Улятае ў хату Антон, ён жа Сын.
Маці. Дзякуй Богу, жывы! А дзе грыбы, дзе кошык? А кашуля хоць цэлая? (Абмацвае кашулю.)
С ы н. Ды цэлая, цэлая. Мама, дай мой кавалачак хлеба, той, што на абед адкладзены!
М а ц і. Нашто табе? Рана яшчэ есці.
С ы н. Дай.
М а ц і. Не дам, пакуль не скажаш нашто. I дзе кошык з грыбамі?
С ы н. Добра, скажу... Толькі пабажыся, што будзеш маўчаць! Мама, я знайшоў у лесе параненага чалавека.
Маці. Божа, прасвятая Багародзіца!.. Бандыта?!
С ы н. Які ён бандыт? Ён па-нашаму, па-беларуску мовіць. Прасіў, каб я прынёс яму паесці і каб нікому не казаў, дзе ён.
Маці. Святы Мікола-заступнік... Гэта ж, мусіць, з тых, што заўчора з маскалямі біліся ў лесе... Ён жывы, кажаш?
С ы н. Вядома, жывы, раз гаворыць.
Маці (мармыча сама сабе). Гэта добра, калі жывы...
С ы н. Давай хутчэй хлеб! Вось, толькі глянь, што ён мне даў... Во — рубель! I казаў, калі памагу, дасць яшчэ столькі, колькі пальцаў на абедзвюх руках!
М а ц і (спрабуе рубель на зуб). Праўда, цэлы рубель! Вось шчасце ў хату! (Кідаецца да стала, рэжа хлеб.) На, вось табе, хлопчык мой... Нясі, нясі яму, сонейка маё... Дык дзе, ты кажаш, ён ляжыць?
С ы н. За Цімохавым логам, у Сухім ляску, як на Замошша ехаць.
Маці. Ага, так, так... Нясі, саколік, толькі сам не з'еш па дарозе!
Сын знікае.
М а ц і. Ёсць жа Бог на небе! Вось і да беднага шчасце прыплыло. Жывы, добра кажа... А людзі расказваюць, што ў той паперцы, якую жандары на сцяну карчмы прычапілі, напісана, што за жывога ажно пяць рублёў даюць, а за мёртвага — толькі тры... Хоць падумаўшы, дык яно і тры рублі грошы. Кароўку, Лысуху нашую, карміцельку выкупілі б, кашулю бацьку справілі б...
— Стоп, стоп, стоп! — пачуўся голас Андрэя Адамавіча.— Усе сюды! Гэта штосьці яшчэ болып не тое...
З-за кулісаў выйшлі Мікола з Віцем, са сцэны спусціліся Антон з Кацяю.
— Гэта што, раман ці гістарычная драма? Нам трэба паказаць элементарную дзіцячую сцэнку — разумееце, усяго толькі сцэнку! А ў вас?.. Вось калі б трэба было прыдумаць нейкую пародыю на гістарычны жанр, гэтае... вашае падышло б сама лепш. Ну, Антон!.. Выдумляльшчык ты, я ўжо бачу, таленавіты, але чаму цябе ўвесь час не ў той бок заносіць?.. Скажы, ты, праўда, друкаваўся ў тым... як яго... «Першацвеце»?
Антон моўчкі кіўнуў.
— Андрэй Адамавіч! — у дзвярах актавай залы з'явілася сакратарка.— Вас да тэлефона, з гарана!
— Адну хвілінку,— Андрэй Адамавіч выйшаў.
— Якой трасцы яму яшчэ трэба? — уздыхнула Каця, сядаючы.
— Можа, паспрабаваць фантастычны сюжэт? — прапанаваў Віця.— Змяшэнне часоў — сучасны школьнік пераносіцца ў гісторыю, удзельнічае ў паўстанні...
— Не,— перабіў Мікола,— лепш хлопчык з гісторыі пераносіцца ў наш час, у сучасную школу...
— Антон, а можа, паспрабаваць сцэнку абсурду? — нясмела сказала Сасноўская. Дзяўчына была яўна разгубленая.
Антон раптам засмяяўся. Усе зірнулі на яго са здзіўленнем.
— Чакайце, здаецца, я яго раскусіў! Зараз мы зробім тое, што яму спадабаецца,— весела аб'явіў Антон.
Ён зрабіў знак, каб усе прысунуліся да яго бліжэй, і пачаў шэптам дзяліцца сваёй задумаю... Неўзабаве вярнуўся Андрэй Адамавіч.
— Ну, вось,— паскардзіўся, падыходзячы.— Званілі з гарана, з камісіі: вырашана скараціць час на падрыхтоўку. Агляд ужо заўтра! А ў нас нічога не гатова... Эх, Антон, Антон... Паспадзяваўся я на цябе. Давядзецца, мабыць, паказваць тую першую вашу казку, хоць гэта і не выйсце, вядома.
— Андрэй Адамавіч, паглядзіце яшчэ адну сцэнку, экспромт! — узмалілася Сасноўская.— Ну, калі ласка! Апошні раз, Андрэй Адамавіч!
— Хіба што апошні раз...— Андрэй Адамавіч прысеў.
— Хлопчыкі, дэкарацыі, хутчэй!
IV
Тая самая хата, тая ж печ; гучыць з магнітафона тая самая шчымлівая музыка жалейкі. На печы ляжыць Антон — Янка — і нібыта іграе на жалейцы, за сталом сядзіць Мікола — Разумны брат — пляце лапці.
Сасноўская (выконваючы ролю Казачніцы). Пра Янку, злога Цмока і Ганку! Жылі былі ў адным царстве два браты, разумны і дурны. Дурны ляжаў на печы і граў на жалейцы, а разумны працаваў. Усё было добра, але панадзіўся, як на тое ліха, лятаць у тую мясцовасць страшны, злы трохгаловы Цмок. I хапаў ён толькі самых прыгожых дзяўчат...