— Ну і што? Затое паглядзіце, Барыс Рыгоравіч: вось рака, вось лес, вось нейкае паселішча — тут і без слоў здагадацца можна!
— Пень мы ўсяго па адным слове знайшлі,— сказала Каця.
— Вось іменна!
— Не, давайце не спяшацца... Схаваем пакуль... Дождж ідзе, я баюся, папера намокне, распаўзецца,— Барыс Рыгоравіч, не падымаючы ні на кога вачэй, скруціў «пергамент», уставіў назад у вазу, паклаў пасудзіну ў рукзак.
— Усё, сябры мае, — пара дамоў, — і ўскінуў рукзак на плячо. — Дома я вам усё растлумачу.
Міхал з Кацяю пераглянуліся. Яны нічога не разумелі. Што здарылася?! Чаму настаўнік хавае ад іх вочы? Чаму ў яго нават голас зрабіўся нейкі вінаваты, стомлены?
Аднаму Змітру паводзіны настаўніка чамусьці ніяк не абыходзілі. Ён ужо хвіляў колькі стаяў, завярнуўшыся, і пазіраў на дарогу.
— Глядзіце, машына! — усклікнуў ён.— З лесу выскачыла, сюды едзе...
— Ды гэта ж «геолагаў» машына,— адразу пазнаў Міхал. Устрывожыўся: — Якой трасцы ім тут трэба?
— Таго, што і нам,— пасміхнуўся Зміцер.
— Дык што ж мы стаім?! — Міхал схапіў прэнт, рыдлёўку, кінуў у жыта.— Уцякайма самі па жыце!
— Позна ўжо, убачылі нас — вунь як нясуцца... Ды і пень гэты раскапаны — адразу здагадаюцца,— Зміцер сышоў з дарогі да мяжы, Каця таксама.
Цяпер ужо нічога не разумеў Барыс Рыгоравіч:
— Хлопцы, што з вамі? Каго нам баяцца? Я настаўнік, мы на гістарычнакраязнаўчай экскурсіі...
— Схавайце хоць рукзак, Барыс Рыгоравіч! Дайце, я...— Міхал схапіўся за лямку, але машына была ўжо зусім блізка, і ён адняў руку. Неяк паспакайнеў, падышоў да Змітра з Кацяю.
Машына спынілася каля іх. З яе адразу ж выскачыў Сева, падбег да раскапанага пня, убачыў ямку пад коранем, прысеў:
— Знайшлітакі! Выкапалі! Ну, чэрці!..— і зарагатаў.
Следам з машыны выграбся Павук з мыліцамі, хуценька зашчоўкнуў за сабою дзверцы.
— Ты?! — Барыс Рыгоравіч аслупянеў ад нечаканасці.
За цёмным шклом машыны нельга было ўбачыць, хто там у ёй, таму поўнай неспадзяванкаю было з'яўленне старога аднакашніка, нават сябра некалі.
Хутка, аднак, Барыс Рыгоравіч прыйшоў у сябе:
— Трэба ж! — сказаў насмешліва.— Столькі гадоў не бачыцца, каб сустрэцца ў дождж, у гразь, на нейкім полі, за дзвесце кіламетраў ад сталіцы!
— Чаго не зробіш, калі засумуеш па старым сябры? — у тон яму адказаў Павук. — Не пабаішся ні дажджу, ні гразі.— Абапёрся на мыліцы, падкавыляў да пня, пацмокаў языком. — Ідзі да мащыны! — загадаў Севу і зноў павярнуўся да Барыса Рыгоравіча: — Што ж, Барыс, нават павітацца не хочаш? — сказаў з дакорам.
Настаўнік неахвотна падышоў. Парукаліся.
— Дык ты знарок з Мінску дзеля гэтага? — кіўнуў на раскапаны пень Барыс Рыгоравіч.
— Кажу ж, цябе пабачыць захацелася! Маладосць успомніць...
— Не крыўляйся.
— Эх, маладосць!.. Памятаеш, Барыс, якія мы былі маладыя! Апантаныя! Легендамі рознымі цікавіліся, скарбы нейкія шукалі... І, як бачу, нездарма! — Павук падміргнуў Барысу Рыгоравічу.— У самы час я сябра наведаў, акурат паспеў... Нюх у мяне на гэта. Многа хоць каштоўнасцей было? — пазмоўшчыцку спытаўся ён.— Ці толькі план, як мы з табою некалі і здагадваліся? Бачу, бачу — ямка малая, значыць, адзін план.
Барыс Рыгоравіч азірнуўся на дзяцей. Было відаць, што яму сорамна казаць няпраўду нават такому чалавеку, як Павук. Усё ж сказаў:
— Нічога не было. Легенда гэта, проста прыгожае паданне.
— Малая прыходзіць да мяне ў архіўны музей і гадзіну выпытвае і выпісвае ўсё што можна пра гэтае паданне. Другі талер знаходзіцца. Ты раптоўна знікаеш з Мінску, і я даведваюся, што ты ў Паплавах,— Павук панізіў голас.— Падшыванцы гэтыя толькі тое і робяць, што паўсюль лазяць, вынюхваюць, высочваюць... І вось вы ўсе разам апынаецеся ў адным месцы. Ці не зашмат мітусні зза нейкага падання? Табе не здаецца?
Настаўнік памаўчаў крыху, тады ў сваю чаргу спытаў:
— Адкуль ты даведаўся, што я ў Паплавах? А, ну вядома — шпіёны твае данеслі, яны ў Паплавы часта ездзяць,— кіўнуў ён на Севу, што прыхінуўся да капота машыны, падняў каўнер скураной курткі і цярпліва чакаў.
— Чаму шпіёны? Звычайныя людзі, сябры мне. Яны таксама маюць права на долю, як і я. Згадзіся, Барыс,— мы ўсе маем права на гэты скарб. Табе давядзецца падзяліцца.
— Нічога пад пнём не было,— цвёрда сказаў настаўнік, не гледзячы, аднак; Павуку ў вочы.— А калі б і было, дык я думаю, без аніякіх доляў — цалкам усё належала б толькі дзецям. Але няма!..
— Няма, дык няма, што ж паробіш...— згадзіўся Павук. — І ўсё адно вы героі! Гэта ж знайшлі самое месца, вылічылі неяк! Зайздрошчу. А мы з табою столькі гадоў біліся — раскажы хоць, у чым загадка?