Выбрать главу
Не даймася ж руйноце Ачужання!
Хай будзе шчаслівейшы свет, Хай будзе ён трывалейшы I намі!
1985
* * *
Усё было: і сон, і парыванне, Высокі ўзлёт, і марнасці сіло, I нараканне, і самаз'яднанне. Нянавісці ніколі не было.
Нас не заўжды дастойна і цярпліва Да разумення пачуццё вяло. Так часта я была несправядлівай. Нянавісці ніколі не было.
У заўчарашніх буднях надламала Наступнасць наша светлае крыло. Ты быў слабым, я жорсткім называла. Нянавісці ніколі не было.
Агледжваемся — і як на далоні: Далося ўсё, што дацца нам магло У найжаданым любасці прыгоне. Нянавісці ніколі не было.
1988
ПАКУЛЬ ГЛЯДЗІШ НА БЕЛЫ СВЕТ
Крый бог здранцвення, што жыццё — мінае, Бо ўсё, чаго для шчасця не хапае, Пазбавіцца гвалтоўна нематы — I заскавыча, і залямантуе, I ўсе пачуцці гэтак раздратуе, Што без пары ў труну захочаш ты!
Пакуль на белы свет глядзіш вачыма, Павер сабе: ўсё адалець магчыма, Але, як вока, беражы святло, Каб тое, што цябе тут абмінала, У чалавеку болей дасканалым На долю промнем радасным лягло.
1988
ПРОСЬБА
Як Васіліса, у рукаў Зноў восень сонейка хавае. Не абвыкай, не абвыкай, Што я твая, што я кахаю.
Усё так крохка на зямлі: Было, няма, ёсць — ды другое, Што свет у стане наталіць Даскочу нас хіба тугою.
I сум, і хараство, што мы Не здавальняемся здабытым, Што лебядзінымі крылмі Зазыўна далі перамыты!
Як Васіліса, з рукаўя Пяшчота смутак выпускае: Не абвыкай, што я твая, Не абвыкай, што я кахаю.
1985
АДЗІНЫ
Калі сэрца канае ад смагі У пустынях людской мітусні, Ты не зыч мне жаданай увагі, А любоўю сваёй ахіні. Не спатрэбяцца іншыя лекі, Боль сунімецца, роспач міне, Бо навекі, навекі, навекі Ты адзіны, адзіны ў мяне.
Болей зло, чым дабро, тут вярстуе Цёмны шлях чалавецтва, круты. Свет адно хараство і ратуе, Бо й мяне выратоўваеш — ты. Не спатрэбяцца іншыя лекі, Боль сунімецца, роспач міне, Бо навекі, навекі, навекі Ты адзіны, адзіны ў мяне.
1988
ДВА АДКАЗЫ
- Скажы, каханне, адкажы, Што дорага табе найболей?
- Годнасць і воля.
- Скажы, каханне, адкажы, Дзе смерць твая, тваё крушэнне?
- У прыніжэнні.
1987
З-ЗА РЭЧКІ, З-ЗА ГАЮ
За лугам зялёным, за сонечным гаем, За рэчкай задумнай, за борам панурым I наша захопленасць, і прысяганні, I рэўнасці роспачнай злыя віхуры.
А ўсё — ці далёка? А ўсё — ці не ў сэрцы, Што тахкае, тахкае струджана ў грудзях? Яшчэ раз... яшчэ раз... Як блізка ля смерці, Гуляючы ў жмуркі, паходжваюць людзі...
А свет гэткі гожы і вабны наўкола, Да шчэму жаданы для кожнай істоты!.. Калі не руку, падавай мне хоць голас — З-за рэчкі, з-за гаю, з-за нашай маркоты...
1988
МЕЛОДЫЙКА
Памру — забудуць хутка. Не змагла Тут вартага зрабіць я анічога, Хоць і выпальвала душу датла Пакутай за сябе і за другога. А што пакіну? Толькі жменьку слоў, Мелодыйку любові і змагання За ўсё, што выбаўляе з кайданоў Абездухоўленага працвітання.
Ляці, мая мелодыйка, ляці! Будзі сінічкаю дрымучасць неба, Калі мне не хлусілі пры жыцці, Што нехта меў тут і ў табе патрэбу...