Выбрать главу

— Сябры мае, вы знайшлі вельмі многа,— сур’ёзна сказаў ён.— Можа, нават больш за самыя багатыя каштоўнасці... Вы знайшлі сяброўства паміж сабою. Вы адчулі подых багатай гісторыі свайго народа, палюбілі свой край. Вы зразумелі, якая каштоўнасць, якое багацце — наша родная мова. Хіба ж гэтага мала, хіба гэта не скарб?

Унізе, пад пагоркам, усё бегла некуды сіняя, як неба, вада Бярэзіны. За ракою зелянеў, раствараўся ў сонечнай смузе далёкі лес. З другога боку стракацеў разнаквеццем поплаў, і ветрык даносіў адтуль духмяны водар летніх красак. Перад настаўнікам з дзецьмі рассцілалася зямля — такая прыгожая, такая шчодрая, такая знаёмая і разам з тым такая загадкавая.

Іхняя зямля. 

АПАВЯДАННІ

РЭПЕТЫЦЫЯ

I

Пад канец трэцяга ўрока дзверы ў шостым «А» класе прачыніліся, зазірнула маладая практыкантка Ліза Сасноўская — яна ж кіраўніца школьнага драмгуртка — і, папрасіўшы ў настаўніка прабачэння, зрабіла аб'яву:

— Каця і Аксана, на перапынку, калі ласка, збіраемся ў актавай зале... Абавязкова, бо прыйдзе сам завуч,— дадала яна, знікаючы.

Празвінеў званок. Удзельніцы драмгуртка Каця Аляшкевіч і Аксана Гамола хуценька збеглі на першы паверх і ўвайшлі ў гулкую актавую залу. Сапраўды, завуч Андрэй Адамавіч ужо сядзеў на адным з крэслаў у першым радзе, перад сцэнаю, трымаючы ў руцэ нейкую паперчыну, і размаўляў з Лізай Сасноўскаю.

— Праходзьце, сядайце! — убачыўшы дзяўчынак, запрасіла Ліза.

— Нічога, мы пастаім...

У гэты момант у дзвярах адзін за адным з'явіліся яшчэ ўдзельнікі — тры хлопчыкі са старэйшых класаў: светлавалосы хударлявы Антон, рэдактар школьнай сцен-газеты, паэт, футбаліст і вялікі выдумшчык; Віця — невысокі, таўсматы, добры (заўсёды дасць спісаць); і Мікола — круглы выдатнік і разам з тым чамусьці надзвычай сарамлівы.

— Усе ў зборы? — спытаў у Сасноўскай завуч.

— Яшчэ павінен быць хлопчык, але захварэў.

— Ну што ж, хопіць і гэтых.

Вучні паўкругам абступілі завуча. Той зірнуў у паперку, пачаў:

— Такая справа... Пазванілі мне толькі што з гарана — так і так, праз тыдзень адбудзецца агляд-конкурс на лепшую пастаноўку сярод школьных драмгурткоў. Умовы... паглядзім умовы. Першая, яна ж галоўная,— каб пастаноўка была арыгінальная. Што азначае прыдуманая або калектыўна, або аўтарам, кім-небудзь з нашых вучняў... Я думаю, такія знойдуцца. Другая — пастаноўка

павінна быць арыгінальная ў прамым значэнні, павінна... так сказаць... розніцца ад сцэнак, што будуць паказаны на аглядзе іншымі школамі.

— Яе трэба напісаць нам самім? — спытаў Антон.

— Вось іменна. Я думаю, гэта павінна быць нешта без цімураўцаў, без чырвоных гальштукаў, без ералашаўскіх школьных анекдоцікаў... Але разам з тым — каб было нешта сучаснае. Без псеўдафальклору, без рознага сюсю-кання, бабаў-ёгаў і кашчэяў. Усё гэта адразу прыходзіць у галаву, і ўсё гэта лёгка могуць прыдумаць і ў іншых школах.

Практыкантка Ліза Сасноўская пераглянулася з вучнямі.

— Можа...

— Можа, нешта нацыянальнае? — перабіў яе завуч.— Каб быў подых гісторыі і разам з тым — павевы сучаснасці? Ну і мараль, само сабою... Гэта абавязкова. Каб кожны знаходзіў у гістарычным сюжэце штосьці сваё, сённяшняе... Дарэчы, ніколі не мог зразумець, чым дзіцячыя творы павінны розніцца ад дарослых. Помню, у восем гадоў прачытаў Гюго «Дзевяноста трэці год», а ў шаснаццаць — «Віцю Малеева ў школе і дома» — і цікава было! Я думаю, дзеці школьнага ўзросту ўсё разумеюць і ўспрымаюць так, як і дарослыя, проста яны часта, каб не крыўдзіць дарослых, падстройваюцца пад іх, робяць выгляд, што ім цікава, як Іван-дурань збіраецца ратаваць царэўну...

— Зразумела, Андрэй Адамавіч,— ізноў сказаў Антон.— Трэба прыдумаць штосьці для дзяцей, але каб цікава было і дарослым.

— Так! Бачу, вам многа тлумачыць не трэба. Мы ўсе тут у прынцыпе дарослыя людзі, чаму я і гавару з вамі як з роўняю... Паўтару толькі: будзе многа калектываў. Па выніках гэтага агляду будуць меркаваць аб культурным узроўні нашай школы ў цэлым. Будзе прымаць сур'ёзная камісія. I тым не менш не сумняваюся, што мы неяк вылучымся, здзівім усіх, спадабаемся...

Ен паглядзеў на гадзіннік.

— Словам, усё зразумела? Рэпеціруйце, выдумляйце, эксперыментуйце... Час ёсць. Актавая зала на гэты тыдзень, што застаўся да агляду,— вашая. Калі спатрэбіцца, магу нават вызваліць вас ад урокаў... не ўсіх, вядома... Фізкультуры там ці працы... Аднак прабачце, я спяшаюся.

Завуч падняўся.

— Пачакайце, Андрэй Адамавіч! — спыніла яго Сасноўская.— Здаецца, у нас ёсць такая сцэнка, пра якую вы казалі. Гэта казка, але ў ёй, здаецца, ёсць усё, што трэба: элементы нацыянальнага, фальклор, пэўная мараль, і яна, здаецца, будзе цікаваю як дзецям, так і дарослым!