў раку. Абрывісты, пясчаны, зарослы зверху соснамі бераг быў скрозь паточаны ручаінкамі. Яны сачыліся ў жоўтым бярэжным пяску змейкамі, вымывалі карані соснаў — некаторыя дрэвы стаялі пахілыя. Край дзёрана зверху прасеў і апоўз бліжэй да ракі. Відаць, падчас кожнага даждху рака ў гэтым месцы адваёўвала ў берага новую тэрыторыю.
Настаўнік з дзецьмі наўскасяк, чапляючыся дзенідзе за карані, падняліся наверх, пад сосны. З дрэў капала. Ігліца пад соснамі, пясок, трава таксама былі мокрыя. Аднак тут, на цупкім месцы, нават слядоў ручаінзмеек не было відаць.
— Цікава! — сказала Аксана.— Адкуль тады бяруцца ручайкі,— што сцякаюць па абрыве?
— Відаць, вада збіраецца пад ігліцаю,— патлумачыў настаўнік.— Трэба прайсці глыбей у лес — не можа быць, каб не было нідзе ніякага знаку.
— А куды спяшацца? — Чэсь падміргнуў Аксане.— Давайце крыху пачакаем, раскладзем агеньчык, абсохнем... Тым часам дождж будзе ісці, вады стане больш.
Ніхто не быў супраць. Барыс Рыгоравіч пачаў падрыхтоўваць месца для кастра — разграбаць мокрую ігліцу. Астатнія разбрыліся ў пошуках большменш сухога галля. Сабраліся — няма ні Чэся, ні Аксаны. Першай устрывожылася Каця, за ёй — Барыс Рыгоравіч. Ён нават пагукаў — ніхто не адазваўся.
— Не старайцеся,— бесклапотна параіў Міхал, падпальваючы знізу сущняк.— Хітруе гэты Чэсь. Тут заблудзіцца немагчыма. Відаць, яшчэ тады адщукаў штосьці і не сказаў нам, каб перад Аксанаю пахваліцца.
— А як даказваў учора, што ў лесе няма нічога,— усміхнуўся Зміцер.— Хітруе, вядома!
— А, раз так — нічога страшнага. Мы будзем толькі радыя, калі яны з Аксанаю адшукаюць скарб раней за нас. Праўда ж?
— Па шыі б яму надаваць, вось гэта была б праўда,— прабурчэў Міхал.
Пагрэліся, абсохлі. Дождж не пераставаў. Дым ад вогнішча слаўся нізка над зямлёю, знікаў у лесе, раствараўся ў шэрай зморасі.
— Не, так мы нічога не вычакаем,— рашуча сказаў настаўнік.— Трэба ісці.
— Заадно і Аксану з Чэсем знойдзем! — падтрымала Каця.
Барыс Рыгоравіч дастаў з цэлафанавага мяшэчка копію бяросты з выкрэсленай на ёй тлустай лініяй — маршрутам, якім рухаўся француз. Міхал тым часам збегаў да лодкі, вярнуўся з рыдлёўкаю і з доўгім завостраным прэнтам.
— Вось гэта я разумею! — пахваліў Барыс Рыгоравіч.— Не, з вамі, сябры мае, не прападзеш — я ўсё больш пераконваюся. Значыць, так. Лінія на карце вядзе на поўдзень і робіць тры паваротызігзагі. На поўдзень і пакіруемся.
Пайшлі гужам. Барыс Рыгоравіч пракладаў шлях — прадзіраўся праз густы мокры хмызняк, рассоўваў галіны, часцяком прытрымліваў іх, прапускаючы дзяцей уперад. Неўзабаве хмызняк скончыўся, пайшло рэдкалессе: хвоі, бярозкі, сямтам латкі зялёнага моху, чарнічніку, багуну, кусты буякоў...
Барыс Рыгоравіч спыніўся, прадэкламаваў:
Сеткі паўсюль павуціння абвіслыя, Мокрыя, ліпнуць да курткі і рук. Дзесь у кары, або ў скручаным лісціку Ад непагоды схаваўся павук.
— Усё як у нас цяпер... Ну, куды далей, сябры мае? Акурат у гэтым месцы павінна быць першая заваротка.