Але Шаўцоў-Бузук не слухаў іх. Ён ведаў, што ў іх кажа зайздрасць. Тут, у гэтых сценах, ствараліся вобразы, сюжэты, ажывалі выдуманыя людзі! Ён гатовы быў працаваць бясплатна.
Балкон зрабілі як ляльку. Прабілі шырокі люк, лесвічка з парэнчамі, унізе палічкі, шафкі, святло - бамбасховішча, хоць жыві тут. Пісьменнік, пакуль рабілі, тлумачыў, чаму добра, што першы паверх - і да зямлі бліжэй, і з ліфтам не праблема, і вось падвал; а краты лёгка высоўваюцца са штыроў, здымаюцца - калі пажар, выскачыш. Ён быў не дурны, нягледзячы на маладосць, практычны, гэты пісьменнік. Калі ўсё было зроблена, ён захацеў з імі пагаварыць. Накрыў шчодры стол, многа заплаціў, не скупіўся. Мужчыны адтаялі ад такой шчодрасці, пачалі з павагаю цікавіцца, адкуль бярэцца талент і чаму адным дадзена, а іншым - цэглу цягай.
Пісьменніка цешыла ўвага. Чалавек шчыры, гаваркі, можа, і асцярожны са сваім братам-літаратарам, а тут, з будаўнікамі, даў сабе волю, расказваў як ёсць.
- Ёсць “рыба”. Схема. Макет. Усё дазіравана: колькасць дыялогаў, забойстваў, палавых актаў, апісанняў прыроды. Трэба толькі запоўніць, як у сканвордзе, пустыя клетачкі неабходнымі словамі. Не абы-якімі, не ад сябе, а менавіта ў залежнасці ад капрызу заказчыка. Калі раман пра пошукі скарбу - золата пабольш, калі пра каханне - гэтага дабра давай...
- А хто вам заказвае тэмы? - спытаў Шаўцоў-Бузук, які лавіў кожнае яго слова.
- Ёсць каму. Расія вялікая. Я звычайна пішу два, а то і тры варыянты,
- разгаварыўся пісьменнік, не бачачы ў будаўніках канкурэнтаў. - Першы варыянт: аптымізм, поспех, станоўчы герой... Другі варыянт - тое самае, толькі наадварот: фемінізм, лесбі, наркотыкі, дыктатарства, тыранія... А то і трэці - містыка і фальклор... Даеш кожнаму варыянту розныя назвы, падпісваеш рознымі прозвішчамі, лепш за ўсё жаночымі - і ў добры шлях! Дзе-небудзь ды спрацуе. Справа ў тым, што літаратура, як заўсёды, дзеліцца на лагеры, і адзін лагер ніколі не чытае другога.
- А калі... прачытаюць? - спытаў Шаўцоў-Бузук.
- Я ж не капірую.
Пісьменнік так і сыпаў прафесійнымі тэрмінамі. Для яго гэтыя дыялогі, рыба, акты, сюжэты, кульмінацыі, хэпі-энды былі такімі ж звыклымі словамі, як для Шаўцова-Бузука з калегамі - цэгла, апалубка, кельма...
- Цяпер мода пісаць па-беларуску, - расказваў пісьменнік. - Я намахаю па-руску, знайду якую школьніцу, яна перакладзе...
Слухалі, раты разявіўшы. Якіх толькі дзівосаў не бывае на свеце!
- Во жывуць людзі...
- Хто на што вучыўся...
На развітанне пісьменнік падараваў кожнаму па кнізе.
Шаўцоў-Бузук набраўся смеласці і спытаў, ці можна прыйсці ў бліжэйшыя выхадныя, бо яшчэ заставаліся сякія-такія недаробкі, драбяза розная, і варта было б падправіць, падчысціць, падцягнуць; цвік дабіць, па няроўнасцях наждачкай прайсціся, цагліну выпнутую падправіць... “Не за грошы, вы не падумайце, бясплатна!” - хутка дадаў ён, баючыся, што пісьменнік адмовіць. Але той сказаў: “Пахвальна. Канечне, прыходзьце. І не за бясплатна!”
Дома Шаўцоў-Бузук адразу кінуўся чытаць кнігу. І адразу ўбачыў, што гэта звычайная вада, разбаўленая дыялогамі глухога і сляпога. Вось цэлы раздзел чалавек падымаецца па лесвіцы. “Здравствуйте”. - “Здравствуйте...”
Пісьменнік пісаў пра мора, горы, яхты, вілы, лімузіны, саўны, пра дзевак з дзеўкамі і хлопцаў з дзеўкамі, і хлопцаў з хлопцамі.
Шаўцоў-Бузук не хацеў быць на месцы герояў. Яму хапала проста ляжаць і чытаць. Не кніга яму падабалася, не раскоша, а свабода чалавека, гэтага канкрэтнага маладога ўпэўненага пісьменніка, яго магчымасць распараджацца сваім вольным часам.
Асабістае знаёмства з пісьменнікам змяніла ягонае стаўленне да сучаснай літаратуры. А можа, я проста не дарос? - думаў ён, пагладжваючы вокладку. Можа, літаратура, як тэхніка, таксама развіваецца. І не можа ж чарговая, найноўшая мадэль аўтамабіля быць горшай за папярэднюю - наадварот, усё толькі ў бок паляпшэння; так і літаратура - не магла ж кніга, напісаная ў 21 стагоддзі, быць горшаю за напісаную ў 20-м, тым больш у 19-м...
Шаўцоў-Бузук падкрэсліў некаторыя сказы, якія спадабаліся яму.
“Я не прашу - я прыходжу і бяру”.
“Я іду толькі ўперад, назад не паварочваю”.
У выхадныя ён ужо стаяў каля пад’езда пісьменніка, ціснуў на кнопку дамафона. Пісьменнік, прапускаючы яго, здзівіўся.