Марыйка прачнулася. Яшчэ нейкі час у вушах у яе адгалоскам звінелі ціхія крышталёвыя галасы, а перад вачыма стаялі бела-ружовыя зорачкі з жоўтымі пячаткамі пасярэдзіне.
Яна ўжо ведала, якую кветку будзе маляваць.
I
Я з самага дзяцінства марыў пасадзіць хоць якое-небудзь дрэўца. Каб потым ведаць, што яно — маё, каб расці разам з ім, каб патаемна лічыць яго сваім адзіным сябрам ці сяброўкаю.
Смешная, вядома, мара. Дзіцячая. Просценькая. Падумаеш, мара! Хочацца, дык вазьмі і пасадзі. Але справа ў тым, што наша вёска знаходзіцца сярод лесу. Яна ўся акружана дрэвамі. Лес гэты часта гарыць, яго высякаюць цэлымі дзялянкамі, а ён лезе і лезе сабе з зямлі. Яму, відаць, дужа падабаюцца нашы мясціны. Пішу цяпер і раз-пораз пазіраю ў акно: вунь, здаецца, усяго год таму за рэчкаю была голая палянка, парослая толькі кучаравым верасам ды купкамі буякоў, а цяпер — малады, у рост чалавека бярэзнік, а яшчэ праз год, упэўнены, у гэтым гайку можна будзе збіраць грыбы.
У нас кожную вясну высякаюць і выкошваюць шчарбатымі косамі з двароў, агародаў і паплоўчыкаў цэлыя абярэмкі парасткаў-дубцоў. Парасткі ж пускае ўсё, што не лянуецца: слівы, вішні, лаза, асінкі, яблыні, ажыны, бярозы...
I вось уявіце: адпраўляюся я ў канец свайго агарода, выкопваю ліпку ці тую ж бярозку, нясу ў двор і саджаю. Глупства. Ніхто не зразумее. Сябры пачнуць смяяцца. Сусед дзядзька Ігнат зірне пагардліва. Маці насварыцца. Гэта ў кніжцы ці ў тэлевізары прыгожа: дзяўчынка трымае дрэўца, а хлопчык засыпае ямку зямлёю і палівае з якога-небудзь іржавага чайніка вадзічкаю. Прыгожа. Карысна. I дрэўца будзе расці, і хлопчык з дзяўчынкаю, магчыма, пасябруюць і потым, ужо дарослымі, прыйдуць пад цяністую крону і ўспомняць: гэта ж трэба! — дзякуючы такой бяздушнай, шурпатай дзеравяшцы з лісцем уверсе нарадзілася наша незямное каханне!..
Вось пра якія сімпатычныя карціны ў сваім дзяцінстве я мог толькі марыць.
II
I ўсё ж я не здаваўся.
Недзе ў пятым класе, увосень, вяртаючыся са школы, каля чужой, кінутай хаты я трэекаю выкапаў корчык малінніку, прынёс і крадком пасадзіў на мяжы паўз плот, што падзяляў наш двор з дваром дзядзькі Ігната.
Я пасадзіў яго, гэты пракляты корчык, і забыўся. Я нават ні разу не паліў яго вадою. Тым не менш ён прыняўся і разросся. Ваявалі мы з ім люта: касілі, высякалі, выдзіралі, выкопвалі — усё марна. Кожную вясну невядома адкуль з'яўляўся і лез сцяблінкамі ўгару, і слаўся ўюнцом па двух дварах, дабіраючыся ледзь не пад самыя ганкі, малады маліннік. Урэшце здаліся — на палосцы мяжы вынішчаць яго перасталі.
Гэты маліннік расце і цяпер. Ён даўно абагнаў ростам плот, пачуваецца тут па-гаспадарску, але галоўная яго асаблівасць тая, што за ўсе гады ніхто ніколі не бачыў на ім ніводнае ягадкі. Можа, я вывеў якісь рэдкі, незвычайны гатунак?
Хоць гэта не апраўданне, вядома. Ды і якое маліннік (хай сабе і дзівоснага гатунку) дрэва?
III
У восьмым класе я зноў узяўся за сваё.
Неяк увесну пайшоў у лес глядзець, ці ідзе ўжо сок з бяроз, і ўбачыў адзін каля аднаго тры дубкі. Такія роўныя, тоўсценькія. Сантыметраў трыццаць ростам.
«Гэта не маліннік, — подумаў я, — а сур'ёзныя, сапраўдныя дрэвы. Апетыя ў казках, вершах і розных апавяданнях. Дуб-цар, дуб-волат!.. Да таго ж, карысныя дрэвы: улетку будуць даваць цень, і жалуды свінням можна будзе збіраць проста ў двары».
Дубкі ўяўляліся мне трыма роднымі братамі. Я пашкадаваў разлучаць іх, а выкапаў усіх трох і пасадзіў на роўнай адзін ад аднаго адлегласці каля таго ж плота, апанаванага маліннікам. У ямкі пад карані я падклаў гною, паліў дрэўцы і пайшоў на выган гуляць у футбол.
Увечары, вярнуўшыся, адразу кінуўся да дубкоў і ўбачыў на іх месцах толькі прытаптаныя ботам латкі свежай зямлі. У сваім двары, абапёршыся на плот, глядзеў на мяне і курыў дзядзька Ігнат.
— Тут жа на абодва двары сонца ніколі не гляне, калі яны вырастуць, — адказаў ён на маё маўклівае запытанне. — Чым ты думаў? Ты бачыў, што пасадзіў іх пад самай высакавольтнай лініяй? Яны ж будуць расці і электраправады рваць (ён так і сказаў «электраправады»). Іх жа ніводзін гром не прапусціць, ніводная маланка не праміне! Ты ведаеш, якія ў іх карані? Яны ж да градаў дабяруцца, да сотак, будуць сокі цягнуць!