Выбрать главу

— Сюды, Барыс Рыгоравіч! — пачуўся ўсхваляваны голас Змітрака. Хлопец перад гэтым адарваўся ад усіх і ішоў сабе адзін, збоку.— Тут калюжыны нейкія!

Кінуліся туды. Так і ёсць: сярод буяковых кустоў, у імху — прадаўгаватая калюжына, поўная жоўтай дажджавой вады. Далей — яшчэ адна калюжына, і яшчэ...

— Мы знайшлі, знайшлі! Гэта тое самае рэчышча, несумненна! — радасна паўтараў настаўнік, штораз зазіраючы ў сваю карту.— Калі дождж будзе ісці доўга, калюжыны запоўняцца вадою, разальюцца, злучацца і паўтораць лінію на нашай схеме. Глядзіце: гэтая нізінка цягнецца зараз на паўднёвы ўсход, але хутка яна выправіцца і пакіруе на поўдзень!

Радасны настрой Барыса Рыгоравіча перадаўся іншым. Ледзь не бягом кінуліся ўперад. Нізінка ўсё не канчалася. Праз якую сотню метраў настаўнік, які апынуўся цяпер апошнім, паклікаў дзяцей:

— Трэба зварочваць, сябры мае! — і рашуча падаўся ўправа, у такія ж зараснікі, з якіх нядаўна выбраліся.

— Не можа быць! — не паверыў Міхал.— Навошта зварочваць, вось у нас пад нагамі нізіна, яна і ёсць старое рэчышча!

— Калі я памыліўся — вернемся,— адказаў настаўнік.

Міхал, Зміцер і Каця з неахвотаю вярнуліся, зноў гужам пайшлі за настаўнікам. На гэты раз ішлі, кружлялі доўга. Нізінак больш не траплялася. Міхал пачаў упрошваць Барыса Рыгоравіча вярнуцца, але той быў непахісны.

— Недзе тут другая паваротка, паверце!

І вось зноў рэдкалессе, чарнічнік, буякі, зноў зачвякаў пад нагамі зялёны мокры мох, які любіць расці па нізінках...

— Ну, што я казаў?! — усклікнуў настаўнік.— Глядзіце!

Адсюль, з гэтай нізіны, пачыналіся акурат такія ж калюгі, толькі ўжо злучаныя між сабою; ужо нават можна было вокам ухапіць звілісты абрыс колішняга раўчука; здавалася, што пеністая дажджавая вада ў гэтых злучаных ямках не стаячая, а крыху рухаецца, цячэ назад, да Бярэзіны.

— А я ж быў тут, бачыў гэтыя высахлыя ямкі,— у засмучэнні прамовіў Міхал.— Чаму не звярнуў увагі?.. Падумаў, што гэта стары засыпаны акоп... Далей я ведаю, куды ісці — зараз пачнецца поле...

— Не, рэчышча яшчэ раз паверне,— стрымаў яго Барыс Рыгоравіч.— Давайце ўжо пройдзем гэты шлях да канца.

Цяпер ніхто і не падумаў пярэчыць, усе безумоўна паверылі настаўніку.

Доўга кружляць не давялося. Старое рэчышча напаўнялася вадой з кожнай хвілінаю, шырэла і вяло іх беспамылкова. Але вось нізінка, а разам і рэчышча, скончыліся, прапалі гэтаксама раптоўна, як і пачаліся. Зусім непадалёку, між дрэў, убачыўся прасвет. Гэта было поле.

— А цяпер — праменька на поўдзень,— бадзёра сказаў настаўнік.— За мной!

Выйшлі на адкрытае месца і ўбачылі, што дождж нібыта прыцішэў. А мо гэта толькі здалося, бо з дрэў не капала. Шырокае жытнёвае поле з раскіданымі па ім выспачкамі кучаравых дубоў перасякала ўезджаная дарога. Па ей настаўнік і павёў дзяцей. Міхал на хаду сарваў каласок жыта, паспрабаваў расцерці. Куды там, рана яшчэ, колас толькі вылез з трубачкі, нават малаком не наліўся.

Настаўнік ішоў моўчкі, засяроджана, нібы лічыў у думках свае крокі. Вось спыніўся, падумаў, павярнуў назад.

— Здаецца, тут,— абвёў ён рукою вакол сябе, быццам акрэсліў круг. Яшчэ раз зазірнуў у карту.— Лінія наша канчаецца тут. Глядзіце — і канаўка нейкая паўз дарогу...

— Тут жа роўнае, гладкае месца,— Міхал паглядзеў навокал.— А можа, гэта на полі, сярод жыта?

— Тады давядзецца чакаць восені і капаць па зжатым. Бо хто ж нам дасць цяпер жыта глуміць?

Міхал адышоў да мяжы — нешырокай утравянелай паласе, што падзяляла дарогу і поле, кінуў прэнт, з размаху ўвагнаў у зямлю рыдлёўку. Але рыдлёўка стукнула ў штосьці і ўглыб не пайшла.

— Ага, пачакайце... Тут штосьці ёсць!

Міхал схапіў прэнт, пачаў тыркаць у зямлю. Прэнт увесь час упіраўся ў нешта. Зміцер тым часам рыдлёўкаю сашкроб дзёран мяжы.

— Пень! — аб'явіў ён.— Вялізны стары пень.

— Вось такі,— Міхал прэнтам накрэсліў сапраўды вялізнага дыяметру няроўны круг, які адным краем залазіў на дарогу, другім — у жыта, але асноўная частка была акурат пасярэдзіне — на мяжы.

Хлопцы паглядзелі на Барыса Рыгоравіча.

Настаўнік, абняўшы Кацю за плечы, моўчкі, з ціхай усмешкаю назіраў за імі, і Міхалу падалося, што па твары настаўніка сцякаюць не адны толькі кропелькі дажджу.

— Я ганаруся вамі,— прамовіў урэшце Барыс Рыгоравіч.— Вы знайшлі яго. Ды я і не сумняваўся, што знойдзеце — з такімі хлопцамі грэх сумнявацца... Аднак дзе ж Аксана з Чэсем? Як шкада! Такі гістарычны выпадак, а яны не бачаць!

— Няхай не будзе дужа хітрым,— сказаў Міхал.— Адно і праўда шкада — Аксану звёў.