Выбрать главу

- Я думаў, вы сказалі і забыліся. Звычайна ў нас так робіцца.

Шаўцоў-Бузук усё абгледзеў, падправіў, падбіў, падчысціў... Выпэцкаў-

ся. Потым, за сталом, Шаўцоў-Бузук насмеліўся і спытаў пра тое, што найбольш цікавіла яго: як гэта раней чалавек жыццё не шкадаваў на адзін раман, а цяпер...

На гэты раз пісьменнік быў яшчэ больш адкрыты:

- Вам адказаць як на чытацкім выступленні ці шчыра?

- Шчыра...

- Вы думаеце, я не ведаю, якое гэ з сябе выпускаю? Хіба мне не хочацца патраціць год на малюсенькае, з камарыны нос апавяданне, але каб яно было сапраўднае? Ды нельга! Тут ужо справа не ў якасці, а ў колькасці: чым больш ты выдаеш, тым больш ты лічышся паспяховым, а толькі спыніўся - выпадаеш з абоймы, і месца тваё займае іншы... Барацьба за выжыванне, памножаная на поспех, як і ў любой іншай справе, як і ў вашай будаўніцкай.

Шаўцоў-Бузук, памуляўшыся, спытаў:

- Вы курыце?

- Не, кінуў. Падлічыў, што пакуль цыгарэта выкурваецца, я дзве старонкі намахаю.

- Можна... калі-небудзь... прыходзіць да вас? Кнігу новую купіць...

- Не можна - трэба. І не купіць, а бясплатна падпішу.

IV.

Настала вясна - гарадская, непрыгожая, няўцямная, з тоўстымі, набрынялымі вадой жоўта-белымі акуркамі на газонах. З-пад снегу выступалі кучкі сабачых экскрэментаў.

І разам з гэтай вясной усе балячкі абвастрыліся. Быў выхадны, субота. Шаўцоў-Бузук клыпаў па вуліцы, як булгакаўскі сабака. У целе адчувалася такая ўтома - ад усяго, нават ад жыцця. Кожны крок адзываўся болем у скручанай спіне.

Ігар сарваўся з кадзіроўкі - значыць, зноў будзе біць Свету. Ён, Шаўцоў- Бузук, заступіцца і атрымае па поўнай. У панядзелак у паліклініку ісці па бальнічны, з фінгаламі...

Ён паныла думаў пра чэргі ў паліклініцы, грубасць дактароў, пра тое, што бальнічны, калі пашэнціць яго атрымаць, будзе максімум дзён на 10. А яму не 10 дзён - год спакойнага жыцця трэба, хаця б месяц, не паправіцца ён за 10 дзён.

Але галоўнае нават не гэта. Ну, а калі б не было Ігара, і паліклінікі, і спіны скручанай, будзь Шаўцоў-Бузук здаровы - гэта што, жыццё? Ізноў бегчы да васьмі раніцы на абрыдлую будоўлю, і так беспрасвету.

На слупе каля перахода бялеў свежы лісток паперы. Абвестка, прыклееная скотчам: “Тэрмінова патрабуецца майстар па рамонту абутку! Камфортныя ўмовы... Зарплата высокая, сацыяльны пакет, ільготы, дадатковы адпачынак, прэміяльныя ў залежнасці ад колькасці заказаў і спрыту майстра. Тэлефоны: вэлком... мтс... лайф...”

Прачытаў механічна - аднак неяк запала ў душу: слупкі тэлефонных нумароў-лічбаў...

Шаўцоў-Бузук перайшоў вуліцу - і на другім слупе такая ж белая абвестка. Тут раптам сэрца забілася. Асабліва ад слоў “камфортныя ўмовы працы”. А што, калі гэта знак? Шанец? Адсядзеў змену ў цяпле - галоўнае, цяпло! камфортныя ўмовы! Канечне, знак - і да бабкі хадзіць не трэба. І прозвішча ў яго якое?

У Шаўцова-Бузука і так сэрца стукала, а тут мала таго - фантазіі раз­гулялся! Вочы загарэліся! Думкі пайшлі такія, што спалохацца можна. Напрыклад, ну што значыць уся класіка, якую ён чытаў і слухаў, у параўнанні з гэтай абвесткай? Ну, які сэнс жыцця? Ну, не шукаюць больш Бога, не чытаюць паэзіі, не кранае яна... Два радкі папсы замяняюць усю вялікую паэзію, і як замяняюць! Жывуць людзі, як і жылі, ведаюць нешта... Састарэла класіка, пракісла віно, прагнілі мяхі... Усе шукаюць вось гэтага: сацыяльны пакет, камфортныя ўмовы - і класікі не трэба, вось табе гатовы адказ на вечныя пытанні!

А раптам? Бог не выдасць - свіння не з’есць, як сказаў бы Ігар.

Ад хвалявання ў Шаўцова-Бузука нават боль у спіне сцішыўся. Не марнуючы часу - каб не перахапілі вакансію, ён набраў нумар. Праз шум - так, трэба людзі, прыязджайце. Блізка, знаёмае атэлье, колькі разоў праходзіў побач, зазіраў у вокны, а там светла, утульна... Ніколі б не падумаў, што знойдзецца там і яму месцейка, мо хоць пад старасць шчасце прываліць.

Пакуль ішоў - прычым, стараўся подбегам - уяўлялася: пачнецца новае жыццё, у цяпле, ну, лёгкі працоўны шум, цвічкі ў абцасы ўганяеш... “Скажу, вопыт маю, толькі практыкі малавата, цяпер часы мяняюцца, трэба павучыцца!” - “Калі ласка, - адкажуць, - гэта нават абавязкова - выпрабавальны тэрмін, новая тэхналогія, прыглядайцеся, вучыцеся, вось вам майстар... ”

Быў якраз канец працоўнага дня. Шаўцоў-Бузук адразу зразумеў, што замест рая патрапіў у пекла. Стук, грук, шум, гам, тачылы гудуць... А асабліва клей - ох, гэты пах! Ён ад аднаго клею “паехаў”.

Майстар акурат надзяваў куртку:

- Зачыняемся, дзядзька. Што табе?

- Нічога, - адказаў Шаўцоў-Бузук і, павярнуўшыся, каб ісці, нечакана для сябе церануў рукою па вачах. Майстар заўважыў гэта. Ён дагнаў Шаўцова-Бузука. Пайшлі побач, пазнаёміліся. Майстра звалі Міхеевіч. Завярнулі ў блізкую, адразу каля атэлье, піўную. У піўной Шаўцоў-Бузук прызнаўся пра спіну, пра сацыяльны пакет... Пра тое, што не дацягне да пенсіі.