- Ну, пра пакет забудзь, - сказаў Міхеевіч. - Пра камфортныя ўмовы таксама. Але сёе-тое зрабіць можна. Шкада мне цябе. Ну хочаш, я з загадчыцай пагавару, прыбіральшчыкам цябе возьмем.
У Шаўцова-Бузука ад таксічнага паху клея, ад піва, а яшчэ больш ад чалавечай увагі сэрца ўзыграла.
- Не. Я ўжо бачу. Тут ад аднаго клея адурнееш. Увогуле, я не прашу -я прыходжу і бяру, - значна сказаў ён.
- Вось як, - пасміхнуўся Міхеевіч. - Чым жа мне табе памагчы?
- У вас ёсць унукі?
- Унучка, у 10 класе.
- Тады паможаце, - загадкава адказаў Шаўцоў-Бузук. Ён ужо ведаў, што рабіць.
Ён вярнуўся дамоў, прайшоў у свой пакой. Чуў, як Ігар скандаліў, Света плакала - ён нават не высунуў носа.
На раніцу ён панёс заяву на звальненне. І калі выйшаў з аддзела кадраў з працоўнай кніжкай, уздыхнуў, расправіў плечы... Жыццё вакол! Вярнуўся і - адразу за ноўт-бук.
Так Шаўцоў-Бузук пачаў пісаць раман. Гэта раней было складана, а цяпер - набяры ў пошукавіку “як напісаць раман” - і табе выскачыць падрабязная інструкцыя, цяпер ты і шавец, і кравец, і на дудзе ігрэц.
Шаўцову-Бузуку спадабалася, што дзяржава чакае ад пісьменнікаў твораў, якія б спрыялі выхаванню грамадзян сваёй краіны і вучылі патрыятызму, што чакаецца твор “светлы, бадзёры, з аптымістычным героем, на якога хацелася быць бы падобным”. Шаўцоў-Бузук і пачаў пісаць так, як ім хочацца. Спачатку блыталіся ў клавіятуры тоўстыя, заскарузлыя пальцы, але потым навучыўся дзюбаць двума ўказальнымі - і пайшло.
Раман. Пра пагранічніка.
1) Патрыятызм на рускай мове.
2) Нацыянальнае - дзеянне ў Беларусі.
3) Герой - мытнік. Сям’я. Каханне ў сям’і прысутнічае, але любоў да ўлады і да айчыны - “Белоруссии” - мацней. Герой сурова выконваў свой абавязак па абароне дзяржаўнай граніцы. Ён выкрываў кантрабанду, правоз нелегалаў, наркотыкаў. Хабар давалі - ён з гонарам не браў. Вечарам, стомлены, але чэсны, вяртаўся ў сям’ю. Выхадныя - дача, шашлыкі на беразе возера, дзе папутна герой займаецца добрымі справамі: выратоўвае дзяўчынку, якая далёка заплыла і ледзь не ўтапілася, чытае шумнай моладзі лекцыю пра ахову прыроды, і тыя, прысаромленыя, прыбіраюць за сабою пустыя пляшкі і недакуркі. Клопат пяшчотны пра састарэлых бацькоў, ён ім купляе лекі і мерае ціск. Любаванне прыгажосцю родных асін і бяроз.
4) Дэтэктыўнае. Укралі дачку, падкінулі грошы, дачку гераічна вызвалілі, грошы аказаліся фальшывыя.
5) Містычна-фальклорнае. Украдзеную дачку трымалі ў вясковай хаце, у старой глухой бабулі, якая казала “авось, нябось, чагось”, да каровы якой прыпаўзаў вуж (Змяіны Цар) і смактаў вымя.
6) Спакушэнне героя маладой хцівай хаўрусніцай бандытаў, якую ён з абурэннем адвяргае.
7) Мора разліванае, цэлыя старонкі дыялогаў “глухога са сляпым”: - “Прошу вас следовать за мной”. - “За вами?” - “Да, именно за мной...”
8) Аптымізм, станоўчасць ва ўсім - каб героі не хварэлі, не паміралі, не сумавалі. Пахмурнае надвор’е не апісваць, а толькі сонечнае, фарбы выбіраць свежыя, як ружы, якія кожны вечар прыносіць герой каханай жонцы.
Шаўцоў-Бузук працаваў, як апантаны, нават пакурыць на балкон не выходзіў. Гэтыя змены ў яго паводзінах так уразілі Ігара, што ён не чапляўся да суседа і не біў яго.
Праз месяц дзвесце дваццаць старонак, як лёду, былі гатовыя. Раздрукаваныя. Унучка Міхеевіча, з якім Шаўцоў-Бузук пасябраваў, выправіла граматычныя памылкі, заадно крышку - стыль. І Шаўцоў-Бузук, хвалюючыся, панёс твор пісьменніку.
Пісьменнік пакруціў у руках папку, чамусьці ўзважыў яе на далоні. І... аддаў назад.
- Ды вы хоць пачытайце першы радок! - узмаліўся Шаўцоў-Бузук.
- Не хачу. Чаму гэта вам прыйшло ў галаву? Паглядзелі, як я жыву? Пазайздросцілі? Самому так захацелася?
- Не! - прыціснуў руку да сэрца Шаўцоў-Бузук. - У інтэрнэце пішуць... конкурсы... патрыятызм...
- А, вы начыталіся, што ў нас няма сваёй “Ціхай Прыпяці”? - насмешліва казаў пісьменнік, для якога гэтыя пытанні даўно былі вырашаны. - Няма, бо не трэба. А як толькі спатрэбяцца - так і з’явяцца, паверце. А пакуль усё гэта глупства. Састарэла, калега! Усё састарэла. І “Ціхая Прыпяць”, і мова, і патрыятызм, і Еўропа, і... - пісьменнік сказаў у рыфму Еўропе.
Яго словы дабівалі няшчаснага Шаўцова-Бузука. Ён ужо бачыў, што пацярпеў поўны крах. Прыніжаны, з папкай пад пахаю, ён толькі думаў: зноў будоўля! Як вяртацца? З такім гонарам звальняўся... Ды і не зможа, фізічна не зможа ён больш працаваць! Камісію не пройдзе!
Пісьменнік уважліва, акурат як Міхеевіч, паглядзеў на яго. Усё прачытаў на ім. Спытаў без іроніі, іншым, чалавечым голасам: