Выбрать главу

— Не я, яны разгадалі,— паказаў на дзяцей Барыс Рыгоравіч.— А ў чым была загадка... баюся, табе не зразумець гэтага. Трэба быць сваім у гэтым краі, а ты як быў тут чужы, так, відаць, і застаўся.

— Цудоўна сказана! — ладхапіў Павук.— Дзе радней, там і радзіма. Надакучыла мне тут, Барыс, сіл больш няма! Хоць пад канец жыцця хачу дыхнуць вальней, пажыць па­людску.

— З’язджаць хіба сабраўся?

— Нават пашпарт замежны з сабою,— ляпнуў па кішэні Павук.— Нават з працы звольніўся, нават кватэру прадаў,— усё, як трэба.

— Што ж, так адсюль і паедзеш? І ў Мінск больш не вернешся?

— Проста з гэтага поля і паеду. Навошта мне Мінск, хто мяне там чакае?.. Усе мае пажыткі ў надзейным месцы, далёка адсюль. Даляраў крыху, золата, абразы, каменьчыкаў з дзесятак... але мала, мала! Таму і закарцела праведаць старога сябра — а раптам паможа?

— Павук, канчайце гаварыльню! — гукнуў Сева.— Часу мала.

— Чуў? Дык дзе яна, карта, кажаш? — у голасе Павука раптам зніклі ноткі іроніі.— У рукзачку? Зараз праверым,— заціснуўшы пад пахаю мыліцу, ён пацягнуўся рукою да рукзака.

Барыс Рыгоравіч адступіў:

— Апамятайся! Што вы задумалі?! Сілаю будзеце адбіраць у мяне тут, на вачах у дзяцей?!

— Ага, значыць, усё ж ёсць што адбіраць,— Павук зглынуў сліну, нядобра прыжмурыўся.— Не бойся, сілаю адбіраць не будзем. Ты сам аддасі. Ты яшчэ не ведаеш, які ў нас сюрпрыз для цябе падрыхтаваны.

Сева адарваўся ад машыны, сунуў правую руку за пазуху, хутка падышоў да іх.

— Ну, скончылі свае байкі, старыя прыяцелі? — сказаў раздражнёна.— Настаўнік, думай хутчэй, ты нас затрымліваеш!

— Карты ў мяне няма, мы схавалі яе...

— У нас вашая малая, Аксана, у машыне,— зразумела табе? Скажы, дзе карта, мы адпускаем яе, зматваемся, і больш вы нас тут ніколі не пабачыце. Будзеш дрыгацца — мы зараз сядаем у машыну і вы больш не пабачыце ні нас, ні малой,

Настаўнік збялеў, як палатно. Раптам ён кінуўся да машыны. Сева загарадзіў яму дарогу, выхапіў з­за пазухі руку. Бліснула лязо нажа. Каця ўскрыкнула, закрыла далонямі твар, прыціснулася да Змітрака.

— Стань на месца! — загадаў Сева настаўніку.— Ты думаў, жартаваць тут з вамі сабраліся?

— Пакажыце... яе,— выдыхнуў настаўнік.

— Лысы!

Заднія дзверцы адчыніліся. Аксана тузалася на сядзенні. Лысы моцна трымаў яе за каўнер курткі. Рукі ў дзяўчынкі былі звязаныя за спінаю, рот таксама закрыты павязкаю, таму яна і не крычала.

— Хутка вы там? — прабурчэў лысы.— Кусаецца, зараза, павязку сцягвае.

— Вар'яты,— збялелы Барыс Рыгоравіч схапіўся за сэрца.— Пачакайце, я зараз... Я ўсё аддам... Што ж вы робіце, чым вы думаеце?.. Хіба ж любыя скарбы варты гэтага?..

— Дурань ты,— пагардліва сказаў Павук,— газет, відаць, не чытаеш, тэлевізара не глядзіш. Жыццё чалавечае цяпер нічога не варта. Знік чалавек — і ніхто не шукае!

— Вас будуць шукаць, і зловяць...

— За што нас лавіць? Мы забіраем карту, адпускаем малую — і ўсё. У міліцыі вам скажуць: «Дзяўчынка жывая­здаровая? Ну і не дурыце нам галавы'» Да таго ж не паспееце вы выбрацца з гэтага поля, як мы будзем на тэрыторыі іншай краіны, у Расеі­матухне, тут праз Барысаў гадзіну язды. А там у нас усё падмазана, падрыхтавана, дакументы ў норме і, можа быць, ужо заўтра шукай нас па ўсёй Еўропе. Ды і шукаць ніхто не будзе, паўтаруся, бо «ў наяўнасці адсутнасць злачынства», як казаў адзін мой знаёмы адвакат.

— Ты забываеш пра галоўнае,— нагадаў Сева, забаўляючыся з нажом,— нам трэба яшчэ забраць скарб, а месца яго пазначана на карце, а карту нам не аддаюць...

— Аддадуць. Вось зараз адпусціць чалавеку сэрца, і ўсё нам аддадуць.

Барыс Рыгоравіч скінуў з пляча рукзак, стаў развязваць матузкі. Рукі ў яго дрыжэлі. Сева адпіхнуў яго, узяўся сам. Мокрыя, туга сцягнутыя матузкі не паддаваліся. Сева вылаяўся і чыркнуў па вузле вострым нажом.

— Толькі не азірайся адразу,— прашаптаў Змітрок Міхалу.— Бачыш, ідуць жытам?..

— Я іх даўно бачу! — гучна сказаў Міхал.

Раздаел 69. НЕЧАКАНАЯ ДАПАМОГА

З-­за машыны, на хаду сцягваючы з пляча стрэльбу, паказаўся дзед Макар, мокры з галавы да ног. Ззаду ледзь паспяваў змораны Чэсь. Хлопчык адразу падаўся да сваіх.

Выгляд у дзеда быў грозны.

— Дзе дзяўчынка?

— Хто гэта яшчэ такі? — Павук здзіўлена зірнуў на Севу.

— Ды дзед наш, мы ў яго начуем, — Сева разагнуўся, трымаючы рукзак за гіч.— Чаго табе трэба, старэча? Чаму на печы не сядзіш?

— Адпусціце дзяўчынку, каху, прыблуды! — дзед Макар ускінуў стрэльбу, прыцэліўся — акурат як тады, калі страляў у сома. — Шрот у мяне буйны, мала нікому не падасца!..