1988
МАНАЛОГ КАЗІМІРА ЛЫШЧЫНСКАГА
Я прысак. Тлен. Унежывелы попел.
Хто ў ім пазнае брэсцкага падсудка?
Я толькі цёмны попел. Тлену грудка.
Няма нічога, кром жыцця і смерці.
Я мёртвы ўжо. Не бойцеся мяне.
Мне ўжо ўсё роўна, міг ці веіс міне.
Больш не баляць мне спечаныя вусны.
Не вырвецца нечалавечы крык
Так, як тады, як кат мне рваў язык.
Больш не пякуць абвугленыя рукі
Так, як тады, як пажыраў агонь
У іх высновы роздуму майго.
Лаёлы служкі, вы пасатанелі:
Зраўняны ўжо і Лышчыцы з зямлёй —
А вас жахае нават попел мой!
Глядзіць у бок Тартарыі гармата:
I прысак мой адстрэліце туды.
Мне ўсё адно. Ні мукі. Ні жуды.
Багі ў Тартар нізрыньвалі тытанаў.
Выходзіць, не зусім нікчэмства я,
Калі туды дарога і мая?
О хлусы, крывадушнікі «святыя»,
Не верыце ж ні ў рай, ні ў пекла вы —
Ды выгадна ў ярме трымаць жывых!
Што, Сімяоне з Полацка, ты скажаш,
Як дападзе й да царавых палат
І ад майго кастра нясцерпны чад?
Паўторыш зноў, што ганьба, «егда можем,
Але не хошем знатн»? Сцвердзіш зноў
Навуку — як аснову ўсіх асноў?..
Што я адстайваў? Права быць сабою.
Свабодна мысліць. Ісціну шукаць.
Пра ўсё свабодна ўголас меркаваць.
Што я набыў? Расправу па даносу:
Сэрвета, Бруна ды Ваніні лёс.
У нас не ісціна ў цане, — данос!
Няма ў прыродзе слепага выпадку.
Заканамерна глумства на зямлі,
Як плодзяць глумства нават каралі.
Хіба даўно Ян Казімір Нячая
За здраду мог у золаце купаць,
Каб толькі Белай Руссю ўспанаваць?
Але ж кароль — зямны намеснік Бога!
Хіба Гасподзь сцярпець бы гэта змог,
Калі б ён існаваў на свеце — Бог?!
Ды ён тут ні за што ўжо не карае.
Бо мерай усяго ёсць чалавек:
Сам вершыць суд, сам творыць цуд і здзек.
Хіба даўно вялікі гетман Кішка
«Всех белорусцев с сущими младенцы»
Намерываўся «высечь» — да каленца?!
Маўляў, не ўзносся, отчыч, над васалам,
Не выяўляй, халопе, нораў свой, —
За волю, веды плацяць галавой!..
Папраўдзе, Сімяоне, «ложь господствует,
Попрася благость, злоба торжествует».
А мы жывем, адно пакуль зямнугм.
Чым меней праўды, тым гусцейшы морак.
Уладам гэта толькі на руку —
Трымаць люд паспаліты ў каўпаку.
Усё жывы закон Старога Рыма:
Што не здавольвае валадара —
Бясследна знішчыць, нематой скараць!
Праследуеце нават попел, попел
Таго, хто не адрокся й на судзе,
Што — ад матэрыі жыццё ідзе.
I што Зямля — не боскі цэнтр Сусвету,
Што так, як Сонца, Месяц, і яна
З прычын рэальных існуе здаўна.
Няма нічога, кром жыцця і смерці.
Мне ўжо ўсё роўна, міг ці век міне.
Шлях праўды не закончыцца на мне.
Я тлен. Заўчасны попел. Багасловы!
О, вам і попел гэты — што чума,
Бо цвердзіць:
Бога — вашага — няма!
1987
* * *
Не можа быць, каб ты не адазваўся,
Не можа быць, каб помніць перастаў,
Калі ў жыццё маё так уварваўся, —
Не памяццю — маёй крывёю стаў.
Ці б нашы адзіноты нас звялі,
Каб мы несумяшчальныя былі?
О, свет не аднаго так загубіў!..
Не можа быць, каб ты мяне забыў.
1985
ПРЫЗВАННЕ
Як цяжка гардыню зміраць у сабе,
Як важна адолець ў такой барацьбе –
Ахвярна служыць найшчырэйшаму другу,
А не прагнуць ягонай ахвярнай паслугі,
І бачыць у гэтым не ахвяраванне,
А прызванне!..