Раздзел 62. ТЬІМ ЧАСАМ У ПАСЁЛКУ
Цёмнасіняя «Аўдзі», перавышаючы хуткасць, пранеслася па мокрай асфальтавай дарозе, звярнула ў завулачак і рэзка піскнула тармазамі каля хаты дзеда Макара.
З будынку сельсавета выйшаў на ганак участковы без шапкі, паглядзеў услед машыне.
Дзеда Макара дома не было. Машына развярнулася, панеслася ў другі канец Паплавоў — да таго доміка, у якім пасяліўся на час адпачынку настаўнік з Мінску. Няма настаўніка, домік на замку.
— Да каго, вы казалі, малая прыязджае? — спытаўся чалавечак на заднім сядзенні, з заціснутымі між ног мыліцамі. Гэта быў Павук.
— Да бабулі,— адказаў лысы, што сядзеў за рулём.— Толькі я хаты не помню. Недзе ў самым пачатку.
— Я ведаю,— Сева апусціў бакавое шкло.— Чацвёртая з краю.
Ізноў паімчаліся ў пачатак пасёлка, мінулі сельсавет. Ізноў выйшаў на ганак участковы і паглядзеў ім услед. Цяпер ён быў у фуражцы, у доўгай шырокай накідцы, завязанай пад шыяю матузкамі.
— Тут?
Сева кіўнуў, лысы спыніў машыну. Бабуля была ў двары, падышла да плота. Сева высунуўся ў акенца, бабуля пазнала кватарантаў дзеда Макара.
— Вы старога шукаеце? Дык ён не так даўно да ракі пайшоў, з вёсламі!
— Я сам пагавару,— сказаў Севу Павук, выграбся з машыны, выцягауў мыліцы.— Можа, вы, бабуля, ведаеце, дзе цяпер можа быць настаўнік, Барыс Рыгоравіч з Мінска? Ён учора прыехаў,— Павук падклыпаў да плота з гэтага боку.
— А што такое? — насцярожылася бабуля.
— Мы разам працуем, калегі,— ахвотна патлумачыў Павук.— Знарок з Мінску прыехалі, каб забраць яго на важны навуковы сімпозіум. Барыс Рыгоравіч будзе выступаць там з дакладам.
— А як жа вы яго знойдзеце? Ён з дзецьмі ў паход пайшоў!
— У паход? Калі?
— Сёння раніцаю.
— Ага, дык далёка яны не адышлі... У нас жа машына, нам і з'ездзіць нядоўга. А дзе, у якім месцы іх шукаць?
— Казаў, на поле нечага пойдуць, гэта пад Вушою, па той бок ракі,— ахвотна растлумачыла бабуля.— Там дубы яшчэ сярод жыта.
— А як туды бліжэй праехаць?
— Ніяк: тут жа ні моста, ні парома, усе лодкамі перапраўляюцца. Гэта вам трэба ў Бярозу, а там цераз мост і назад паўз раку — на поле.
— Я ведаю! — азваўся з машыны Сева, які ўсё чуў у адчыненае акенца.
— Ну, бабка, дзякуем! Мы паехалі,— Павук паклыпаў назад, уваліўся ў машыну.
— Пачакайцеі — схамянулася бабуля.— Яго вы забераце, а як жа дзеці?
— І іх забярэм, — супакоіў Павук. — Машына вялікая, усе памесцімся... Давай! — нецярпліва скамандаваў лысаму.
Раздзел 63. УЧАСТКОВЫ
Не паспела бабуля зайсці ў хату, як з вуліцы яе зноў пазвалі. Участковы, без матацыкла. Адчыніў фортку, увайшоў у двор:
— Што яны хацелі, Сцяпанаўна?
— Настаўніка пыталі,— адказала старая, адчуўшы невядома з якой прычыны трывогу.— Я сказала, ён у паход з дзецьмі выправіўся, на поле пад Вушою, дык яны цяпер туды паляцелі... А што такое?
— Што такое... Жульё яны — вось што такое.
— А Божухна! — пляснула рукамі, адразу змянілася з твару бабуля.— Там жа дзеці!
— Вось іменна. Вы ведалі гэтага настаўніка? Чаму адпусцілі дзяцей з ім?
— Як жа не адпусціць — ён унучку маю вучыць, сына знае, такі харошы, добры чалавек...
— Добры... Хто цяпер добры? Можа, з аднае хеўры з гэтымі.
— Дык і гэтыя ж цэлую вясну ў Макара круціліся, ты ж сам іх бачыў кожны дзень, чаму не арыштаваў?!
— Фактаў не было. Цяпер з'явіліся. Дарэчы, раз ужо Макара згадалі — дзе ён можа быць цяпер?
— На раку ішоў... А Божа ж мой!..
Вохкаючы, божкаючы, яна кінулася ў хату, павязала хустку, усунула босыя ногі ў боты, выскачыла на двор. Участковы яшчэ не пайшоў, прыкурваў, захінаючыся ад зморасі.
— Рабіце штонебудзь, вы ж міліцыя!
— Рабіце... Я ж такую машыну не даганю на сваім драндулеце. Хадзем!
Бабуля нават не спыталася куды. Па вуліцы даўгалыгі ўчастковы ступаў звычайнымі сваімі крокамі, а яна амаль бегла за ім. Ішлі да ракі.
На шчасце, дзед Макар быў на «прыстані», корпаўся пры лодцы. Убачыў участковага з Ганнай, застыў, насупіўся, угадваючы, што не з дабром да яго гэтыя адведзіны.
— Я цябе папярэджваў? — пачаў участковы, падышоўшы. Кінуў пад ногі недакурак і ўціснуў ботам у мокры пясок.
Дзед Макар — дужы, каржакаваты, аднаго з участковым росту — разагнуўся.
— Не крычы,— сказаў спакойна.— І не пужай жанчыну, вунь збялела ўся. Кажы, што здарылася?
На ўчастковага падзейнічала.
— Здарылася... Жулікі твае кватаранты — вось што здарылася. Машына ў іх крадзеная. Я іх даўно падазраваў, не паленаваўся, навёў даведкі — і калі ласка, пацвердзілася: гэтая «Аўдзі» паўгода, як у вышуку.