Аксана прамаўчала, яшчэ больш здзіўленая. Павук патлумачыў:
— Нам настаўнік трэба, Барыс Рыгоравіч, яго ў Мінск тэрмінова выклікаюць. Твая бабуля сказала, дзе вас можна знайсці.
— І вас заадно папрасіла падвезці,— умяшаўся лысы, які сядзеў ужо не за рулём; за рулём быў Сева.
— Дык настаўнік, кажаш, на полі? — спытаў Павук.
— Мабыць,— Аксана паціснула плячыма.
— А што ж ты не з імі? Заблудзілася? А, разумею, тут нейкі сакрэт, пра які нельга расказваць... Барыс Рыгоравіч любіць сакрэты,— Павук захіхікаў, пасунуўся крыху: — Дык сядай. Ды сядай, не бойся! — убачыўшы, што Аксана не кранаецца з месца, зноў запрасіў ён.— Мы не жартуем, бабуля прасіла, каб забралі вас усіх. Зараз знойдзем настаўніка і падкінем вас у Паплавы.
— Мы самі зойдзем,— Аксана зірнула на свае мокрыя красоўкі, паварушыла пальцамі, правяла далоняю па мокрым, халодным ілбе. Яна раптам адчула страшэнную ўтому. А ў машыне, відаць, цёпла, суха, сядзенне такое мяккае, такое зручнае. Мабыць, ехаць у такой машыне натомленаму, змерзламу чалавеку — адна асалода.
— Ды яна проста баіцца нас,— насмешліва сказаў лысы.— Паехалі, Сева!
Эх, Аксана, дзе ж згубілася твая абачлівасць, асцярога, твая няхітрая, але надзейная навука: з незнаёмымі мужчынамі не размаўляць, не верыць ім, не заходзіць разам у ліфт ці ў пад'езд, тым больш не сядаць у машыну? Але ж гэтыя былі не зусім чужыя. Павук ведаў яе бацьку, бабулю, Барыса Рыгоравіча, Сева з лысым заходзілі да Кацінага бацькі, жылі ў дзеда Макара...
— Вось яшчэ — нікога я не баюся! — сказала яна.
У гэты момант яе гукнулі. Яна ўбачыла непадалёку Чэся, які спяшаўся да іх, махнула яму рукою: — Толькі пачакайце, забярэм Чэся, — і залезла ў машыну.
— Сядзі ціха,— прасіпеў ёй у твар Павук, хапаючы яе за плечы. Рукі ў яго нечакана аказаліся моцнымі, бы абцугі.— Сева, за паваротам спынішся, лысы сюды перасядзе, паможа мне!
Аксана, вырываючыся, крыкнула, але моцная, учэпістая далонь заціснула ёй рот.
Раздзел 66. НАРЭШЦЕ ЎДАЧА
Чэсь дзе пехам, дзе подбежкам спяшаўся па дарозе — туды, дзе поле, куды паехала машына. Ён сам не ведаў, навошта бяжыць туды, што збіраецца там рабіць, чым ён зможа дапамагчы Аксане. Што задумалі «геолагі»? Неяк пранюхалі, разгадалі пра месца скарба? І едуць цяпер на поле, каб адабраць яго? Калі яны застануць там усіх, стары настаўнік з Міхалам і Змітрам, і з Кацяю ў дадатак, не абароняцца ад двух здаровых маладых мужчын... І навошта села да іх Аксана? Яна ўсміхалася, была спакойная... Тады чаму не падабралі яго, Чэся? Ці Аксану заманілі ў машыну і проста не выпусцілі? Не, штосьці тут не так!..
Самае разумнае, што адразу прыходзіла ў галаву: бегчы зараз да Кладаў, гнаць лодку ў Паплавы і зваць людзей на дапамогу. Але не было ўжо ні сілаў, ні часу, а галоўнае, сорамна — раптам гэтыя «геолагі» ніякай шкоды ім не зробяць і не збіраліся рабіць? Тады і хлопцы, і Аксана, і настаўнік, ды ўвесь пасёлак засмяюць яго!
— Далёка сабраўся? — раптам пачуў ён ззаду знаёмы старэчы голас.
З лесу на дарогу выходзіў дзед Макар. Не верачы сваім вачам, Чэсь кінуўся да яго:
— Дзед Макар, вось дзякуй Богу, што вы тут!
Дужы, крыху прыгорблены, у сваіх нязменных кірзачах, у брызентавым плашчы і са стрэльбай за плячыма дзед адным выглядам сваім адразу ўсяліў спакой. Цяпер усё абыдзецца!
— Памажыце, дзед Макар, «геолагі» вашыя забралі Аксану і на поле паехалі, а там настаўнік зараз можа быць, і ўсе!.. Там экскурсія ў нас... раскопкі могуць быць, а «геолагі» могуць забраць, ім патрэбна дужа...
Чэсь зразумеў, што заблытаўся. На яго шчасце, дзед Макар ні аб чым не распытваў, нават, як падалося, не вельмі і ўстрывожыўся, нібы быў гатовы да такіх падзей. Адно ссунуў над пераноесем кашлатыя бровы:
— Усё ж не ўберагліся, праўду казаў участковы... Даўно паехалі гэтыя прыблуды, «геолагі»?
— Нядаўна. Можа, яшчэ нічога страшнага, бо Аксана сама да іх села, але... хадземце хутчэй на поле! Па дарозе раскажу.
— Пачакай, я ведаю сцежку наўпрасткі, праз лес.
Ужо на хаду мяльком зірнуў на Чэся, паспачуваў:
— Аднак ты мокры ўвесь, аж калоцішся, не захварэй.
— Нічога страшнага,— Чэся трэсла зусім не ад холаду.
Раздзел 67. НА ПОЛІ
Змяняючы адзін аднаго, Міхал са Змітрам па чарзе абкапалі пень, абчысцілі зямлю па краях, і пень — шырокі, роўны, бы стол,— здалося, ва ўсіх на вачах прыпадняўся, вырас з зямлі сантыметраў на пяць — дзесяць. Міхал калупнуў яго прэнтам:
— Бачыце, як пілавалі? Укругавую, па частачках, ручнымі піламі.