У машыне адчыніліся дзверцы:
— Сева, дай яму даляраў дзесяць, ды хай валіць адсюль! — пачуўся голас лысага.
Дзед крута павярнуўся і паспеў убачыць звязаную Аксану. Сева палез у кішэню курткі:
— На! — дастаў і працягнуў дзеду нейкую купюру.— Цябе тут толькі не хапала, стары корч...
У адказ ляснуў стрэл. Шрот прасвістаў у Севы над галавою. Той ахнуў і запознена прысеў.
— Ты... што?!
— Другі раз вазьму ніжэй,— паабяцаў дзед Макар.
Павук першы апамятаўся, крыкнуў спалохана:
— Барыс, спыні яго! Інакш малой горш будзе!
Настаўнік кінуўся да дзеда, стаў паміж ім і Севаю, растапырыў рукі:
— Што вы робіце, апусціце стрэльбу, тут жа дзеці! Я аддам, усё ім аддам, і яны адпусцяць Аксану... Дзе рукзак?
Сева асцярожна наблізіўся, падаў. Барыс Рыгоравіч сунуў руку ў разрэзаную Севам дзірку, выцягнуў вазу:
— Вось, у ёй план, вы ўсё лёгка знойдзеце, гэта недалёка, пад Барысавам... А цяпер адпусціце дзяўчынку!
— Пачакай, дай сюды,— Павук забраў вазу ў Севы, выкалупнуў пергамент, блізарука пачаў узірацца. І раптам радасна засмяяўся: — Вось яно! Усё тут... Божа мой, нарэшце... новае жыццё, Еўропа, эх, Барыс,— дзеля сваёй мары чаго не зробіш? Усё зробіш!
— Вазу хоць пакінь дзецям,— папрасіў настаўнік.
— Вазу? Гм, сапраўды, гэта было б справядліва... Але не магу — музейны экспанат. Яны сабе яшчэ такую знойдуць, а я пакідаю вам малую — ці ж гэтага мала? Адпускай! — крыкнуў ён і пацёгся да машыны.
Лысы выштурхнуў дзяўчынку. Яна ўпала на калені, войкнула. На твары ў яе ўжо не было павязкі. Настаўнік падбег, дапамог ёй падняцца і развязаў рукі. Аксана аддыхалася, убачыла сяброў, дзеда Макара, вазу і пергамент у руцэ ў Павука... Усё зразумела:
— Не аддавайце, Барыс Рыгоравіч!..
— Хай, усё добра, галоўнае, ты ёсць,— настаўнік пацалаваў яе ў гарачыя шчокі, хутчэй адвёў убок.
— Дзед, апусці жалязяку, усё скончылася,— асмялелы Сева, азіраючыся, сядаў на пярэдняе месца за руль.
— Больш каб я вас тут не бачыў! — дзед Макар праводзіў яго да машыны пад руляю стрэльбы, толькі цяпер апусціў.
— На чорта вы нам больш патрэбны,— рагатнуў Сева.
— Гуд бай, Барыс! — не забыў развітацца Павук.— Чакай паштоўкі з Парыжа. Можаш «настукаць» на нас у міліцыю, расказаць падрабязна пра французскага афіцэра, шчарбатыя талеры, пра заложніцу, пра скарб... Толькі не крыўдуй пасля, калі цябе за вар'ята прымуць!
«Аўдзі» развярнулася, заехаўшы крыху ў жыта, паімчала палявой дарогаю і хутка схавалася ў лесе.
Раптам пачуліся дзіўныя гукі — як бы хто ціхенька ікаў і пры тым шморгаў носам... Гэта плакала Аксана.
— Спалохалася? Што ты, дзяўчынка мая,— прытуліў яе да сябе настаўнік,— ды хіба б я аддаў ім цябе? Ды я хутчэй пад колы лёг бы!..
— Я... не... спалохалася,— усхліпваючы, адказала Аксана.— Скарб... наш скарб... усё дастанецца ім, ніхто іх не зловіць!
— Зловяць! — упэўнена сказаў раптам дзед Макар.— Машына ў іх, прыблудаў, крадзеная, і міліцыя ведае.
— А калі зловяць, дык усё адно не нам дастанецца, міліцыя выкапае каштоўнасці,— выціраючы слёзы, сумна прамовіла Аксана.
Ад гэтых наіўных слоў нібы спала з усіх напруга, нібы адпусціла ўсім нацятыя нервы... Першы рассмяяўся Міхал, гледзячы на яго — Чэсь, а хутка смяяліся ўжо ўсе; гэта была разрадка смехам пасля трывогі, хваляванняў, страху.
— Нічога, не перажывайце, сябры мае! Кожнаму дастанецца сваё,— загадкава прамовіў настаўнік.
Дзед Макар, які дасюль з няўцямным выразам твару слухаў пра ўсе гэтыя «планы», «карты», «скарбы», «золатакаштоўнасці», якія павінны «выкапаць», здалося, толькі цяпер заўважыў раскапаны пень. Падышоў, капнуў зямлю мысам бота, паківаў галавою:
— Трэба ж!.. А я думаў, казачкі гэта... Я ж нават помню, як яшчэ дуб на гэтым месцы рос, як пілавалі яго.
Бегаў па гэтым полі, касіў тут, араў, сеяў, жаў... і хоць бы калі ў галаву прыйшло, што пад гэтым пнём, дурань ты, багацтва тваё ляжыць! Што значыць цёмны, невучоны чалавек!..
Раздзел 70. АПОШНІ, У ЯКІМ, АДНАК, НІЧОГА ЯШЧЭ НЕ КАНЧАЕЦЦА
Праляцеў цэлы месяц.
Час быў вяртацца ў Мінск Барысу Рыгоравічу, бацькі забіралі ў горад Змітрака, паслязаўтра павінны прыехаць па Кацю, якую наперадзе яшчэ чакала дзівоснае падарожжа ў далёкі Егіпет... У Паплавах заставаліся толькі мясцовыя Міхал з Чэсем ды Аксана.
Перад развітаннем у апошні раз сабраліся на сваім пагорку каля будана. Усім было крыху сумна.
— Барыс Рыгоравіч,— сказаў Міхал,— а я тады здагадаўся, што скарба няма, калі вы пазбягалі глядзець нам у вочы... Мы былі мокрыя, натомлёныя, так верылі, што ўсё нездарма,— вось вы і не хацелі нас адразу расчароўваць.