Разумны брат (кідаючыся да акна). Што гэта так пацямнела? Няўжо на дождж збіраецца?
Я н к а. Ды не, гэта зноў Цмок прыляцеў. (Іграе далей
на жалейцы.)
Разумны брат. I праўда, Цмок! Во, назад ляціць,
нячыстая сіла!.. Каго на гэты раз хапнуў?
Чуецца голас Ганкі.
Ганка. Браты мае мілыя, бывайце! Не бачыць мне вас болыы, бо схапіў мяне люты Цмок!..
Разумны брат. Ай-яй, чуеш, Янка? Што ж нам рабіць? Трэба ж неяк ратаваць дзяўчыну!
Сасноўская. Пачаў Разумны брат збірацца на вайну з лютым Цмокам, у даспехі адзеўся, востры меч у рукі ўзяў. А Янка ляжыць на печы і на жалейцы сабе грае.
Я н к а. Ідзі-ідзі, але ведай: не перамагчы табе Цмока. Дарэмна сходзіш. Лепш бы ў полі што зрабіў ці тыя ж лапці даплёў... Цмока толькі я магу адужаць.
Разумны брат. Ляжы ўжо, дурань, на печы! Куды табе з Цмокам лютым ваяваць? Ён цябе ў пыл сатрэ, мокрага месца ад цябе не пакіне! (Выходзіць.)
Янка ляжыць на печы.
Сасноўская. Многа ці мала часу прайшло — але вяртаецца Разумны брат пабіты, кульгаючы, і ні з чым.
Разумны брат (стогне). Ох, пабіў мяне пракляты Цмок трохгаловы!.. I да адной яго галавы не змог падступіцца. Мабыць, так і загіне Ганка на чужой зямельцы!
Я н к а (пазяхаючы). Што ж, давядзецца мне ісці.
Разумны брат. Куды табе ісці?! У цябе і мяча няма! I даспехаў...
Янка. Кашуля, што на мне,— вось мае даспехі. (Лезе пад печ, выцягвае таўкач для бульбы.) А гэта чым не зброя? Сапраўдная булава!
Разумны брат. Дурань ён і ёсць дурань... Шкада мне цябе, усё ж не чужыя! Не хадзіў бы ты, браце, ні за што загінеш! Не перамагчы табе трохгаловага!
Я н к а. Ну, гэта мы яшчэ паглядзім! (Махае таўкачом над галавою.)
Сасноўская. Доўга ці коратка, але ішоў Янка ў царства злога Цмока тры дні і тры ночы...
Пакуль Янка ідзе на адным месцы, Мікола — Разумны брат ставіць у канцы сцэны дэкарацыі ўладанняў Цмока: гэта ўсяго толькі клетка, склееная з кардону. У клетцы — Ганка-Каця.
Ганка. Янка, любы, вызвалі мяне адсюль хутчэй! Янка. Здаецца, я чую голас? Нехта заве на дапамогу! Варта паспяшацца!
На сцэну выбягае трохгаловы Цмок-Віця. Ц м о к. А, вось чыім духам запахла! Што ж, давай сілаю мерацца!
Я н к а. Не хачу я з табой, гадзюкай трохгаловаю, злыднем паганым, лютым, нават і размаўляць! Адпусці лепш Ганку і ўцякай адсюль на ўсе чатыры бакі, бо астанешся без галоў!
Ц м о к. Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш, не лезь папярод бацькі ў пекла, не хвалі сам сябе, пакуль людзі цябе не пахваляць...
— Віця, спыніся! — не вытрымала Сасноўская. Яна ўвесь час закрывала далоняю рот, каб не разрагатацца.
Цмок з Янкам пачынаюць біцца, наскокваюць адзін на аднаго.
Сасноўская. Тры дні і тры ночы біліся яны. На трэці дзень узмахнуў Янка таўкачом — і ў Цмока адна галава з плячэй далоў. Другі раз узмахнуў таўкачом — і другая далоў. А з трэцяга разу — адляцела і трэцяя адразу! Узяў Янка Ганку за руку, вывеў з клеткі, прывёў дадому і сталі яны жыць-пажываць, дзяцей нараджаць, дабро нажываць, і ніхто іх болын не трывожыў!
Антон, Каця, Мікола і Віця сталі ў рад побач з Сасноўскаю. Адклаўшы магнітафон, да іх на сцэну паднялася Аксана. Не спускаючы з завуча вачэй, дзеці па чарзе прадэкламавалі:
А н т о н. Сябры — дарослыя і дзеці!
Мікола. Вось вам маральнасці ўрок!
Віця. Дабро перамагло, загінуў люты Цмок!
А к с а н а (убок). Хоць «нету повестн банальнее на свете»...
Сасноўская. На ўсе часы, для ўсіх узростаў!
К а ц я. Бы пакаленням запавет!
А н т о н. Хоць, можа, прымітыўна ўсё і проста...
А к с а н а (убок). Затое ёсць «фальклор» і ёсць «сюжэт».
— Цудоўна! Выдатна! — завуч быў у захапленні.— Гэта акурат тое, што трэба! Я і не сумняваўся, што ўсё ў нас урэшце атрымаецца,— быць нам на першым месцы! Упэўнены — ніхто больш да такога не дадумаецца!..
Самадзейныя артысты ўздыхнулі, як па камандзе, і пачалі прыбіраць са сцэны дэкарацыі.
Настаўнік даў вучням хатняе заданне — кожнаму намаляваць якуюсь кветку.
Марыйцы спачатку заданне падалося лёгкім. Дзяўчынка добра малявала, да таго ж ведала і любіла мноства самых розных кветак. Ранняй вясной яна любіла дзьмухаўцы і лотаць, улетку — смолкі і валошкі, увосень — вяргіні і астры... Якая ж з гэтых кветак самая прыгожая, самая любімая? За акном цяпер не вясна, не лета і не восень, а сцюдзёная зіма, белыя гурбы снегу, і адзіныя кветкі — тыя, што намаляваў мароз на ваконным шкле. Дзяўчынка думала-выбірала ўвесь вечар і потым, у ложку, засынаючы, таксама думала. Ад гэтага ёй прысніўся сон. Прысніўся заліты сонцам, запоўнены птушыным спевам празрысты летні дзень, поплаў, які нагадваў дарагі стракаты дыван, — столькі на ім было кветак... I калі яна, босая, лёгкая, ступала па гэтым мяккім дыване, кветкі схіляліся да яе і хваліліся кожная сваёй прыгажосцю. Вядома, гэта быў сон, таму кветкі і маглі размаўляць. Галасы іх пераліваліся ціхім журчаннем ручайка, ранішнім жаўруковым спевам, лёгкім пошумам ветрыку, які забаўляецца з маладой лістотаю... Пунсавелі красуні ружы і стараліся прыхаваць пад лісцем свае шыпулькі; звінелі, бы нанізаныя на нітку парцалянавыя званочкі, бялюткія ландышы; выхваляліся адзін перад адным смешныя таўстуны цюльпаны самых розных колераў; надуваліся ад гонару таўсташчокія півоні; разбегліся і застылі па ўсім поплаве бесклапотныя рамонкі; сінелі між імі маўклівыя сціплыя незабудкі, сонтрава і «цвяток» яе, Марыйчынай радзімы — непаўторная валошка...