— Прабач, Аксанка,— сам заблудзіўся і цябе звёў... Мне так сорамна. Засмяюць... А галоўнае, цябе шкада. Яны, мабыць, знайшлі ўжо скарб, а ты і не пабачыш.
— Не выдумляй,— Аксана раскрыла вочы, мякка адвяла яго руку, паправіла валасы.— Я ні аб чым не шкадую. Наадварот, цікава! Я і цяпер, калі б усё паўтарылася, пайшла б з табою...
— Праўда?
— Хіба я не бачыла, што ты знарок ішоў сушэйшымі мясціиамі, каб мне лягчэй было? А тое, што заблудзіліся — ну і што? У лесе любы можа заблудзіцца, бо левая нага робіць крыху большыя крокі, таму і атрымліваецца круг. Нам у школе расказвалі.
— Ды і нам расказвалі, толькі я не верыў, пакуль на сабе не пераканаўся!
Усю ўтому з Чэся як рукою зняло. Спалі з душы прыкрасць, сорам, злосць на сябе; пасля Аксаніных слоў нібы сонца выбліснула раптам з гэтага нізкага, зацягнутага суцэльнай шэранню неба.
Ён ускочыў:
— Твая праўда — няма чаго перажываць. Мы ж на прасецы, значыць, ужо заблудзіцца немагчыма, хоць кудынебудзь яна ж выведзе! Цяпер пойдзем у той бок, куды ты пакажаш, мо ў цябе рука шчаслівейшая... Ды ты сядзі, адпачывай! — спахапіўся ён, убачыўшы, што Аксана таксама ўстае.
— Не, няма калі. Ды і холадна сядзець. Хадзем, напрыклад... туды,— наўзгад паказала яна пальцам.
І сапраўды, не памылілася. Не прайшлі яны і дзвесце крокаў, як апынуліся на лясной, досыць уезджанай дарозе, што крыжавала прасеку. Аднак Чэсю сёння проста наканаваныя былі няўдачы. Стаўшы пасярод дарогі, ён нерашуча зірнуў управа, улева... Баяўся памыліцца.
— Ізноў не помніш? — спагадліва спытала Аксана.
— Ды дарогу я помню... Летась мы з бацькам тут матацыклам праязджалі... Ведаю, што яна праходзіць праз поле каля Вушы і вядзе аж да самай Бярозы, да моста праз раку.
— Поле? Пра якое Міхал расказваў Барысу Рыгоравічу?
— Ну... Аксана! — раптам усклікнуў Чэсь і паглядзеў на яе шырока раскрытымі вачыма.— Аксана, помніш, твой настаўнік абмовіўся, што па схеме звілістая лінія павінна выводзіць акурат на гэтае поле?! Ах, якія ж мы дурныя... Я, а не мы,— адразу паправіўся. — Можа, нашы даўно ўжо там?
— Вядома, там! — падтрымала Аксана, абы не стаяць на месцы.— Калі гэта не далёка, хадзем хутчэй.
— Далёка тут не можа быць, кіламетр, мо паўтара,— але ж каб ведаць, у які бок... Зусім у галаве закруцілася! — з адчаем у голасе прызнаўся Чэсь.
— Не перажывай ты так, нічога страшнага. Хадзем хоць куды, недзе ж гэтая дарога скончыцца.
— А калі выйдзем да ракі, а не да поля?
— Давай так,— прапанавала Аксана.— Ты ідзі ў той бок, а я ў гэты. Можа, рака ці поле зусім недалёка. Сядзелі ж мы на прасецы і не ведалі, што дарога ўсяго за дзвесце метраў ад нас.
Чэсь неахвотна згадзіўся. Ізноў ён адчуваў сябе вінаватым. Дамовіліся, што будуць перагуквацца, і разышліся.
Астаўшыся адзін, Чэсь пакрысе супакоіўся. Паспрабаваў перанесціся ў думках у тое лета, калі ехалі з бацькам матацыклам... І раптам штосьці крутанулася ў галаве і нібы стала на сваё месца — так бывае, калі едзеш у цягніку з заплюшчанымі вачыма і здаецца, едзеш назад, а потым расплюшчышся, у галаве штосьці — круць! — і бачыш, што едзеш уперад.
Чэсь убачыў старую пахілую бярозу з расчэпленым ствалом, успомніў яе — і імгненна ўсёўсё зразумеў: дзе поле, дзе рака, дзе Клады і нават дзе калодзежык, які яны шукалі цэлую раніцу. Поле было ўперадзе, а Аксана ішла цяпер да ракі.
— Аксана! — гукнуў ён і кінуўся назад.
Ад таго месца, дзе яны разышліся, дарога паварочвала, таму дзяўчынкі не было відаць. І не адгукнулася... Чэсь выбег зза павароту і ўбачыў, што воддаль, на дарозе, стаіць легкавушка, побач, каля расчыненых задніх дзверцаў — Аксана. Дык гэта ж машына «геолагаў»! Як яны тут апынуліся?! Чаму Аксана размаўляе з імі? Ды не толькі размаўляе, а вось прыгнулася, сядае ў машыну...
— Аксана! — крыкнуў Чэсь.
Дзяўчынка азірнулася, весела махнула яму рукою, каб бег хутчэй да іх. У Чэся адлегла ад душы. Цяпер усё зразумела: «геолагі» вяртаюцца з Бярозы, чамусьці гэтай дарогаю, будуць праязджаць праз поле, і Аксана папрасіла іх падвезці.
Чэсь быў ужо зусім блізка. Раптам машына кранулася з месца. Зпад задніх колаў на яго паляцела гразь, заляпіла вочы. Калі ён працёр іх, машына даўно схавалася за паваротам.
Раздзел 65. АКСАНА Ў НЕБЯСПЕЦЫ
А здарылася вось што. Убачыўшы знаёмую «Аўдзі», Аксана, вядома, здзівілася, але не спалохалася. Яна сышла з дарогі. Нечакана машына спынілася каля яе, адчыніліся заднія дзверцы, знаёмы голас назваў яе па імені, і Аксана ўбачыла ў машыне... Павука.
— Старая знаёмая,— прыязна ўсміхнуўшыся, сказаў ён.— А дзе астатнія? На полі? Мы вас шукаем.