НЕЗАМГЛЁНАСЦЬ
Чаго жадаць яшчэ,
Калі ўжо чую,
Як праз абрынуты ў цямнечу горад,
Праз кудасу свірэпую начную
Ты прабіваешся на
Аднаму табе відочны
Гарачы вогнік
Майго чакання!
…І вось –
Дазвання
Ноч змільгвае ў размове вусны ў вусны,
А ў дня
Такія незамглёныя,
Амытыя пяшчотай
Нашы вочы…
Чаго жадаць яшчэ?!
ДАРОЖНАЕ. ПА СВЯЦЕ ПАЭЗІІ Ў КРОШЫНЕ
Паварот адзін, другі, шчэ трошкі —
I схаваўся між палёў-лугоў
Задуменна вераснёвы Крошын
З самавітай люднасцю яго.
Крошын той, што тут завуць Крашынам,
Шчэ куточак роднае зямлі,
Дзе ліхота лёс людскі крышыла,
Дзе ліхоту людзі амаглі.
Дзе суровай праўдаю нямрушчай
Павявае нават ад кладоў,
Што народнай памяці не струшыць
Коламі няцямства і гадоў.
Дзе, каб душы памаразь не ўкрыла,
Злётвае даверліва да рук
З жырандолі Паўлюка Багрыма
Чорны ад зажытага жаўрук.
...Цёмная дарога ў даль збягае,
Над дарогай — зорнае шыццё,
Побач — ты, каб знала я, — о, знаю! —
Што такое шчасце і жыццё.
1985
СТРОМА
Я ўжо ў цябе ўрасла.
Мы ўжо зрасліся.
Гады спатрэбіліся,
Доўгія гады,
Каб зразумець, што дзвюм істотам
З адзіным сэрцам і кровазваротам
Жахліва быць у паасобку,
Немажліва.
Сыходзяць леты.
Усё вышэе строма шчасця нашага,
Якая ўзносіць нас.
I пахавае.
1987
* * *
Умее Час, вялікі дабрадзей,
З канвы нічога не пусціць на глум.
Мая пара спяванак, мук, надзей
Перарасла ў пару маўклівых дум.
Не злуй і ўпотай не раўнуй, калі
Маёй любові гімны не гучаць.
Нам безвыходства ўжо не так баліць.
Ужо лягчэй мне... Хочацца маўчаць.
1988
ЖАВАРАНКІ ПЯШЧОТЫ
«Птушанятка маё дарагое...» —
Сказаў ты
На ранішняе павітанне
З далёкай далечы, —
I трох гэтых слоўкаў хапіла,
Каб, насуперак слоце,
Насамотнены кут мой
Дзень цэлы
Быў узіхочаны сонцам,
Каб у небе кожнай крывінкі маёй
Неўціхана спявалі
Жаваранкі пяшчоты.
Кахаю цябе.
1987
СВІТАННЕ
Няўжо быў морак і грымоты? —
Блакіт прасушвае крыло.
I ты са мной —
сама пяшчота,
I ты са мной —
само святло.
Сачу здзіўлёна, як світае,
Як соладка ўва мне трымціць
Танюсенькая, залатая
Жаварановачкава ніць.
Сама з сабою шчэ не ў згодзе:
Было ўжо добра й пры сычах...
Нашто мне сонца, што ўзыходзіць
З-за ўтульнага твайго пляча?
Ці выдужаю шчэ раз потым,
Як вызірне і ў гэтым тло?
А ты са мной — сама пяшчота,
А ты са мной — само святло...
1987
У ВЕРАСНЁВЫМ ПОЛІ
Нам добра тут, у гэтым голым полі,
Дзе на рудой пакошы незнарок
Яшчэ ўбярог сваё рудое полымца
Неспадзяваны васілёк.
Нам добра тут, хоць рэзкі ходзіць вецер —
Ды ў неба шчэ багата глыбіні,
I сонца шчэ з-за хмар імклівых свеціць нам
I не шкадуе цеплыні.
З такой лагодай, гойна і няўтомна
Прасцяг да сэрца нас хіне свайго.
I так выразна бачыцца нам, хто мы ёсць
Адзін для аднаго...
1987
НЕ ДАЙМАСЯ
Прытульныя, ўсеачышчальныя,
усёзагойлівыя воды
Нашай любасці!..
Непараўнаная ні з чым,
Адзіная такая,
I такая ўсеагульная, —
Не драбяза,
Не драбяза яна пад зорамі,
Дзе ўжо блукае прывід «зорных войнаў».
Бо што ж яшчэ тут
Здольна з мораку выводзіць,
Калі не распрамененыя сэрцы?