— І ўсё ж несправядліва,— уздыхнула Аксана.— Мы заслужылі скарб.
— І я лічу, несправядліва,— азваўся Барыс Рыгоравіч,— але што зробіш? Прыкрая недарэчнасць!
Чэсь прызнаўся:
— А я і да гэтага часу не ўсё разумею... Ім вы расказвалі, Барыс Рыгоравіч, а мне не.
— Не трэба было хітраваць,— не прамінуў выпадку Міхал.
— На плане француза ўсё было вычарчана выдатна, і я, на вялікі жаль, з першага погляду зразумеў: скарб — tresor пафранцузску — схаваны пры перасячэнні Бярэзіны з рачулкай Плісаю, каля мястэчка Юшкавічы пад Барысавам. Гэта так званы «брандэнбургскі скарб», які знайшлі яшчэ аж у 1896 годзе, калі Міністэрства шляхоў зносін расчышчала і паглыбляла рэчышча Бярэзіны; заадно вяліся пошукавыя работы на месцы колішняй пераправы французаў, а таксама ў бліжэйшых ваколіцах. Было многа каштоўных знаходак, адна з якіх — каваны жалезам драўляны куфэрак, адкапаны на пагорку пад дубамі, акурат там, дзе Пліса ўпадае ў Бярэзіну. Гэтае месца і было пазначана на нашай карце... Дрэва куфэрка згніло, спарахнела, і калі рабочыя пачалі даставаць куфэрак, ён рассыпаўся. У яму і на зямлю каля ямы паляцеліпасыпаліся каштоўныя камяні, каралі, пярсцёнкі, залатыя і срэбныя манеты... Гэта і быў скарб нашага француза АnriВ...nа, іngеnіга.
— А чаму «брандэнбургскі»? — спытаў Чэсь.
— Усе знаходкі былі апісаны, упакаваны і здадзены генералу Брандэнбургскаму, які знарок дзеля гэтага прыбыў сюды з Масквы.
— І як Павук папаўся на такую вуду?! — здзіўлена спытаў Міхал.— Няўжо ён нічога не ведаў пра «брандэнбургскую знаходку»?
— Ведаў, вядома. Але ён заўсёды быў блізарукі, а тады спяшаўся, не было калі разбіраць, з яго хапіла слова tresor.
— Аднак якія яны былі ўпэўненыя, што каштоўнасці ляжаць і толькі чакаюць іх! — пакруціў галавою Зміцер.— Асабліва гэты Павук...
Крадзеную «Аўдзі» затрымалі ў той жа дзень на БярэзінскаБарысаўскай шашы. Праз пару тыдняў Барыса Рыгоравіча з дзедам Макарам выклікалі ў горад як сведак. Барыс Рыгоравіч даў паказанне, што з Павуком некалі разам вучыўся і з тых часоў яны больш не сустракаліся. Што да Севы з лысым, дык ён увогуле першы раз аб такіх чуе (настаўнік з дзедам Макарам дамовіліся маўчаць пра выпадак на полі, каб не ўблытваць ва ўсё гэта дзяцей; тым больш маўчалі аб гэтым Павук з хаўруснікамі). Дзед Макар сваімі простымі адказамі штораз ставіў следчага ў тупік: «Ну, начавалі яны ў мяне, дык за тое грошы плацілі. А што машына крадзеная, на ёй не было напісана». Так нічога следчы ад яго і не дабіўся.
— Мне асабліва вазы шкада, — сказала наіўная Каця. — Такая была прыгожанькая, звонкая, парцалянавая ваза!..
— Нічога, вазу пасля суда перададуць у архіўны музей. Загадчык гістарычнага аддзела цяпер, замест Парыжа, апынецца, відаць, зусім у іншым месцы,— прамовіў Барыс Рыгоравіч, і ў голасе яго не было і крышку зларадства, а наадварот, было нават нібы шкадаванне.— Цяпер вы можаце аддаць у музей і талеры. Будзем хадзіць туды на экскурсіі — напрыклад, я павяду ваш, Каця з Аксанаю, клас, а вы раскажаце ўсім, як «пазнаёміліся» з гэтай вазаю.
— Не павераць,— засумнявалася Каця.
Памаўчалі. Аксана сказала:
— А шкада, што ўсё скончылася і больш няма чаго шукаць. Барыс Рыгоравіч, а праўда, мне неяк бацька гаварыў, што ў адной Беларусі кожны год знаходзяць да дзесяці скарбаў, не лічачы адзінкавых манет?
— Чыстая праўда, — пацвердзіў настаўнік. Затым хітравата прыжмурыўся. — Да прыкладу, тое ж напалеонаўскае войска, адступаючы, вымушана была перыядычна «разгружацца» і хаваць нарабаваныя каштоўнасці. Як мінімум, існуе пяць версій, дзе трэба гэтыя скарбы шукаць. Скрынкі з золатам нібыта закапаны ў царкве ў Коўне — цяпер Каўнас — каля старога замка, чатыры бочкі з золатам — у лесе непадалёку ад Барысава на беразе Бярэзіны, сем бочак золата — пад Беластокам, недзе каля плаціны, што знаходзіцца паміж манастыром і млынам... А як вам такое паданне: на Ашмяншчыне французы нібыта закапалі скарб у лесе, а да дрэва прыбілі падковы. Калі пілавалі ўжо звезены лес, піла натрапіла на адну падкову. Пень знайсці не ўдалося...
— Эх! Трэба было адпілаваць кругляк і шукаць пень па гадавых кольцах! — адразу загарэўся Міхал.
— А ў мяне ў Астраўцы цётка жыве, — сказаў Чэсь.— Гэта блізка ад Ашмянаў.
— А ў мяне ў Гродне дзед з бабаю,— сказала Каця.
— А што, калі і гэты скарб ужо выкапаны? — устрывожылася Аксана. — Таксама крыўдна: мы шукаем па правілах, доўга, а хтосьці адразу знаходзіць!
Усе засмяяліся, акрамя настаўніка.