— Ліза, вы не зразумелі, народныя казкі...
— Казка не народная, а стылізацыя! Прычым, як мне здаецца, не без таленту. Яе прыдумаў наш Антон.
Ад здзіўлення завуч сеў ізноў на сваё месца, забыўшы, што спяшаўся.
— Антон? Вось гэты? Сам?
— Сам,— пацвердзіла Сасноўская.— Ён увогуле малайчына, усе нашыя сцэнкі — гэта яго работа! Яшчэ вершы піша і нават друкаваўся ў гэтым... як яго... «Першацвеце».
— Сапраўды? — Андрэй Адамавіч раптам нават працягнуў руку, каб пагладзіць Антона па галаве, але спахапіўся і зрабіў выгляд, што хацеў толькі зірнуць на гадзіннік.— Ну што ж, так і быць — паказвайце вашу сцэнку. Праўда, у мяне ўрок вось-вось...
— Ды мы хутка! — узрадавалася Сасноўская.— Толькі фінал! Так, хлопчыкі, давайце касцюмы, дэкарацыі! Аксана, рыхтуй магнітафон!
Хлопчыкі між тым вынеслі з-за кулісаў крэслы, стол, Мікола накрыў яго абрусам. Віця з Антонам устанавілі на сцэне дзве вялікія бутафорскія калоны. Затым дзеці ненадоўга зніклі за кулісамі. За стол, у крэслы селі Антон — у світцы, з прыклеенымі доўгімі вусамі — «пан», і Каця — «пані».
— Пачынаем! — крыкнула Сасноўская, сядаючы побач з завучам.
Аксана пстрыкнула клавішам магнітафона, і загучала чароўная старадаўняя скрыпічная музыка.
3-за кулісаў, нясмела падштурхоўваючы адзін аднаго, паказаліся Мікола з Віцем, пераапранутыя ў мужыкоў. Яны яшчэ здалёк знялі шапкі і, падыходзячы, пачалі нізка кланяцца Антону з Кацяй — «пану» і «пані».
П а н. Значыць, просіце дапамогі? Што ж, так і быць, памагу.
— Каця, рухайся трохі! — умяшалася Сасноўская.— Устань, прайдзіся, зрабі так, што не пан сам дадумваецца, а ты яму падказваеш!
Каця паслухмяна паднялася, абышла стол, штосьці прашаптала на вуха «пану»-Антону. Абое засмяяліся.
Пан. Што ж, быць так, як ты, жоначка, раіш... Памагу, мужычкі, але пры адной умове: калі хваліць мяне не будзеце!
«Мужычкі» паціснулі плячыма, узрадаваныя.
Першы мужык. Што можа быць лягчэй?
Другі мужык. Смешны ты, Пан! Першы раз чалавека бачу, які не любіць, каб яго хвалілі!
Пан. Вось і добра, калі згодныя. Тады сядайце са мною за стол, пакармлю вас спачатку — сама Пані прынясе... Жонка!
«Мужычкі» нясмела сядаюць за стол. Пані выходзіць і прыносіць вялізную міску баршчу і смажаную качку. «Мужычкі» прагна ядуць.
Пан. Ці дагадзіў я вам з абедам, мужычкі?
Першы імкнецца нешта сказаць, другі штурхае яго пад бок.
Другі мужык. Хіба гэта абед? Не мог кожнаму па місцы даць, наліў у адну... Боршч кіслы, качка перасмажаная, сухая... Нябось, сам такое не ясі?
Пан (смеючыся). Добра... Вось табе залаты! А цяпер сядайце вальней, можаце люлькі курыць, а я вам сыграю. Жонка, вынесі скрыпку!
Пані выносіць скрыпку. Пан пачынае іграць — да таго весела, што мужычкі прытупваюць у лад.
П а н. Ці дагадзіў я вам, мужычкі? Ці адпачылі пасля абеду?
I зноў імкнецца нешта сказаць першы мужык, другі яму не дае.
Другі мужык. Які абед, такі і адпачынак! Мой падсвінак у хляве лепш пішчыць, чым ты граеш!..
П а н (і зноў смеючыся). Што ж, на табе другі залаты.
Другі мужык (уваходзячы ў ролю). Усяго? Пры сваіх грашах мог бы і болын даць!
Пан. Магу і больш. Прасіце, колькі вам трэба.
Першы мужык (на гэты раз адштурхнуўшы другога). Ты нас карміў, паіў, сама Пані на стол падавала, люлькі курыць дазволіў, іграў нам, грошай хочаш даць — і за ўсё гэта цябе няможна пахваліць?! Няможна падзякаваць табе?! Не, хай лепш мне нічога не дастанецца, скажу — добры ты чалавек, і дай табе Бог здароўя!
Другі мужык плюецца.
Пан (устае, абдымае першага мужыка). Дзякую на добрым слове, чалавеча!.. Жонка, загадай, каб насыпалі яму поўныя кішэні залатых! А табе (да другога) і двух хопіць. I запомні, братка, не варта быць свіннёю, што б табе за гэта ні абяцалі, а варта заўсёды плаціць людзям тым, чым яны табе: на дабро — дабром!
— Усё,— аб'явіла Сасноўская.— Як, Андрэй Адамавіч? Завуч замест адказу запляскаў у ладкі.
— Цудоўна! Выдатна проста! Ану, пан, падыдзі сюды! Антон, саромеючыся, падышоў бліжэй, за ім і астатнія ўдзельнікі.
— Дай пацісну тваю руку... Можа, я паціскаю руку будучага нашага Андэрсена! Скажы, Антон, гэта ж трэба было неяк прыдумаць? Як ты прыдумаў?
— Як прыдумаў? Ведаеце, ёсць такі мультфільм... Там пра дзяўчынку. Хто пахваліць яе лепш за ўсіх — атрымае вялікую смачную цукерку, памятаеце? Я глядзеў, і мне захацелася зрабіць наадварот: хто не пахваліць лепш за ўсіх...
Андрэй Адамавіч быў уражаны: